ЖКГ: як гатовы да зімы

    image144801187 Верасень парадаваў нас цёплым сухім надвор’ем, даў магчымасць у спрыяльных умовах завяршыць усе летнія справы і падрыхтавацца да асенне-зімовага перыяду.

     Як гатовы жыллёвы фонд Сенненскага РУП ЖКГ да ацяпляльнага сезону расказвае начальнік цэха па тэхнічным абслугоўванні і эксплуатацыі жыллёвага фонду Міхаіл Бязручанка:

—  Работы па падрыхтоўцы жылых дамоў да ацяпляльнага перыяду набліжаюцца да завяршэння. Праведзены прафілактычны рамонт сістэм ацяплення 169 дамоў з 174 па плану. Заканчваецца рамонт цеплаізаляцыі труб ацяплення, якія праходзяць у падвалах, іншых падсобных памяшканнях шматпавярховак.

     Да канца месяца будзе поўнасцю выкананы  запланаваны бягучы рамонт 248 дамоў, праведзена прафілактычнае абслугоўванне водаправодных і каналізацыйных сетак. Заканчваюцца работы па рамонце дахаў. Да эксплуатацыі гатовы 107 з 110 цеплапунктаў.

     Ужо вядзецца абследаванне дамоў прыёмнымі камісіямі і падпісанне актаў гатоўнасці. Потым будзе выдадзены агульны на ўсе дамы пашпарт гатоўнасці.

     Як паведаміў начальнік цэха кацельных і цеплавых сетак Аляксандр Бярозка, заканчваюцца работы па падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезону цеплавых сетак і кацельных, у якіх завершаны бягучы рамонт абсталявання.  Будзе заменены на больш магутны кацёл кацельнай Багушэўскага дома-інтэрната, для правядзення гэтых работ ужо знойдзены падрадчык. Завяршаецца падключэнне Цэнтральнай раённай бальніцы да кацельні ПМС, якая цяпер будзе даваць цяпло ў памяшканні медустановы. Поўнасцю падрыхтаваныя да работы кацельні атрымліваюць пашпарты гатоўнасці.

    Працягваецца абнаўленне цеплатрасы. Сёлета заменена больш за 3 км труб, што дазволіць больш надзейна і з меншымі стратамі эксплуатаваць цепласеткі.

     На дадзены момант да ацяпляльнага перыяду нарыхтавана 1 тыс. м куб. шчапы і 7,5 тыс. м куб. дроў. Гэтага запасу недастаткова. Каб забяспечыць кацельні мясцовымі відамі паліва, РУП ЖКГ заключыла з Багушэўскім лясгасам дагаворы на вываз 4 тыс. м куб. дроў і 3 тыс. м куб. шчапы. Да 1 кастрычніка гэта паліва будзе вывезена, запэўніў Аляксандр Бярозка.

Наш кар.