Сенненшчыну наведае «Залаты акардэон Беларусі» Ігар Квашэвіч

 z0uj7a8wypwКанцэрт вядомага музыканта-віртуоза, лаўрэата Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пераможцы Вышэйшай лігі мэтраў сусветнага акардэона Ігара Квашэвіча — падзея выключная ў культурным жыцці райцэнтра. Нячаста жыхары малых гарадоў маюць магчымасць чуць ужывую выканаўцаў такога высокага ўзроўню. Сянну ў гэтым плане пашанцавала. Выступленне ў нашым горадзе для «Залатога акардэона Беларусі» (як яшчэ называюць Ігара на радзіме) стане ўжо другім у яго творчай кар’еры. На гэты раз музыкант прыбудзе з важнай сацыяльнай місіяй.

Візіт славутага акардэаніста — чарговы этап рэалізацыі музычна-адукацыйнага праекту “Беларусь-тур”, які рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Белая Русь” праводзіць сумесна с Беларускай асацыяцыяй беларускіх баяністаў і акардэаністаў пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. У рамках праекта канцэрты вядомага музыканта, кампазітара пройдуць у 120 гарадах Беларусі. Канцэрт Ігара Квашэвіча адбудзецца 26 кастрычніка на сцэне раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці ў 18.00. А перад гэтым акардэаніст правядзе майстар-клас для навучэнцаў Сенненскай дзіцячай школы мастацтваў.

Дабрачынныя ўрокі для Ігара Квашэвіча маюць асаблівае значэнне. Падтрымка творчых пачынанняў — самае выгаднае ўкладванне інвестыцый, — упэўнены музыкант. Ён не па чутках ведае, наколькі важна для юных талентаў, асабліва з правінцыі, мець перад сабой узор профі-майстра. У свой час адна такая сустрэча вызначыла далейшы лёс Ігара Квашэвіча. Пасля канцэрта таленавітага акардэяніста з Брэста падлетак з невялікага мястэчка назаўсёды зрабіў свой выбар на карысць музыкі. Сёння Ігар Квашэвіч — жаданы госць на лепшых музычных пляцоўках Беларусі і за яе межамі.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

Даведка “ГС”.

Ігар Квашэвіч нарадзіўся ў 1979 годзе ў гарадскім пасёлку Целяханы Івацэвіцкага  раёна. У 1998 годзе атрымаў чырвоны дыплом Баранавіцкага музычнага вучылішча. У 2003-м з адзнакай скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі, а ў 2004-м — яе  магістратуру.

Дзякуючы віртуознаму валоданню акардэонам, не проста атрымаў прызнанне вялікай аўдыторыі слухачоў — стаў вядомым у прафесійных музычных колах. Мае нямала ўзнагарод: пераможца IV Міжнароднага конкурсу-фестывалю акардэонна-баяннага выканаўчага мастацтва «AccoHoliday» у Кіеве, прызёр міжнародных конкурсаў выканаўцаў на народных інструментах у Кішынёве, Чарапаўцы, Маскве і інш., пераможца Вышэйшай лігі сусветнага акардэона.  У 2004 годзе стаў першым беларускім акардэаністам, які атрымаў званне лаўрэата аднаго з самых прэстыжных конкурсаў у нямецкім Клінгенталі.

Выступаў на сцэне Дзяржаўнага Крэмлёўскага Палаца ў Маскве, Маскоўскай філармоніі імя П.І.Чайкоўскага. Адкрываў фестываль кіно краін СНД і Балтыі «Кінашок» у Анапе. Лаўрэат спецыяльнага фонду Рэспублікі Беларусь, неаднойчы з’яўляўся стыпендыятам Прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *