Супрацоўнікі аддзялення кругласутачнага знаходжання ў аг. Багданава імкнуцца «сагрэць сэрцы пажылых людзей»

     4   Нездарма кажуць: старасць – не радасць. Асабліва калі на схіле гадоў чалавек застаўся сам на сам са сваімі хворасцямі, немаччу і жыццёвымі праблемамі, калі побач няма роднага чалавека, які б мог дапамагчы.

     Аде дзяржава не кідае на волю лёсу нямоглых састарэлых людзей. Добрым выхадам з нялёгкай жыццёвай сітуацыі для іх з’яўляюцца аддзяленні кругласутачнага  знаходжання. Такія, як у аграгарадку Багданава. Аддзяленне існуе шэсць з паловай гадоў. Пражываюць тут 28 чалавек, сярэдні ўзрост якіх складае 78 гадоў.

 Умовы быту

    У аддзяленні робіцца ўсё для таго, каб яго насельнікі адчувалі вакол сябе хатнюю атмасферу.

   Па спецыяльна распрацаваным праекце “Мінулае – сучаснае” зроблена добраўпарадкаванне. Пра былое старым напамінаюць малыя архітэктурныя формы, устаноўленыя на тэрыторыі вакол аддзялення: калодзеж, млын, мосцік праз рэчку, неабходныя ў сялянскай гаспадарцы рэчы… Цяперашняе жыццё састарэлых – гэта само аддзяленне, якое радуе вока сучасным інтэр’ерам, утульнымі пакоямі, дзе пажылыя людзі адчуваюць сябе як дома, і ў той жа час яны маюць магчымасць карыстацца ўсімі бытавымі зручнасцямі.

 Рэабілітацыя і аздараўленне

  Разам з бытавымі ўмовамі пражывання ўдзяляецца немалая ўвага рэабілітацыі для зніжэння захворванняў і павелічэння працягласці жыцця бабуль і дзядуль.

    У аддзеленні працуе кабінет рэабілітацыі. На кожнага пражываючага распрацаваны (у залежнасці ад захворвання) індывідуальны план сацыяльнай рэабілітацыі і аздараўлення. Штодзённа са старымі праводзяцца заняткі. Падтрымліваць фізічны стан дапамагаюць разнастайныя масажоры і іншыя сродкі індывідуальнай рэабілітацыі. Работнікі аддзялення і самі праявілі фантазію і разам са сваімі падапечнымі вырабілі з каменчыкаў, гузікаў, пяску, шышак, гароху, іншых падручных матэрыялаў “дарожкі здароўя” для масажу ступней.

     У комплекс рэабілітацыйных паслуг уваходзіць фітабар з вялікім наборам лекавых траў, якія ўжываюцца згодна з распрацаванымі рэкамендацыямі. Робяць старыя і ранішнюю гімнастыку, для правядзення якой маецца наглядная інфармацыя. Арганізаваны ў кабінеце рэабілітацыі і заняткі лячэбнай фізкультурай. Вядуцца назіранні за ўздзеяннем рухальнай актыўнасці на здароўе старых. З дапамогай нядаўна набытай саляналямпы праводзіцца экспрэс-тэрапія органаў дыхання.

  На душэўны стан састарэлых спрыяльна ўздзейнічаюць музыка- і вакалатэрапія. Гэтым відам аздараўлення насельнікі Багданаўскага аддзялення маюць магчымасць карыстацца штодзённа. Удзельнікі сенненскай ініцыятыўнай групы “Родник” падарылі сацыяльнай установе гармонік. Цяпер і ў будні, і ў святы гарманіст-самавучка Віктар Лях, які жыве ў аддзяленні, весяліць усіх ігрой на інструменце.

 Занятасць

    Адчуць сваю неабходнасць і карысць пажылым людзям дапамагае распрацаваная ў аддзяленні праграма занятасці. Яна арыентавана на задавальненне патрэб пражываючых і таму мае практычную накіраванасць: падтрыманне парадку ў пакоях, догляд пакаёвых раслін, самаабслугоўванне. Насельнікі аддзялення ахвотна дапамагаюць вырошчваць на зямельным участку ўстановы гародніну, якая выкарыстоўваецца для харчавання.

    Яшчэ вольны час старых запаўняюць заняткі ў гуртках па інтарэсах. З задавальненнем наведваюць гурткі дэкаратыўна-прыкладной творчасці і жанчыны, і мужчыны. У аддзелянні рэгулярна наладжваюцца выставы вырабаў гурткоўцаў.

5 Валанцёры і спонсары

  Часта ва ўстанову прыходзяць вучні Багданаўскай школы. Іх увага, клопат і дапамога прыносяць радасць старым.

   Актыўны ўдзел у жыцці аддзялення прымаюць раённыя грамадскія арганізацыі: Беларускага саюза жанчын, Фонда міра, Чырвонага Крыжа, а таксама калектывы іншых аддзяленняў ТЦСАН – дзённага знаходжання для інвалідаў, сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі. Валанцёры арганізуюць акцыі, і прымеркаваныя да святочных дат, і проста з мэтай аказання дапамогі састарэлым: збіраюць цёплыя рэчы, кнігі для бібліятэкі аддзялення, праводзяць для старых розныя мерапрыемствы.

    Спонсарскую дапамогу сацыяльнай установе аказваюць Багданаўская школа, сельвыканкам, вытворчы ўчастак РУП ЖКГ, Ульянавіцкае лясніцтва, агенцтва нерухомасці “Твая сталіца” г.Мінска, прадпрымальнікі Ю.Удот і А.Лапеха. Дзякуючы спонсарам набыты і пасаджаны на ўчастку саджанцы дрэў, дэкаратыўных кустоў, завезены глебавы грунт, зроблена многае іншае. Сёлета плануецца завяршыць работу па стварэнні малых архітэктурных форм.

    “Вядома, аддзяленне кругласутачнага знаходжання – гэта не сцены роднай хаты, і ніхто не заменіць клопату і ўвагі блізкіх людзей. Але мы ўсё ж стараемся сагрэць сэрцы пажылых людзей”, — гаворыць загадчыца аддзялення Надзея Васілёнак.

 Таццяна Буракова.

На здымках: жыльцы аддзялення пасля збору лекавых раслін; на занятках гуртка дэкаратыўна-прыкладной творчасці.