Бочка мёда без ложки дёгтя. Как жительница агрогородка Белая Липа Сенненского района стала пчеловодам

%d0%bc%d1%91%d0%b4

На адным з падворкаў Белай Ліпы нельга не заўважыць вялікую колькасць вулляў. Мясцовыя жыхары ведаюць, што гэта «валоданні» дбайных гаспадароў Людмілы і Пятра Дунцоў. Але першая скрыпка ў сямейнай справе належыць жанчыне.

Знаёмства Людмілы з пчалярствам пачалося яшчэ ў маладосці, калі яна разам са сваім мужам пераехала на новае месца жыхарства. Яе бацька, вядомы ў свой час бортнік, Васіль Гусакоў, зрабіў сям’і падарунак — вулей, ды не просты, а пад нумарам трынаццаць. Насуперак усім забабонам, гэта лічба прынесла сям’і не няшчасце, а наадварот, доўгатэрміновае захапленне і невялікі, але стабільны прыбытак.

Пчаліных сем’яў станавілася толькі больш, вуллі для іх рабіў Пётр, бо набыць апошнія ў той час было амаль немагчыма. Неўзабаве ў пчаліным царстве руплівых гаспадароў налічвалася ўжо каля трыццаці «домікаў».

— Канешне, спачатку было складана. Але галоўнае, што была зацікаўленасць, якая падштурхнула пайсці на спецыялізаваныя курсы пчалаводаў у Сянне, — дзеліцца сваімі ўспамінамі гаспадыня.

На прыватным падворку, акрамя пчол, мелася іншая жыўнасць. А яшчэ трэба было дагледзець траіх малых дзяцей, ды і працу бухгалтарам у ААТ «Белая Ліпа» ніхто не адмяняў. Мужчына таксама дапамагаў, але, як бы гэта дзіўным не падалося, пчалярствам больш займаецца Людміла. Таму ёсць даволі простае тлумачэнне: насякомым не падабаецца пах бензіну, што ідзе ад вопраткі Пятра (мужчына працуе шафёрам у ААТ «Белая Ліпа»). З выхадам на пенсію Людміле стала лягчэй, бо пчальнік з вялікім задавальненнем даглядаюць і дарослыя дзеці. Дарэчы, у кожнага з членаў сям’і, нават у маленькіх унукаў жанчыны, існуюць свае ахоўныя ад насякомых касцюмы.

Пчолы джаляць рэдка, але на ўсялякі выпадак у аптэчцы Людмілы знаходзяцца супрацьалергічныя сродкі. Разам з гэтымі лекамі ёсць і спецыяльныя, для пчол. Яны зараз вельмі дарэчы: сезон мёдазбору скончыўся і цяпер самы час заняцца прафілактыкай захворвання ў насякомых. Пчолы, як і людзі, пакутуюць ад кляшчоў, толькі наступствы ў іх больш сур’ёзныя. Але, на шчасце, дзякуючы граматнаму догляду, колькасць пчол застаецца практычна стабільнай. І зараз у гаспадарцы Дунец каля дваццаці пяці вулляў.

— Што датычыцца мёду, то яго ў гэтым годзе крыху менш. Ды і збіралі натуральны прадукт за сезон усяго толькі два разы, надвор’е падвяло, — наракае Людміла і агучвае лічбы, — 500 літраў мінулым летам і каля 200 гэтым.

Між іншым, на аб’ём «салодкага ўраджаю» ўплыў аказвае і наяўнасць прыдатных для апылення палёў.

Як дбайныя гаспадары, Дунцы знаходзяць выкарыстанне і астатнім прадуктам пчалінай жыццядзейнасці. Напрыклад, воск і праполіс пастаянна здаюцца ў спецыялізаваную краму ў абласным цэнтры. У сваю чаргу, за гэта яны атрымліваюць вашчыну. Апошняя ідзе на выраб рамак у вуллі.

Зразумела, што такая вялікая колькасць мёду, нягледзячы на яго лекавыя ўласцівасці, гаспадарам непатрэбна. Таму большая частка ідзе на продаж. У сям’і Дунец з пакупнікамі ніколі не бывае праблем: якасны прадукт і сарафаннае радыё спраўна робяць сваю справу. Не толькі аднавяскоўцы, але і жыхары Расіі не супраць набыць і паласавацца сенненскім мёдам.

Ганна КОРСАКАВА.

Фота аўтара.