Клубных спраў майстры, альбо творчы шлях сям’і Берашэвіч

    %d1%81%d0%b2%d0%b0%d0%b4%d1%8c%d0%b1%d0%b0-1Кажуць, што здольнасці да мастацкай творчасці больш, чым нейкія іншыя, перадаюцца на генным узроўні. Прыкладам таму можа служыць сям’я Берашэвіч, дзе маці і дачка з’яўляюцца работнікамі культуры. На шлях творчасці ўступіла і малодшая з дынастыі, трэццякласніца Лерачка.

   Загадчыца Обальскага сельскага клуба-бібліятэкі Вера Берашэвіч працуе ў сферы культуры амаль 36 гадоў. Яшчэ дзяўчынай прыехала ўраджэнка Гомельшчыны ў нашу вобласць, каб вучыцца ў Віцебскім культасветвучылішчы. З 1980 года яе другой радзімай становіцца Сенненскі раён. Па размеркаванні Вера трапляе ў Багушэўскі Дом культуры на пасаду метадыста па харавым жанры. Праз тры гады яна выходзіць замуж і пераязджае да мужа ў Обаль, і з таго часу працуе загадчыцай тамашняга клуба (тады Дома культуры).

   З прыездам новага кіраўніка ўстановы СДК стаў любімым месцам адпачынку і моладзі, якой у той час у вёсцы было шмат, і людзей больш стала ўзросту, і школьнікаў. Вера Адамаўна наладзіла работу розных гурткоў па інтарэсах, падтрымлівала цесныя сувязі з бібліятэкай, адміністрацыяй мясцовага завода кармавых дабавак. З асаблівай цеплынёй сустракала ў сваёй установе школьнікаў. З іх дапамогай, як і з удзелам дарослых, наладжвала цікавыя мерапрыемствы з нагоды розных святаў і каляндарных дат.

    Былая загадчыца раённага аддзела культуры Ніна Камандышка ў свой час дала вельмі трапную характарыстыку работы Веры Берашэвіч: “Дом культуры для яе – гэта другі дом, дзе яна жыве працай, адметнасцю якой з’яўляецца ўменне знайсці дарогу да сэрцаў людзей”.

   Не зніжае кіраўнік установы культуры ўзятую планку і сёння. Па-ранейшаму шмат увагі ўдзяляе арганізацыі культурнага абслугоўвання насельніцтва. Хоць жыхароў у вёсцы стала меней, але тыя, што засталіся, не павінны быць закінутымі і забытымі, бо таксама хочуць радавацца і адчуваць паўнату жыцця, упэўнена Вера Адамаўна.

   Працаваць для вясковага жыхара работнік культуры лічыць за шчасце. І каб прынесці больш карысці на сваёй ніве, павышае прафесійны ўзровень, шукае новыя формы работы, у якой ёй вельмі дапамагаюць асабістыя якасці – працавітасць, камунікабельнасць, добрасумленнасць, гасціннасць…

   Пайшла па слядах маці і дачка Вольга. “Вельмі падабалася, як працуе мама. Яшчэ маленькай дзяўчынкай прымала ўдзел у канцэртах, якія яна наладжвала. Неаднойчы, нават без дазволу, апранала касцюм і выскоквала на сцэну”, — расказвае Вольга Уладзіміраўна.

   Без яе ўдзелу не абыходзілася ні адно мерапрыемства ў Студзёнкаўскай школе, дзе вучылася, пела, танчыла, як і ў клубе.

   Скончыўшы тую ж навучальную ўстанову, што і маці, Вольга пачала працаваць метадыстам раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра. Нейкі час была педагогам-арганізатарам у раённым Цэнтры дзяцей і моладзі, дзе ў яе таксама спорылася работа. Пра гэта гавораць шматлікія ўзнагароды, атрыманыя на міжнародных, абласных і раённых конкурсах, трэцяе месца, занятае ў раённым конкурсе прафесійнага майстэрства сярод педагогаў-пазашкольнікаў.

Завочна атрымала вышэўшую адукацыю. І неўзабаве зноў вярнулася ў раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці, ужо загадчыцай арганізацыйна-метадычнага і інфармацыйна-аналітычнага аддзела. Цяпер яна сама арганізоўвае рэзультатыўны ўдзел вясковых устаноў культуры раёна ў конкурсах і іншых мерапрыемствах розных узроўняў.

   Малодшая прадаўжальніца дынастыі Лера Берашэвіч вучыцца ў СШ №2 г.Сянно і ў трэцім класе фартэпіяна ў Сенненскай ДШМ. А спевам дзяўчынку навучаюць маці і бабуля. Хаця з будучай прафесіяй ёй вызначацца яшчэ  рана (гаворыць, што будзе доктарам, а таксама будзе спяваць і танцаваць), па ўсім відаць, што ў галіне мастацтва дзяўчынка здольная дасягнуць шмат. Лера з’яўляецца прызёрам раённага фестывалю дзіцячай творчасці “Ранішняя зорка”, удзельнічае ў шматлікіх раённых мерапрыемствах, праходзіла касцінг на ўдзел у рэспубліканскім конкурсе “Я спяваю”, займаецца ў КВЗ “Непадарункі” Цэнтра дзяцей і моладзі, была ўдзельніцай міжнароднага дыстанцыйнага конкурсу “Рассударики”. І гэта далёка не поўны пералік дасягненняў  дзяўчынкі.

    Сёлета творчая сям’я Берашэвіч прадстаўляла наш раён на абласным аглядзе-конкурсе сямейных дынастый сярод творчых работнікаў устаноў культуры клубнага тыпу “Клубных спраў майстры”. А нядаўна прыйшло запрашэнне ад арганізатараў конкурсу на заключнае мерапрыемства, дзе адбудзецца цырымонія ўзнагароджання.

 Таццяна БУРАКОВА.

 Фота з сямейнага архіву сям’і Берашэвіч.