Открытие из семейного фотоальбома. Жительница Сенно передала в историко-краеведческий музей дореволюционные снимки

 2Каштоўнасць гэтых здымкаў крыецца не толькі ў часе стварэння, але і ў тым, што былі яны зроблены ў Сянне мясцовым фатографам.

Невядомыя работы вядомага майстра     

Не кожнае мястэчка магло пахваліцца наяўнасцю фотаатэлье. Сянну ў гэтым плане пашанцавала. Гісторыя захавала прозвішчы двух фатографаў, якія працавалі ў нашым горадзе. У раённым гісторыка-краязнаўчым музеі захоўваюцца фотакарткі з пячаткай А.Ганчарова, які працаваў у Сянне ў 1930-х гадах. Да нашых дзён захаваўся нават дом майстра па вул. К.Маркса. А вось арыгінальных фотаработ яго папярэдніка Л.Веляціцкага дагэтуль у калекцыі музея не мелася. Перададзеныя фатаграфіі сталі першымі. Імя Веляціцкага стала вядома дзякуючы кнізе К. Анікіевіча “Сенненский уезд Могилёвской губернии” 1907 года выдання. Сенненскі фатограф прымаў непасрэдны ўдзел у афармленні грунтоўнага выдання. Героямі яго фатаграфій станавіліся мясцовыя сяляне, габрэі, прадстаўнікі мяшчанскага саслоўя, іх паўсядзённы побыт. 

Фотапартрэты ад Веляціцкага, безумоўна, меліся ў сямейных альбомах многіх сенненцаў. На жаль, большасць тварэнняў фотамайстра, як і іх уладальнікі, бясследна згінулі ў віхуры крывавых падзей ХХ стагоддзя. А тыя адзінкі, што ўцалелі, сёння ўяўляюць гістарычную каштоўнасць для сучаснікаў, як дакументальнае сведчанне жыцця цэлага пакалення сенненцаў. У сямейным архіве жыхаркі Сянна Антаніны Граблеўскай цудам захавалася пара фатаграфій з фірменным знакам Л.Х.Веляціцкага. Калі яны былі зроблены, дакладна невядома, але выгляд людзей на здымках скіроўвае на пачатак ХХ стагоддзя. На іх — унікальная інфармацыя пра густы, манеры, звычкі і настроі жыхароў берарускага мястэчка.

На адным з іх — мяшчанская сям’я, сужэнцы: ён з акладзістай барадой, у мундзіры з медалём, яна ў доўгай сукенцы складанага крою. Па твары жанчыны можна меркаваць, што асобай яна была ўладнай. Побач стаяць двое маладых людзей. За іх спінамі маляўнічае аздабленне, якое рэзка кантрастуе з дашчанай падлогай.

1

Другі фотаздымак, апраўлены ў грувасткую драўляную раму, уяўляе фотапартрэт жанчыны.

Паход у фотаатэлье ў тыя гады быў важнай падзеяй. Нагодай для яго наведвання станавіліся, як правіла, найбольш значныя падзеі ў жыцці людзей: дні нараджэння, вяселлі, паступленне на вучобу або выпуск з навучальнай установы… Людзі стараліся надзець лепшую вопратку, прадэманстраваць модныя аксэсуары. Калі належнага адзення не было, яго пазычалі ў сваякоў, сяброў, знаёмых. Ды і тагачасныя фатографы імкнуліся рабіць здымкі з прэтэнзіяй на мастацкасць. У атэлье выкарыстоўвалі розныя выразныя сродкі, у тым ліку маляўнічыя фоны з прыроднымі ландшафтамі, вытанчаную мэблю, а самі здымкі апраўляліся паспарту, на якіх фатографы прастаўлялі свае прозвішчы і фірмовыя штампы.

 Мяшчане з Чырвонай Слабады

Антаніна Граблеўская — карэнная сенненка. На першай фотакартцы пазіруюць яе родны дзед Павел з сынам Іванам з другой жонкай (імя яе Антаніна Іванаўна, на жаль, не ведае) і пасынкам Лаўрэнціем. Граблеўскія — прадстаўнікі сенненскага мяшчанства. Дзед Павел служыў у рускім войску і, відаць, няблага служыў, бо меў шэраг узнагарод, у тым ліку царскі медаль “За усердие”. Пасля вяртання са службы ажаніўся на ўдаве, у дом якой ён перабраўся разам з сынам ад першага шлюбу. Жылі Граблеўскія на Чырвонай Слабадзе. Бацька Антаніны Іванаўны быў чалавекам адукаваным, працаваў у паліцэйскім упраўленні Сенненскага павета. Маці, Алена Іосіфаўна, родам са шматдзетнай сям’і Станкевічаў — таксама карэнная сенненка. Цікавая акалічнасць, сужэнцы былі рознага веравызнання. Іван Паўлавіч быў праваслаўным і, па ўспамінах яго дачкі, набожным чалавекам: кожны яго дзень пачынаўся і заканчваўся малітвай. І такога раскладу мужчына прытрымліваўся нават у савецкі час. А вось яго жонка паходзіла з каталіцкай сям’і.

