Асцярожна! Зноў міны!
Не паспеў у друку з’явіцца матэрыял «Небяспечная знаходка», у якім гаворка ішла пра мінамётныя снарады, якія знайшлі на вуліцы Пятаковіча ў Сянно, як з райваенкамата паступіла новая інфармацыя.
8 лістапада ў аграгарадку Ходцы рабочыя, што высякалі хмызняк абапал дарогі, натыкнуліся на 150-міліметровы артылерыйскі снарад. Знойдзены ён каля дарогі, якраз паміж двух азёр.
Ужо назаўтра, 9 лістапада, рабочыя ДЭУ-38 заўважылі 80-міліметровую нямецкую мінамётную міну на перасячэнні вуліц Мічурына і Віцебскай у Сянно (каля магазіна «Крыніца»). Саперы знайшлі і другую, а таксама два ўзрывальнікі. Тут ідзе будоўля тратуара.
Яшчэ раз нагадваем, калі знайшлі нешта падобнае, неадкладна тэлефануйце на нумар 102 ці паведаміце ў Сенненскі ваенкамат (тэл. 4-14-34). Жартаваць з падобнымі рэчамі небяспечна для жыцця.
Кацярына КАРПОВІЧ.