Бацька дзяржаўнага флага. Ураджэнец Сенненшчыны Міхаіл Кацар сыграў ключавую роль у гісторыі ўзнікнення арнаменту на дзяржаўнай сімволіцы

1 18 лістапада дзяржаўны флаг нашай краіны адправіцца ў космас.  Яго возьме з сабой у камандзіроўку  на МКС ураджэнец Беларусі, касманаўт Алег Навіцкі. Да Сенненшчыны гэта падзея таксама мае дачыненне,  бо, як вядома, арнамент, штозмешчаны на чырвона-зялёным палотнішчы, належыць майстравітым рукам нашай зямлячкі  Матроны Сяргеўны Маркевіч. Наўрад ці простая сялянка з вёскі Клімавічы меркавала, што яе ўзор на даматканым ручніку ў прамым сэнсе слоў дасягне зор, а ёй самой на малой радзіме ўстановяць помнік. Гэтага і сапраўды не было, калі б не яшчэ адзін ўраджэнец Сенненшчыны, які сыграў ключавую роль у гісторыі ўзнікнення арнаменту на дзяржаўнай сімволіцы. Імя Міхаіла Кацара, між іншым, роднага брата Матроны Маркевіч, добра вядома ў навуковых колах Беларусі. Ён адзін з першых даследчыкаў народнага касцюма,а яго  манаграфіі дагэтуль з’яўляюцца настольнымі ў сучасных паслядоўнікаў яго справы. Сёлета ёсць асаблівая нагода ўзгадаць пра Міхаіла Кацара. 7 лістапада нашаму выбітнаму земляку споўнілася б 110 гадоў з дня нараджэння.

3Ён нарадзіўся 1906 годзе ў вёсцы Клімавічы Сенненскага раёна. Першапачатковую адукацыю атрымаў у земскай школе. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі служыў у Чырвонай арміі, праходзіў вучобу ў палкавой школе 33-га артылерыйскага палка. Але на яго  прафесійны выбар у многім паўплываў пісьменнік, сёння класік айчыннай літаратуры Максім Гарэцкі, які ў 1925 годзе воляй лёсу аказаўся на Сенненшчыне і пэўны час жыў у доме Кацараў, займаючыся вывучэннем мясцовага фальклору, традыцый, гаворак.  Яго зацікаўленасць народнай творчасцю перадалася і 19-гадоваму Міхаілу. З 1934 па 1941 гады будучы навуковец здзейсніў дзевяць паездак па Беларусі, падчас якіх сустракаўся з мясцовымі майстрыхамі, скрупулёзна занатоўваючы ў сшыткі іх аповеды, робячы замалёўкі. У 1939 годзе Міхаіл Кацар скончыў Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры. Настаўнікамі Кацара былі вядомыя на той час навукоўцы І.Грабар, А.Някрасаў, У Бонч-Бруевіч. Цікава, што разам з Кацарам у гэтай жа вну вучыўся і яшчэ адзін знакаміты ўраджэнец Сенненшчыны – беларускі паэт Алесь Жаўрук. У жніўні 1942-га Аляксандр Сінічкін (сапраўднае імя паэта) загінуў пры абароне Сталінграда.

Жыццё Міхаіла Сяргеевіча ледзь не абарвалася ў лістападзе 1941 года. У баях пад Масквой палітрук Кацар атрымаў цяжкае раненне. Амаль год ён правёў у шпіталі ў горадзе Ош Кіргізскай ССР. Вайна для яго закончылася, але пазней яму давядзецца сутыкнуцца з яе жахлівымі праявамі. Пасля вызвалення Мінска ў складзе спецыяльнай камісіі па расследаванні  злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ўліку нанесенай імі шкоды на тэрыторыі БССР ён удзельнічаў у раскопках масавых пахаванняў, утым ліку ў сумна вядомым Трасцянцы, фіксаваў маштабы разбурэння архітэктурных помнікаў. А дагэтуль з 1943 года пачынаючы навуковец праходзіць аспірантуру пры знакамітай Траццякоўскай галерыі пад началам аднаго з лепшых на той час даследчыкаў мастацтва, савецкага гісторыка мастацтва І.Грабара.

Пасля вайны Міхаіла Кацара прызначаюць начальнікам аддзела аховы помнікаў архітэктуры Упраўлення па справах архітэктуры пры СНК БССР. У 1946 па 1950 гады ён загадвае сектарам выяўленчага мастацтва ў Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва Акадэміі навук БССР. З 1950 па 1957 гады працаваў у Інстытуце літаратуры і мастацтва АН БССР. У 1952 годзе Міхаіл Сяргеевіч абараніў доктарскую дысертацыю на тэму “Архитектура белорусских городов ХVII-XVIII вв.» А ў 1956-ым нашаму земляку прысвоена навуковае званне прафесара. Адначасова з навуковай дзейнасцю ў 1953-1956 гадах Кацар выкладаў ў Беларускім тэатральным інстытуце, з’яўляючыся загадчыкам кафедрай выяўленчага мастатцтва.

З 1957 па 1973 год Міхаіл Сяргеевіч працуе загадчыкам сектарам выяўленчага мастацтва, збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору.

