Захавальнікі нацыянальных традыцый

      img_7784      Калісьці амаль у кожнай вёсачцы быў Дом культуры ці клуб – месца, дзе вяскоўцы маглі адпачыць, патанцаваць, сустрэцца з суседзямі, расказаць навіны і абмеркаваць свае праблемы. На жаль, многія вёскі пусцеюць, там застаецца мала жыхароў, адпаведна, зачыняюцца і ўстановы культуры. Тым не менш, на сённяшні дзень у нашым раёне налічваецца 18 сельскіх клубных устаноў. Адной з лепшых — з’яўляецца Ходцаўскі сельскі Дом культуры.

  Усе мерапрыемствы, якія праводзяцца, праходзяць цікава. Калектыў Дома культуры складаецца з двух чалавек: дырэктара Алесі Даукшас і мастацкага кіраўніка Любові Жукоўскай. Жанчыны ўмеюць прыцягнуць людзей на розныя святы сваёй добразычлівасцю, жывой творчай працай. Работнікі культурнай установы актыўна супрацоўнічаюць з агульнаадукацыйнай і музычнай школамі аграгарадка Ходцы. Ладзяць розныя “аганькі”, выставы-прэзентацыі, чаяванні, канцэрты. Наведваюцца з культурнай праграмай у мясцовае аддзяленне кругласутачнага знаходжання адзінокіх састарэлых грамадзян, арганізоўваюць свята весак. Так, за першы квартал бягучага года было праведзена 43 мерапрыемствы, на якіх прысутнічала каля тысячы чалавек.

  Сямейны клуб “Сузор’е надзей” з’явіўся ў 2009 годзе. У яго ўваходзяць 10 сямей, якія ўзялі на выхаванне прыёмных дзяцей. Турніры па шашках, спартландыі, пасяджэнні клуба, знаёмствы – традыцыйныя мерапрыемствы, якія праводзяць работнікі культуры. Ужо стала добрай традыцыяй да Дня абаронцаў Айчыны і 8 Сакавіка рыхтаваць сумесныя канцэрты, віншаванні бацькоў.

    Ні адно свята як ў межах Ходцаўскага сельсавета, так і раёна не праходзіць без вакальнай групы “Весялуха”. Яе выступленні заўсёды яркія, запамінальныя. «Весялуха» — калектыў адносна малады. Гурт існуе пяць гадоў. Пры мясцовым Доме культуры заўсёды існавалі аматарскія згуртаванні, якія аб’ядноўвалі самародных спевакоў і спявачак. Ні ўзрост, ні сацыяльны статус не маюць ніякага значэння для ўдзельніц гурта. Галоўнае — любіць песню. Так стварылася вакальная група з афіцыйнай назвай “Весялуха”.

    Ганарыцца Ходцаўскі сельскі Дом культуры сваім народным клубам беларускай нацыянальнай кухні, гульні і фальклора “Хадчаначка”. У 2014 годзе пад кіраўніцтвам Любові Жукоўскай, заснавальніцы клуба і яго мастацкага кіраўніка, калектыў атрымаў ганаровае званне згодна з пастановай Міністэрства культуры краіны «Аб прысваенні і пазбаўленні наймення «народны» («узорны»)». Высокай адзнакі «Хадчаначка» ўдастоілася за дасягнутыя поспехі ў развіцці аматарскай мастацкай творчасці, папулярызацыю нацыянальных культурных традыцый, актыўную канцэртную і выставачную дзейнасць. Дзе “Хадчаначка”, там заўсёды народныя песні і гульні, упрыгожаны святочны стол стравамі нацыянальнай кухні, багаты агароднінай. У час візіту ў Ходцы, пры размове з Алесяй Міхайлаўнай, даведалася, што на Сенненшчыне існавалі такія стравы, як хруца, сашэнь, як гатавалі нашы продкі камы з салам і цыбуляй, кашу пярловую з салам і бульбай, квас мядовы, шчаўе, кулеш і, нават, шамшурыкі.

 “Хадчаначка” штогод  выступае на падвор’і Сенненскага раёна на “Славянскім базары ў Віцебску”. Народны клуб моцна заявіў пра сябе. Яго ведаюць далека за межамі раёна. А колькі дыпломаў у “Хадчаначкі” не толькі за ўдзел у мясцовых, раённых мерапрыемствах, што праводзяцца на Масленіцу, Купалле, Спас, навагодніх парадах, патрыятычных конкурсах, а і на абласных, міжнародных.

    Не аднойчы пра народны клуб беларускай нацыянальнай кухні, гульні і фальклора “Хадчаначка” пісалі як у раённай газеце, так і многіх абласных. Пра сябе клуб можа расказаць і ў метадычным зборніку, некалькіх буклетах.

    Пры сельскім Доме культуры дзейнічаюць і гурткі вышывання, сольныя дзіцячыя і дарослыя спевы, харэаграфічная група.

   Сама Алеся Даукшас больш за 15 гадоў працуе ва ўстанове культуры. Разам з маці, Любоўю Жукоўскай, і іншымі ходцаўскімі артыстамі-аматарамі, майстрамі адраджаюць народныя традыцыі і абрады, робяць жыццё вясковых людзей больш насычаным і цікавым, развіваюць таленты, дапамагаюць адаптавацца, дзецям у прыемных сем’ях, робяць пазашкольны занятак разнастайна — адным словам, працягваюць жыццё сваёй вескі.

Ірына ХАСАНАВА.

НА ЗДЫМКУ: А.Даукшас праводзіць заняткі па вышыванні з Палінай Ламановіч і Ганнай Шэстаковай.