Старшыня Сенненскага райвыканкама В.Чараднік: Зробленае застанецца сенненцам

1

  Амаль год рыхтаваліся сенненцы да галоўнага свята хлебаробаў вобласці. Непазнавальна змяніўся воблік райцэнтра, які быў абраны ў якасці сталіцы «Дажынак — 2016». Пра Сянно абноўленае, пахарашэўшае, здабыткі нашых земляробаў і перспектывах развіцця раёна напярэдадні абласнога аграфэсту раённай газеце расказаў старшыня райвыканкама Васілій Чараднік.

  — Васілій Анатольевіч, сіл, сродкаў у абнаўленне Сянна ўкла­дзена шмат. Ёсць задавальненне ад зробленага?

— Па натуры я максімаліст. Таму, нягледзячы на 140 млрд рублёў, што патрачана толькі з абласнога і раённага бюджэтаў на будаў­ніцтва, рэканструкцыю аб’ектаў сацыяльна-культурнага прызначэння, хацелася б зрабіць больш.  Тым не менш, Сянно атрымала новы Палац урачыстых абрадаў, кардынальна рэканструяваны фіз­культурна-спартыўны комплекс, стадыён. Новымі фарбамі зайграў цэнтр горада. Сянно стала не толькі прывабным знешне, у ім стала больш зручна жыць. Як-ніяк толькі капітальна адрамантаваны 31 дом, з’явіліся новыя тратуары, асфальтаваны вулі­цы. Нарэшце, у горадзе стала больш кветак, утульных куточкаў для адпачынку, дзе стаяць лаўкі, альтанкі. І добраўпарадкаванне горада бу­дзе працягвацца. Значныя фі­нан­савыя ўкладанні зрабілі ў абнаўленне сваіх аб’ектаў абл­спажыўсаюз, Ві­цебскі філіял РУП «Белпошта», абласное ўпраўленне МНС, аблдарбуд.

Не засталіся ў баку ад падрыхтоўкі да «Дажынак» сенненцы. Кожны месяц у раёне праводзіліся суботнікі, нашы арганізацыі дапамагалі пенсіянерам, сваім былым работ­нікам: каму агароджу па­правіць, каму франтон падфарбаваць. І такая дружная праца таксама радуе, бо людзі разумеюць, што зробленае застанецца ім, што шматлікіх гасцей з усёй вобласці, сталі­цы, замежжа трэба сустракаць дастойна.

— Сёлетні год быў не такім ураджайным як леташні. Тым не менш на галоўным абласным свяце раён зноў будзе прадстаўлены дастойна. Якія сельгасарганізацыі ўносяць найбольш важкі ўклад у эканоміку раёна?

— Дастойны вынік на жніве атрыманы ў СУП «Саўгас імя Машэрава» і УП «Дружбінец». Яны валаўтваральныя для раёна і па жывёлаводчай прадукцыі, эканамічна ўстойлівыя. У саўгасе імя Машэрава, дзякуючы прадуманым дзеянням кіраўніка Сяргея Ліцягі выстаялі нават пасля поўнай ліквідацыі пагалоўя свіней на комплексе. Кіраўніцтва і спецыялісты прадпрыемства хутка пераарыентаваліся на вырошчванне ў большым аб’ёме прадукцыі БРЖ, чым мінімізавалі эканамічныя страты, захавалі калектыў. Летась комплекс зноў стаў запаўняцца пагалоўем свіней. Вытворчасць была наладжана, калі там яшчэ працавалі будаўнікі. Штогод з высокім узроўнем рэнтабельнасці нарошчваецца вытворчасць малака.

Значная роля ў вытворчасці валавай прадукцыі раёна належыць УП «Дружбінец», заснавальнікам якога з’яўляецца Наваполацкае РУП па транспарце нафты «Дружба». Сельгасарганізацыя будзе развівацца і далей дзякуючы падтрымцы галаўнога прад­прыемства. З яе дапамогай на высокім узроўні вядзецца вытворчасць земляробчай прадукцыі, рэканструіруюцца, будуюцца новыя аб’екты жывёлагадоўлі.