Аўтарству Міхаіла Кацара належыць шэраг кніг па гісторыі беларускага старажытнага і савецкага мастацтва і архітэктуры. Сярод іх “Белорусская архитектура: исторический очерк» (1956), «Изобразительное искусство Белоруссии дооктябрьского периода» (1969), «народно-прикладное искусство Белоруссии (от первобытного общества до 1917 г.)» (1972). Бадай, самае знакамітае выданне на сённяшні дзень “Беларускі арнамент: Ткацтва, вышыўка” пабачыла свет ужо пасля смерці аўтара ў 1996 годзе.

Жыццё Міхаіла Кацара абарвалася трагічна ў сакавіку 1995 года. Ён загінуў на сваім лецішчы ў в. Крыжоўка пад Мінскам падчас пажару — задыхнуўся угарным газам, цела прафесара знайшлі ля ўваходных дзвярэй. Разам з ім згарэла і частка вялікага архіва, які ён збіраў на працягу шматлікіх гадоў. З пэўнай доляй верагоднасці можна казаць, што там захоўваўся канва з тым самым узорам яго сястры Матроны.

Гісторыя дзяржаўнага флага БССР, у стварэнні якога ўраджэнец Сенненшчыны Міхаіл Кацар прыняў самы непасрэдны ўдзел, вядзе свой пачатак з 1951 года. Падставай для ўзнікнення беларускай дзяржсімволікі стаў удзел Беларусі ў заснаванні ААН. Безумоўна, як асобнай краіне рэспубліцы належала мець уласныя сцяг і герб. Арнамент павінен быў адлюстроўваць нацыянальную прыналежнасць. Прапанаваны Кацарам узор “Узыходзячае сонца”, выкананы рукой яго сястры Матроны, як лічаць, у 1917 годзе пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, атрымаў адабрэнне членай спецыяльнай камісіі, бо найлепш падыходзіў для ўвасаблення ў лёгкай прамысловасці. Безумоўна, над сялянскім узорам працавалі прафесійныя мастакі, каб адаптаваць яго да ўмоў вытворчасці. Бягучы дызайн дзяржаўнага флага быў уведзены ў 2012 годзе Дзяржаўным камітэтам па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь і адаптаваны з агульным выглядам сцяга, зацверджаным на рэферэндуме мая 1995 года. Зменамі, унесенымі ў сцяг савецкай эпохі былі: выдаленне знакаў камунізму (сярпа, молата і чырвонай зоркі) і «пераварочванне» колераў арнаменту з белага на чырвоным да чырвонага на белым.

Гісторыя жыцця і дзейнасці Міхаіла Кацара і сёння захоўвае нямала таямніц. Як удалося яму пазбегнуць молаху сталінскіх рэпрэсій, уліваючы што ў яго сяброўскім асяродку было нямала “ворагаў народа”. Што казаць, калі муж яго роднай сястры Матроны па прысуду “тройкі” быў расстраляны ў 1937 годзе. Сам Міхаіл Кацар наконт гэтага дасціпна занатаваў на адным са сваіх фотаздымкаў: “Я от Сталина ушёл. Остался жив. Я от Гитлера ушёл. Остался жив. Привет молодым стоителям жизни”.

Але заслуга Кацара бясспрэчна. Ён адным з першых у няпростыя савецкія часы, калі нацыянальныя погляды не надта заахвочваліся, звярнуў увагу на адметнасці беларускага народнага мастацтва. Сёння яго справу працягваюць нашчадкі. У апошнія гады на Віцебшчыне актыўна аднаўляюцца рэгіянальныя касцюмы, вывучаюцца старажытныя рамёствы. Ёсць свая ўнікальная калекцыя народнага адзення і на Сенненшчыне. Такім чынам, сёння, дзякуючыя брату і сястры Кацараў, у Сенненшчыны ёсць свой брэнд.

Нашчадкі Матроны Маркевіч і Міхаіла Сяргеевіча стараюцца штогод наведвацца на малую радзіму сваіх продкаў, прызнаюцца, што адчуваюць сябе на Сенненшчыне быццам дома і вельмі ўдзячныя сенненцам за тую павагу, з якой яны адносяцца да сваіх землякоў. Абавязковыя пункты візіту — памятны знак “Родны край”, устаноўлены ў гонар майстрыхі ў цэнтральным парку горада, магіла Матроны Сяргееўны ў вёсцы Касцелішча. Асоба Міхаіла Кацара па праве заслугоўвае ўшанавання ад землякоў. Прынамсі, імем яго студэнцкага сябра — Алеся Жаўрука — названа вуліца ў Сянне. Хочацца верыць, што даніну павагі сенненцы аддадуць і Міхаілу Сяргеевічу Кацару.

2

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

На здымках: нашчадкі Матроны Маркевіч і Міхаіла Кацара ля памятнага знака “Родны край”, падчас наведвання раённага дома рамёстваў унучка Міхаіла Кацара Вераніка пад кіраўніцтвам майстра Вольгі Стычынскай зрабіла свой унёсак у выраб ручніка-абярэга, прэзентаванага на сёлетніх абласных “Дажынках”.

Фота аўтара.