Размеранае жыццё Граблеўскіх спынілася з устанаўленнем на Сенненшчыне савецкай улады. У нейкім сэнсе ім пашанцавала. Бацьку маёй субяседніцы як чалавека пісьменнага ўзялі пісарам у рэўкам (не ўсе ўмелі карыстацца пішучай машынкай). Маці ўладкавалася тэлефаністкай на пошце. Тым не менш, молах сталінскіх рэпрэсій не абмінуў сям’ю. Двое братоў Алены Іосіфаўны былі арыштаваны па даносе. Саму жанчыну таксама папрасілі з работы — не магла каталічка працаваць у дзяржаўнай установе. Між тым у сям’і адны за другім пайшлі дзеці: Валянціна, Павел, Неніла… Апошняя смяротна захварэла ў 7-гадовым узросце. Антаніна стала чацвёртай у сям’і. Незадоўга да вайны нарадзіўся Генадзь.

  Статус “родных ворагаў народа” паўплываў на лёс старэйшага брата маёй субяседніцы, які марыў стаць лётчыкам. З-за рэпрэсаваных сваякоў хлопца выключылі з лётнага вучылішча.

 Вялікую Айчынную вайну сям’я сустрэла ў Сянне.

— Бацьку сказалі, што баяца не трэба, бо савецкая ўлада хутка вернецца, — успамінае Антаніна Іванаўна.

 Калі пачаліся баі, ад выбухаў хаваліся ў сутарэннях. Пакуль хтосьці з нашых салдат не параіў Граблеўскім выбірацца з горада, бо “тут вялікі бой будзе”. Часовым прыстанішчам для іх сталі вёскі Ладзікава, Дамашэва.

— Жылі ў лазні сярод клапоў і блох. Потым да нас данесліся слыхі, што наш дом згарэў, памятаю, як тата плакаў. Насамрэч аказалася, што гэта пылалі дрэвы ў двары, а сам дом застаўся цэлым.

Калі Граблеўскія вярнуліся дахаты, убачылі жудасную карціну: мясцовасць была наўкол узараная снарадамі, ці не ў кожным двары ляжалі трупы салдат.

     — Адзін з іх быў пахаваны прама на нашым агародзе.

Смяротная небяспека не раз навісала над членамі сям’і. У адзін з такіх жудасных эпізодаў свайго акупацыйнага дзяцінства Анатаніна Іванаўна дагэтуль вяртаецца ў снах. Кораткастрыжаную дзяўчынку, якая пасвіла карову, немец прыняў за яўрэйскае дзіця. Фашыст падбег да яе і схапіў за чуб з воклічам “Юда! Юда!” Выратавала маленькую Тосю ад немінуючай гібелі суседка, якая стала сведкай здарэння і не пабаялася заступіцца за дзяўчынку.

Цудам пазбег смерці у фашысцкіх засценках брат Павел. У вайну хлопец працягнуў цырульніцкую справу, якой займаўся ў мірны час. Па словах сястры Антаніны, ён быў партызанскім сувязным. Па падазрэнні ў сувязі з народнымі мсціўцамі Паўла арыштавалі.

     — Маці напісала ліст на імя каменданта, у якім сцвярджалася, што яе сын не вінаваты, пісьмо падпісалі нашы суседзі. Дзякуючы пераводчыку, яно дайшло да адрасата і Паўла адпусцілі.

     Вестка аб вызваленні горада напаткала Граблеўскіх у рове паблізу Кулікоўскага возера, дзе яны разам з іншымі гараджанамі хаваліся ад баявых дзеянняў.

Вайна яшчэ раз нагадала пра сябе… пахаронкай, у якой паведамлялася, што іх сын і брат Павел, прызваны ў войска ў 1944-м, загінуў у Літве.

Першыя пасляваенныя гады запомніліся маленькай Тосі голадам і халодам. У яе душы яшчэ адчувальны сорам за тое, што ўпотайкі згрызла паўмёрзлую бульбіну, якую маці пакінула на вячэру.

— Цяперашняе жыццё супраць таго — гэта рай! — са слязамі на вачах кажа Антаніна Іванаўна.

Няпростае фінансавае становішча сям’і вымусіла рана ступіць на працоўны шлях. Пачынала яго Антаніна Іванаўна ў райфінаддзеле. Праз тры гады перайшла ў банк, дзе працавала эканамістам, старшым эканамістам. Завочна скончыла Мінскі планава-эканамічны тэхнікум. Зведаць сямейнае шчасце ёй так і не давялося. У набытках 85-гадовай бабулі Тосі толькі і засталіся што ўспаміны і даваенныя фотакарткі, месцам захавання якіх цяпер будзе не сціплая аднапакаёўка а музей, каб стаць здабыткам нашай агульнай гісторыі.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

На здымках:А.Граблеўская і супрацоўнік музея В.Бандарэвіч побач з жаночым фотапартрэтам пачатку ХХ стагоддзя; фатаграфія сям’і Граблеўскіх, на пярэднім плане медаль “За усердіе” і частка старажытнага гадзінніка;

Фота аўтара.            

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *