Калі ёсць у суседзяў згода
Асобу Андрэя Міхайлавіча Пусцельнікава ў Багушэўску ведаюць многія. Па-першае, ён займае пасаду начальніка УЭЦОМС Віцебскага філіяла РУП «Белтэлекам». Па-другое, не першы год паспяхова працуе ў Багушэўскім дзяржаўным доме творчасці дзяцей і моладзі, дзе кіруе гуртком «Спектр». Сёлетняй вясной з абласной выставы тэхнічнай творчасці яго выхаванцы прывезлі 3 дыпломы: за 1,2 і 3 месцы.
А яшчэ Андрэй Міхайлавіч — чалавек, не абыякавы да грамадскіх праблем, імкнецца рэалізаваць іх уласнымі сіламі, намаганнямі суседзяў, знаёмых, сяброў. Апошнім такім рэалізаваным праектам стала добраўпарадкаванне калодзежа.
— Усе работы, якія ўключаліў сябе поўную замену даху-накрыўкі, прыстасавання для пад’ёму вады на паверхню, мы, некалькі карыстальнікаў калодзежа, выканалі ўласнымі сіламі, — расказаў Андрэй Пусцельнікаў.
Накрыўка засталася драўлянай. А вось механізм для пад’ёму вады ўдасканалілі. Выкарысталі падшыпнікі, замест драўлянага валіка, на які намотваецца ланцуг, устанавілі металічнае прыстасаванне. Усё гэта мацуецца на раму з металу. Пры неабходнасці яе з усім начыннем можна лёгка зняць. Не забыліся ўсталяваць ля калодзежа лаўку, на якую ставіцца вядро.
Атрымалася не кідка, але вельмі зручна. І для бюджэту пасялковага Савета не каштавала ні капейкі, бо метал і піламатэрыялы Пусцельнікаў з таварышамі знайшлі на звалках вытворчых адходаў багушэўскіх прадпрыемстваў. Грошы спатрэбіліся толькі на фарбу.
Чым не прыклад для пераймання?
Шмат чаго можна пераймаць у Андрэя Пусцельнікава, паглядзеўшы на яго дом, што па вуліцы Паркавай: веснічкі з выявай парусніка, плот з прывабным дызайнам. Галоўнае, штозроблены яны таксама з адходаў, у тым ліку з дроту, які лясгас выкарыстоўвае, каб увязаць дровы. Нехта іх выкідвае на сметнік, аказваецца, гэта адмысловы будаўнічы матэрыял. Хто як паглядзіць.
Л.Іўеў.
На здымку: Андрэй Пусцельнікаў ля калодзежа, абсталяванага намаганнямі грамадскасці.