Когда все планы по плечу. Почему в районном отделе образования Студёнковскую ДССШ всегда называют в числе лучших?

4У раённым аддзеле адукацыі Студзёнкаўскую ДССШ заўсёды называюць у шэрагу лепшых. А дзіцячы сад, які ўваходзіць у навучальна-педагагічны комплекс, па выніках мінулагодняга рэйтынгу заняў першае месца сярод сельскіх устаноў дашкольнай адукацыі.

І вось аўтар гэтых радкоў у аграгарадку Студзёнка. Са школай знаёміць яе новы кіраўнік Святлана Белікава, якая прыйшла на змену былому дырэктару Уладзіміру Касьянаву, прызначанаму на пасаду старшыні Багданаўскага сельвыканкама. Святлана Анатольеўна з энтузіязмам расказвае пра дзейнасць даверанай ей установы адукацыі, у якой раней працавала намеснікам па навучальнай рабоце, а таму ведае жыццё школы, як кажуць, знутры.

Рэалізуюць раённы праект

На сённяшні дзень Студзёнкаўская ДССШ ідзе да завяршэння рэалізацыі раённага праекта “Укараненне сістэмнай мадэлі інфармацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс”, вынікі якога будуць падведзены ў канцы навучальнага года. Мы наведваем камп’ютарны клас, абсталяваны 7 камп’ютарамі, дзе якраз ідуць заняткі, і дзеці з цікавасцю і запалам выконваюць заданне па беларускай літаратуры. Азы інфарматыкі вучням дапамагаюць спасцігаць настаўніца Алена Парфір’еўна Зайко і аператар ЭВМ Таццяна Пятроўна Подраз.

Яшчэ па адным камп’ютары ёсць ў кабінетах матэматыкі і замежнай мовы, два – у пачатковых класах, тры – выкарыстоўваюцца для адміністрацыйнай работы. Частка камп’ютараў злучана ў адзіную лакальную сетку.

img_0319

Профільнае абучэнне дае плён

Дырэктар школы звяртае ўвагу на профільнае навучанне, на якое ва ўстанове адукацыі робіцца вялікая стаўка. Педагагічны калектыў не проста дае суму пэўных ведаў, а імкнецца падрыхтаваць сваіх гадаванцаў да будучага дарослага жыцця. Вучні выпускнога класа маюць магчымасць наведваць хіміка-біялагічны факультатыў. Для дзесяцікласнікаў працуе факультатыў па грамадазнаўстве і гісторыі.

Нячаста ў вясковай школе можна сустрэць профільнае абучэнне ў двух класах. А яно дае свае станоўчыя вынікі – палова мінулагодніх выпускнікоў паступіла на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці. Два вучні пасля заканчэння дзевяці класаў для далейшага абучэння таксама выбралі сельскагаспадарчы накірунак. І трэба меркаваць, свядома, бо дзевяцікласнікі Студзёнкаўскай школы наведваюць заняткі факультатыва “Асновы выбару прафесіі”, вядзе якія педагог-псіхолаг Ніна Васільеўна Печанькова. Для вучняў арганізуюцца прафарыентацыйныя экскурсіі. А калі няма магчымасці наведаць, напрыклад, Улу, Высокае ці Гарадок, дзе размешчаны сельскагаспадарчыя каледжы, экскурсіі праводзяцца з дапамогай інтэрнэту. Арыентацыя на спецыяльнасці, патрэбныя сельскай гаспадарцы, дае плён. Многія выпускнікі школы працуюць у адкрытых акцыянерных таварыствах “Студзёнка” і “Сінягорскае”.

1

Сям’я і школа – дзейсны тандэм

Прафарыентацыйная і ўвогуле ўся выхаваўчая работа праводзіцца ў цесным узаемадзеянні з сем’ямі школьнікаў. Педагогі імкнуцца інфармаваць бацькоў пра дасягненні іх дзяцей. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Святлана Іванаўна Станулевіч, класныя кіраўнікі  выкарыстоўваюць розныя формы работы з бацькамі: бацькоўскія сходы, круглыя сталы, сумесныя школьныя мерапрыемствы, выставы падзелак дэкаратыўна-прыкладной творчасці дзяцей, над якімі юныя майстры працуюць у час заняткаў факультатыва “Карункавае зачараванне”, аб’яднанняў па інтарэсах адпаведнага профілю. Адноўлена дзейнасць “Тэатра мод”, работы якога добра вядомыя ў творчых колах устаноў адукацыі. Сёлета тэатр прадставіў свае мадэлі на раённы фестываль дзіцячай творчасці “Ранішняя зорка”. Атрымліваць інфармацыю пра школьнае жыццё бацькі могуць на сайце раённага аддзела адукацыі.

Для адукацыі бацькоў у пытаннях выхавання ў школе працуе “Бацькоўскі ўніверсітэт”, лекцыі ў якім чытаюць класныя кіраўнікі, супрацоўнікі сацыяльна-педагагічнай службы, работнікі адміністрацыі навучальнай установы. Работа бацькоўскага камітэта, папячыцельскага савета школы і савета ўстановы адукацыі таксама садзейнічаюць аб’яднанню намаганняў педагогаў і бацькоў у справе абучэння і выхавання.

img_0340

У дзіцячым садзе арганізавана работа “Мацярынскай школы” для бацькоў, дзеці якіх не наведваюць дашкольную ўстанову. Для тых, хто не можа прыняць удзел у яе занятках непасрэдна ў садку, наладжваюцца выязныя пасяджэнні. Установу адукацыі абслугоўваюць два аўтобусы, і маршруты іх даволі працяглыя, бо ў школе вучацца дзеці з 26 вёсак.

Пакой прыроды – цікава і карысна

4

Адна з адметнасцей, якой можа пахваліцца Студзёнкаўская школа, — пакой прыроды, дзе нас сустракае настаўніца біялогіі Святлана Іванаўна Пагарэльская. Пакой “пераехаў” у Студзёнку з Алексініцкай школы пасля яе закрыцця і карыстаецца вялікай папулярнасцю не толькі сярод вучняў. Акрамя таго, што тут праходзяць урокі біялогіі, класныя гадзіны, падзівіцца на экспанаты прыводзяць выхаванцаў дзіцячага садка, прыходзіць мясцовае насельніцтва, прыязджаюць вучні з іншых школ, асабліва ў час канікул. У кнізе водгукаў шмат падзячных запісаў ад наведвальнікаў. Сустракаюць гасцей восем экскурсаводаў, выбраных саветам музейнага пакоя. Гэта вучні старэйшага і сярэдняга звяна, якія захапляюцца прыродай роднага краю. Менавіта яна прадстаўлена ў экспазіцыях “Раслінны свет”, “Зямля і нетры”, “Жывёльны свет”, “Водныя рэсурсы” і іншых. Экспанаты былі калісьці зроблены студэнтамі хіміка-біялагічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Гэта вельмі карпатлівая работа, якая патрабуе спецыяльных ведаў. Але школьнікі таксама імкнуцца зрабіць для папаўнення экспазіцыі тое, што ў іх сілах. Дзякуючы іх старанням папоўнілася калекцыя жукоў і матылькоў. Расказваць пра экспанаты і работу музейнага пакоя Святлана Іванаўна, здаецца, можа бясконца. Яна, як і іншыя настаўнікі школы, жыве сваёй справай, імкнецца зацікавіць ёй іншых, і, вядома ж, у першую чаргу сваіх вучняў.

3

“Дыскатэку” ведаюць усе

Высокі прафесійны ўзровень педагагічнага калектыву дазваляе якасна арганізаваць адукацыйны працэс, падрыхтоўку вучняў да алімпіяд, конкурсаў, канферэнцый. Вышэйшую адукацыю маюць 83% педагогаў школы, 27% — сярэднюю спецыяльную, два настаўнікі абучаюцца ў ВНУ. Вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя прысвоена 34% педагогаў, першая – 50%.

Але не толькі працаваць умеюць студзёнкаўскія педагогі, адпачываць і тварыць таксама. І гэта, відаць,  успрымаецца імі, як адно цэлае, калі меркаваць па славутым калектыве мастацкай самадзейнасці “Дыскатэка 80-х”. Бадай, ні адзін канцэрт на раённай сцэне не абыходзіцца без удзелу гэтага гурту, у якім заняты Галіна Лучыковіч, Ніна Печанькова, Святлана Багданава, Андрэй Драздоўскі, Ганна Галубовіч. Калектыў з’яўляецца пастаянным удзельнікам і прызёрам раённага фестывалю настаўніцкай песні “Песня застаецца з чалавекам”. З гастролямі выязджае на “Славянскі базар”, часты госць  на святах сельгасарганізацый.

Планаў “громадьё”

Дырэктар ахвотна падзялілася планамі навучальнай установы. Ёсць задумка ў рамках далейшага добраўпарадкавання школьнай тэрыторыі стварыць новыя тапіярныя канструкцыі. Улічваючы тое, што цяпер многія на сваіх прыдамавых участках высаджваюць дрэвы хваёвых парод, у школе вырашылі пабудаваць пітомнік для развядзення гэтых раслін і прадаваць саджанцы. Трэба таксама аднавіць інфармацыйныя стэнды, перафарбаваць больш светлымі фарбамі сцены калідораў на другім паверсе школы (на першым гэта зрабілі да пачатку навучальнага года), ёсць яшчэ шмат іншых гаспадарчых спраў. Плануюць таксама набыць музычны цэнтр, турысцкі рыштунак (у мінулым годзе на вучнёўскім раённым турзлёце каманда школы заняла трэцяе месца). Ажыццявіць усё гэта спадзяюцца за ўласныя сродкі. Толькі за верасень ўстанова адукацыі аказала платных паслуг на суму 230 рублёў. Зарабляюць грошы, збіраючы другасную сыравіну. Заданне па пластыку і металаломе ўжо выканана, па макулатуры да канца года будзе нават перавыканана. У здзяйсненні сваіх планаў разлічвае школа і на дапамогу спонсараў – ААТ “Студзёнка” і “Сінягорскае”, ФК “Агравіста”.

У бягучым навучальны годзе ўстанова адукацыі прыме ўдзел у раённым конкурсе кабінетаў матэматыкі, падрыхтаваныя ўжо стэнды і неабходныя матэрыялы.

Планаў шмат, і ўсе яны па плячы дружнаму калектыву прафесіяналаў начале з энергічным пачынаючым кіраўніком.

2

 

img_0335

 Таццяна Буракова.

Фота аўтара.