Правы новага ўзору

Вадзіцельскія правы новага ўзору ў Беларусі пачнуць выдаваць не раней за студзень 2011 года, паведаміла старшы інспектар па асаблівых даручэннях УДАІ МУС Ганна Банадык.

 «Цяпер узнік ажыятаж вакол новых правоў. Многія хочуць іх атрымаць, але пакуль пасведчанні новага ўзору не выдаюцца», — сказалі ў ДАІ. У дарожнай міліцыі нагадалі, што ўсе правы, выдадзеныя да канца 2010 года, будуць сапраўдныя на працягу тэрміну іх дзеяння на тэрыторыі нашай краіны.

 У сакавіку 2011 года ўступаюць у сілу папраўкі да Канвенцыі аб дарожным руху, якая была заключана еўрапейскімі краінамі ў Вене ў 1968 годзе. Згодна з дакументам па тэрыторыі краін — удзельніц канвенцыі вадзіцелі змогуць перамяшчацца з правамі новага ўзору. Аднак да сакавіка 2011 года яшчэ можна адправіцца ў загранічную паездку з нацыянальным вадзіцельскім пасведчаннем, выдадзеным да 31 снежня 2010 года. Але тады трэба будзе мець пры сабе натарыяльна засведчаны пераклад правоў на мову той дзяржавы, куды выязджае вадзіцель.

 Як паведамлялася, для таго, каб замяніць старыя правы на вадзіцельскае пасведчанне новага ўзору, дастаткова будзе звярнуцца ў любое падраздзяленне МУС, якое адказвае за яго выдачу на тэрыторыі Беларусі, з адпаведнай заявай. Трэба таксама прадаставіць старое вадзіцельскае пасведчанне, пашпарт, медыцынскую даведку і квітанцыю аб выплаце пошліны.