Работа ёсць і беспрацоўных хапае

У нашым раёне шмат вакантных працоўных месцаў і пры гэтам вялікая колькасць людзей стаяць на ўліку ў аддзеле занятасці насельніцтва райвыканкама. А колькі тых, хто, не стаўшы на ўлік, перабіваецца выпадковымі заробкамі. На жаль, многім няма яшчэ і трыццаці.

 У чым справа? На гэтую тэму старшыня Багушэўскага сельсавета Максім Рабцаў, начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Марына Наваковіч, участковы інспектар Дзмітрый Рабцаў, кіраўнік  спраў Багушэўскага сельскага Савета Ірына Пухоўская,  першы сакратар РК ГА «БРСМ» Аляксандр Абушкевіч гутарылі з беспрацоўнымі.

 У Багушэўскім сельсавеце 12 маладых людзей не маюць работы. У кожнага свая прычына не ўладкоўвацца на працу. Але, як высветлілася, часцей за ўсё людзі не ведаюць пра вакансіі, што ёсць у раёне.

 Іван (Аўт: — Імя зменена) за плячыма мае спецыяльнасць цесляра-бетоншчыка.  Час ад часу працуе вахтавым метадам у Расіі. Але ж такія спецыялісты сёння патрэбны Сенненскай ПМК-64.  Пры гэтым можна атрымаць інтэрнат, мець пастаянны заробак і працаваць тым жа вахтавым метадам. 

 Многія з запрошаных на сустрэчу не давучыліся ў тых ці іншых навучальных установах,  зразумела, не атрымалі дыпломы. Некалькім хлопцам засталося толькі здаць экзамен у аўташколе, каб атрымаць пасведчанні трактарыстаў-машыністаў.  І працоўнае месца для іх знойдзецца амаль што ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах раёна.  Дзяўчаты, напрыклад,  могуць уладкавацца ў КУПБА «Прэстыж». Сёння тут патрэбны швачкі.

 Вялікую колькасць спецыяльнасцей можна атрымаць праз вучобу ад аддзела занятасці насельніцтва:

пра­давец, вадзіцель, зваршчык, муляр, цырульнік…   Раёну патрэбны рабочыя рукі. Але павінна быць  жаданне працаваць добрасумленна. Калі гэта ёсць, ніводны кіраўнік арганізацыі ці прадпрыемства не адмовіць у працаўладкаванні.

 Каб пазнаёміць людзей з вакансіямі, падобныя мерапрыемствы пройдуць ва ўсіх сельскіх Саветах раёна. Бліжэйшае адбудзецца ў Нямойтаўскім і Багданаўскім.

 Але не чакайце, пакуль вас запросяць на сустрэчу. Памятайце, што пад ляжачы камень вада не цячэ. Шукайце працу самастойна. Ці звяртайцеся за падрабязнай інфармацыяй у цэнтр занятасці насельніцтва (тэл.: 4-21-63), РК ГА «БРСМ» (тэл.: 4-19-37) і аддзел па справах моладзі райвыканкама па нумары 4-14-55.

Кацярына КАРПОВІЧ.