Дзяжурны рэпарцёр

Два дні ці два тыдні?

  У «ГС» за 19 кастрычніка была змешчана аб’ява: у сувязі з пераключэннем электроннай станцыі АТС в.Полымя з 20 па 22 кастрычніка ў жыхароў вёскі магчымы часовыя перабоі сувязі.

 — Ужо лістапад, а тэлефоны ўсё яшчэ не працуюць, — паскардзілася ў рубрыку жанчына (на жаль, назвацца яна не паспела).

 За тлумачэннямі звярнуліся ў бюро рамонту РВЭС.

Пэўныя праблемы ёсць, пацвердзілі там, але звязаны яны з тым, што станцыя яшчэ не поўнасцю перападключана. Спецыялісты РВЭС заўсёды выязджаюць на месцы для вырашэння праблем. Днямі работа будзе цалкам завершана.

 Адзінае, што хацелася б сказаць рамонтнікам: у газетнай аб’яве ўсё ж належала ўказаць сапраўдны тэрмін «часовых перабояў».

Па сацстандартах

лазня ў Полымі не прадугледжана

 75-гадовы жыхар вёскі Маргойцы Арнольд Фёдаравіч Зайцаў звярнуўся з просьбай дапамагчы аднавіць працу полыменскай грамадскай лазні. Іншых сродкаў для падтрымання ўласнай гігіены ў пажылога чалавека няма. Ды і аднавяскоўцы, па словах заяўніка, ідэю падтрымліваюць. Згодны нават сабраць подпісы, абы толькі ўлада ім дапамагла.

 Сакратар Беліцкага сельсавета Л.Я.Камушэнка паведаміла, што лазня, якая стаяла ў цэнтры вёскі, была знесена яшчэ ў 2006 годзе з прычыны старасці. Будынак не падлягаў рамонту. Будаваць жа новую лазню палічылі справай немэтазгоднай. На вёсцы ці не ў кожнага другога на падворку ёсць свая лазня. Грамадская ж па сацыяльных стандартах у Полымі не прадугледжана.

 Можна толькі шчыра паспачуваць спадару Зайцаву. Але, пры жаданні, выйсце знайсці можна. У прыватнасці, у многіх ёсць уласныя лазні, а па добрай вясковай традыцыі добрыя суседзі адзін аднаго заўсёды запрашаюць папарыцца венічкам. Альбо змяніць жыллёвыя ўмовы. Як нам паведамілі ў аддзеле па рабоце са зваротамі грамадзян райвыканкама, куды таксама звяртаўся Арнольд Фёдаравіч, у заяўніка ёсць кватэра з усімі выгодамі ў Віцебску.

А заяўкі не было

 Тэлефонныя непаладкі напаткалі і жыхарку в.Марозаўка Алу Міхайлаўну Занько. У дадатак не працуе яшчэ радыё.

 У бюро рамонту нам паведамілі, што заяўка з Марозаўкі да іх паступала, аднак не ад спадарыні Занько. І ўсё ж з нашай падачы рамонтнікі заяву прынялі і паабяцалі наладзіць сувязь у Алы Міхайлаўны.

На сувязі дзяжурыла Вольга Бандарэвіч.

Сёння вас выслухае карэспандэнт Кацярына Міхайлаўна Карповіч. Званіце па нумару 4-12-57.