Тыдзень беларускай культуры

У кастрычніку вучні малодшых класаў СШ №1 г.п.Багушэўск сталі ўдзельнікамі традыцыйнага  для школы Тыдня беларускай культуры. Кожны яго дзень быў прысвечаны новаму творчаму заданню.

 Адразу пасля знаёмства з планам мерапрыемстваў на ўвесь тыдзень кожны клас узяўся  за напісанне  пісьма-прызнання  «Люблю наш край, старонку гэту»  ў рубрыцы «За што я люблю сваю Радзіму». Тэкст трэба было размясціць на  размаляваным аркушы паперы ў форме кляновага ліста. Дзеці да задання падышлі вельмі творча. У прыватнасці, вучні 3 «Б» класа выказалі сваё прызнанне ў любві да  роднай старонкі  ў вершаванай форме.

 У Беларусі  шмат найпрыгажэйшых мясцін. Менавіта таму ў  нашых нацыянальных пісьменнікаў столькі лірычных замалёвак, прысвечаных роднай прыродзе. Гэтыя прысвячэнні  шукалі  ў творах беларускіх паэтаў, а потым прачыталі для ўсіх вучняў малодшых класаў  школьнікі 4 «А» класа. Самі дзеці таксама спрабавалі  знайсці свой  любімы куток прыроды у наваколлях Багушэўска, каб перадаць яго з дапамогай  фарбаў і пэндзля. Найлепш гэта ўдалося Артуру Казлову з 4 «Б» класа, які і стаў пераможцам рубрыкі «На ніцях белай павуціны прыводзяць  восень павучкі…»

  Трэці дзень тыдня меў назву «Твой род, твая Радзіма». У большасці класаў былі арганізаваны «круглыя сталы»  пад назвай «Традыцыі маёй сям’і». Дзеці  ахвотна расказвалі аб звычаях, якія бытуюць у сем’ях, пра сваіх  бабуляў і дзядуляў.  Настаўнікі  2 «А» і 3 «Б» класаў прапанавалі  выхаванцам напісаць сачыненні на гэтую тэму.

 Адзін з дзён Тыдня беларускай культуры прыпаў на 14 кастрычніка і быў прысвечаны маці. Згодна з умовамі рубрыкі  «Маці — сонейка маё» дзеці  самага дарагога для іх чалавека павінны былі намаляваць у нацыянальных строях. Заданне захапіла першакласнікаў. Адзін з іх, Мацвей Глаздоўскі, не толькі  намаляваў сваю любую матулю, але і самастойна  падпісаў малюнак.

  Заключным этапам тыдня беларускай культуры стала рубрыка «Песні майго краю». Згодна з умовамі конкурсу трэба было выканаць  і зрабіць інсцэніроўку вядомых беларускіх песень.  На суд журы і  слухачоў былі вынесены  такія фальклорныя творы, як «Мікіта», «Саўка ды Грышка», «Сеў камарык на дубочак»,  «На дудзе Мікіта грае», «Касіў Ясь канюшыну», «Ох і сеяла Ульяніца лянок».

  Гульня ў працэсе навучання малодшых школьнікаў, пры правядзенні розных  выхаваўчых мерапрыемстваў адыгрывае вызначальную ролю. У яе нярэдка ўключаюцца дарослыя. Таму  Алена Сяргееўна Лысенка зусім не здзівілася, калі журы паставіла ёй умову — каб атрымаць салодкі прыз, трэба выканаць беларускую народную песню. Пры дружнай падтрымцы дзяцей Алена Сяргееўна праспявала «Купалінку».

 Змоўклі апошнія акорды песні. Журы аб’явіла аб закрыцці Тыдня беларускай культуры. Хочацца спадзявацца, што ўдзел у разнастайных яго  конкурсах дапамог дзецям, ды і дарослым, убачыць, пачуць, адчуць, наколькі багатая «ад прадзедаў… нам засталася спадчына». Засвойваючы духоўныя здабыткі старэйшых пакаленняў, дзеці ўсвядомліваюць сваю нацыянальную прыналежнасць, з павагай ставяцца да традыцый  іншых народаў.

Ларыса Аўчыннікава, СШ № 1 г.п.Багушэўск.