У Ходцах вылучылі кандыдатаў ад раёна на Усебеларускі сход

 

 

 

 

 

 

 

 

6-7 снежня ў Мінску, згодна з Указам Прэзідэнта  Аляксандра Лукашэнкі, пройдзе IV Усебеларускі народны  сход. На ім будуць падведзены вынікі рэалізацыі  праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, што прымалася на папярэднім  форуме на 2006-2010 гады, намечаны планы на бліжэйшую пяцігодку.

 Кожны рэгіён на сходзе будзе прадстаўлены сваёй дэлегацыяй. Ад Сенненшчыны яна сфарміравана ў складзе 7 чалавек. Згодна з рашэннем раённага сходу ўпаўнаважаных, які  ў мінулую пятніцу працаваў у Ходцаўскім Доме культуры, у яе склад уключаны старшыня раённага выканаўчага камітэта Эдуард Герасіменка, дырэктар Віцебскай доследнай меліярацыйнай станцыі Валерый Кучко, загадчыца мікрабіялагічнай лабараторыі  Сенненскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі  Сняжана Мяцеліца,  галоўны рэдактар установы  «Рэдакцыя раённай газеты «Голас Сенненшчыны» і праграмы радыёвяшчання  «На прасторах Сенненшчыны» Вольга Мысліцкая, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Папкоў, вадзіцель аўтамабіля  СВК «Белая ліпа» Аляксандр Распорскі, старшыня Ходцаўскага сельскага Савета дэпутатаў Вольга Шчарбакова.

  Сходу ўпаўнаважаных ад працоўных  калектываў папярэднічала вялікая падрыхтоўчая работа. Для гэтага быў створаны раённы арганізацыйны камітэт, які  ўзна­чаліла намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна. Працоўныя калектывы, грамадскія арганізацыі, сходы па месцы жыхарства вылучылі  прадстаўнікоў на раённы сход упаўнаважаных. 147 са 155 выбраных прынялі ўдзел у рабоце сходу.  На сход былі таксама запрошаны  члены выканаўчага камітэта, кіраўнікі прадпрыемстваў, устаноў, начальнікі аддзелаў райвыканкама, члены раённага аргкамітэта  —  усяго 44 чалавекі. Сход вітаў удзельнікаў першых трох Усебеларускіх народных сходаў. Многія з іх прысутнічалі ў зале.

 На IV Усебеларускі народны сход дэлегацыя сенненцаў паедзе са сваімі прапановамі. Яны распрацаваны на падставе даклада, з якім перад удзельнікамі  раённага форуму выступіў старшыня райвыканкама Эдуард Герасіменка. Аналізуючы вынікі работы эканомікі, развіцця сацыяльнай сферы за перыяд  2006- 2010 гады, ён адзначыў не толькі станоўчыя моманты. Шмат увагі было ўдзелена  нерэалізаваным планам.  Даклад  дапоўнілі выступленні  старшыні Багушэўскага пасялковага Савета Любові Трубека, дырэктара РУП «Дружбінец» Аляксандра Басякова, галоўнага бухгалтара  УП «Сяннобудмеліяводгас» Алісы Глухаровай, начальніка цэха атэлье  Багушэўскага  КУПБА  «Прэстыж»  Ліліі Вакар, галоўнага рэдактара ўстановы  «Рэдакцыя раённай газеты «Голас Сенненшчыны»  і праграмы радыёвяшчання  «На прасторах Сенненшчыны»  Вольгі Мысліцкай.

 Падводзячы вынікі работы раённага сходу ўпаўнаважаных, Эдуард Герасіменка  ад імя  ўсіх дэлегатаў IV Усебеларускага народнага сходу падзякаваў за высокі давер і запэўніў, што сенненская дэлегацыя зробіць усё, каб у Мінску  пачулі ўсе прапановы, выказаныя на форуме ў Ходцах.

 — А пасля вяртання  са сталіцы  дэлегаты Усебеларускага сходу пабываюць ва ўсіх  калектывах  раёна, каб расказаць аб яго рабоце, — падкрэсліў старшыня райвыканкама.

 Аляксандр Лазюк.