Кніга будзе жыць заўсёды, бо яна жывая. Так лічыць бібліятэкар Сенненскай школы №1 Людміла Арцюхова

1 Калі ў рэдакцыі “ГС” вырашылі адну з публікацый прысвяціць Міжнароднаму дню школьных бібліятэк, які адзначаецца 24 кастрычніка, маладыя супрацоўніцы газеты, якія ў свой час скончылі першую школу горада,  прапанавалі напісаць пра бібліятэку гэтай навучальнай установы і яе работніцу, шчырага чалавека, сапраўднага прафесіянала і добрую сяброўку дзетвары.

Бібліятэка першай сенненскай школы адна са старэйшых у раёне. Сваю гісторыю яна пачала з 1934 года. Бібліятэчны фонд у той час складаў усяго 200 экземпляраў кніг, робіць невялікі экскурс у гісторыю Людміла Міхайлаўна. Пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкай акупацыі бібліятэку, як і школу, аднавілі і яна зноў пачала працаваць.

Людміла Арцюхова ў школьным храме кнігі 36 гадоў. Гэта яе адзінае месца работы, на якое прыйшла пасля заканчэння Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума. “На той час гэта была адзіная ў рэспубліцы ўстанова, якая рыхтавала бібліятэкараў. Конкурсы – шалёныя, але мне вельмі хацелася атрымаць менавіту гэту прафесію. Кнігі любіла з дзяцінства. З гадамі гэта любоў толькі ўзмацнілася. Сёння я актыўны чытач раённай бібліятэкі. Асабліва цікавіць гістарычная літаратура, і мастацкая, і дакументальная”, — дзеліцца Людміла Міхайлаўна.

Калі пачынала працаваць, у школьнай бібліятэцы была толькі мастацкая літаратура. Але гады праз два з’явіліся падручнікі. Іх дзеці здавалі пасля заканчэння кожнага навучальнага года і бясплатна атрымлівалі неабходныя для вучобы ў наступным класе (потым за карыстанне падручнікамі ўвялі ўмераную плату). Зроблена гэта было з мэтай эканоміі дзяржаўных грошай, бо раней праслужыўшыя год падручнікі проста выкідваліся.

Цяпер фонд бібліятэкі сенненскай школы №1 складае 14 тыс. 136 мастацкіх кніг і 5 тыс. 280 падручнікаў. Што тычыцца мастацкай літаратуры, то ў асноўным гэта творы школьнай праграмы, але ёсць і іншыя, якія таксама карыстаюцца попытам.

     Асабліва актыўна чытаюць школьнікі малодшых класаў, гаворыць бібліятэкар. Вучні сярэдняга звяна, відаць з-за асаблівасцей падлеткавага перыяду, часова губляюць цікавасць да чытання. Але ў старэйшых класах зноў вяртаюцца ў бібліятэку. Людміла Міхайлаўна ўпэўнена – нішто не заменіць кнігу ў жыцці людзей: “У іншым выпадку, як жа растлумачыць тое, што дзеці, хаця ў кожнага з іх ёсць камп’ютар ці планшэт, ідуць усё ж у бібліятэку. Магчыма, дзякуючы гаджатам сучасныя вучні сталі больш эрудыраванымі, але жывыя зносіны з кнігай аказваюць ні з чым на параўнальнае ўдзеянне на пачуцці і душу чалавека”.

Каб больш зацікавіць дзяцей чытаннем і заняць іх вольны час, бібліятэкар праводзіць розныя мерапрыемствы. Напрыклад такія, як акцыя “Падары бібліятэцы кнігу”. Кнігі дарылі і бацькі вучняў, і арганізацыі, і проста жыхары горада. Сярод найбольш значных прэзентаў дзіцячая энцыклапедыя “Я познаю мир”. Да свята беларускага пісьменства таксама было падрыхтавана мерапрыемства. Яшчэ бібліятэкар разам са школьным псіхолагам праводзіць анкетаванне па вывучэнні чытацкай актыўнасці вучняў.

У бібліятэцы працуюць пастаянныя кніжныя выставы “Детям обо всём на свете”, Песняры зямлі беларускай”, “Мая Радзіма – Беларусь”, “Сто дорог – одна твоя”, “Тем, кто любит творить”, “В стране героев любимых книг”, “Если хочешь быть здоров” і іншыя.

Працуе школьны бібліятэкар у цесным кантакце з класнымі кіраўнікамі і намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццянай Шаўчэнка, якая карэктыруе і зацвярджае план бібліятэчных мерапрыемстваў, большасць з якіх праводзіцца у шосты школьны дзень.

Сёння мы віншуем Людмілу Арцюхову з Міжнародным днём бібліятэк, жадаем поспехаў і плёну ў высакароднай справе далучэння падрастаючага пакалення да цудоўнага свету кніг.

Таццяна Буракова.

 На здымку: бібліятэкар Сенненскай школы №1 Людміла Арцюхова.

Фота аўтара.