А найлепшыя вынікі ў земляробстве дэманструе Віцебская доследная мелі­ярацыйная станцыя, якая з’яўляецца філіялам РУП «Інстытут меліярацыі» НАН Беларусі. Пасяўныя пло­шчы тут невялікія, але ўраджайнасць кожны год самая высокая ў раёне, сёлета — звыш 40 цэнтнераў з гектара. Механізатары станцыі вызначаюцца высокай культурай земляробства, што дапамагае штогод прадстаўляць раён на абласных дажынках. Сёлета ўпершыню за час існавання на «Дажынках» будзе адзначана праца хлебаробаў ААТ «Студзёнка».

— Хлеб — усяму галава, з гэтым не паспрачаешся. Аднак эканоміка ў пераважнай большасці сенненскіх сельгасарганізацый трымаецца на вытворчасці малака. Што ў раёне робіцца, каб нарошч­ваць аб’ёмы жывёлаводчай прадукцыі?

— У раёне распрацавана і рэалізуецца праграма, накіраваная на стварэнне якаснай кармавой базы, у аснову якой пакладзена вырошчванне бабовых траў і зернебабовых культур. Будуюцца новыя жывёлаводчыя памяшканні ў ААТ «Студзёнка» і «Белая Ліпа», УП «Дружбінец» і саўгасе імя Машэрава, вядзецца рамонт ферм. У перспектыве мы павінны атрымліваць канкурэнтаздольную прадукцыю.

— У якім напрамку яшчэ можа развівацца раён? Чым ён можа заці­кавіць гасцей?

— На Сенненшчыне ўнікальная прырода: лясы, азёры. Адных толькі рэчак і ручаін больш за 27. Чаму ў нас не займацца аграэкатурызмам? Чаму не нарошчваць аб’ёмы і глыбіню пера­працоўкі прадукцыі лесу? У раёна багацейшая гісторыка-культурная спадчына. На Сенненшчыне пачынаў свой творчы шлях Янка Купала, у мясцовым касцёле святаром служыў Аляксандр Астрамовіч, які вядомы як паэт Андрэй Зязюля. Ён быў знаёмы з Купалай і Коласам. У першыя гады савецкай улады старшынёй Сенненскага выканаўчага камітэта працаваў Дзмітрый Прышчэпаў. Пазней ён стаў першым наркамам земляробства БССР. Пералік асоб, падзей, што могуць зацікавіць гасцей, вялікі. Сённяшняе пакаленне сенненцаў — гэта адкрытыя, шчырыя людзі, якія з радасцю сустракаюць сяброў.

— Перспектыва любому рэгіёну забяспечана, калі ў ім застаецца моладзь.

— У стратэгічным плане арыенцір робіцца на мясцовых юнакоў і дзяўчат. Такім чынам вырашана праблема ў сістэме адукацыі, медыцыне, іншых сферах. Складаней з замацаваннем спецыялістаў у АПК. Але і тут сітуацыя не тупіковая. Райвыканкам арыентуе  сельгасарга­нізацыі  на мэтавую падрыхтоўку не толькі будучых  тэхнолагаў, але і спецыялістаў масавых прафесій. У час вучобы ім аказваецца дапамога  ў выглядзе дадатковай стыпендыі, у першыя гады працы па спецыяльнасці замацоўваюцца настаўнікі, каб спецыяліст вырас у сапраўднага прафесіянала, робяцца стымулюючыя выплаты. Важна без стрэсаў прайсці перыяд адаптацыі на вытворчасці.

— Васілій Анатольевіч, наша размова адбываецца напярэдадні «Дажынак», хутка бу­дзем сустракаць гасцей, ві­таць нашых лепшых хлебаробаў. Што б вы пажадалі ім?

— Па-першае, хацелася б шчыра падзякаваць  абласное кіраўніцтва за выбар Сянна ў якасці месца правядзення «Дажынак—2016». Абласныя «Дажын­кі» — важная падзея, у першую чаргу для сенненцаў, бо падрыхтоўка да іх дазволіла карэнным чынам змяніць воб­лік горада, палепшыць якасць жыцця. Што пажадаць? Перш за ўсё, здароўя для здзяйснення новых дасягненняў на карысць сваёй сям’і, радзімы, добрага надвор’я не толькі падчас уборкі ўраджая і правядзення «Дажынак», але і ў доме, сям’і. Гасцям мерапрыемства — выдатнага настрою, каб успаміны аб сенненскай зямлі былі толькі светлымі і пазітыўнымі. Са святам усіх!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *