Вяскоўцам прадастаўляецца выбар

Колькасць жывёлы, што ўтрымліваецца на асабістых падворках вяскоўцаў, з году ў год скарачаецца. Усё менш зямлі, якая апрацоўваецца, каб атрымліваць прадукцыю дзеля ўласнага спажывання і на корм хатнім гадаванцам. Урбанізацыя. Згодна з апошнім перапісам у беларускай вёсцы  жыве 26 % насельніцтва.

 Тым не менш, доля сельгаспрадукцыі, што вырошчваецца ў прыватным сектары эканомікі, усё ж  значная і складае больш за 30 % ад агульнага аб’ёму вытворчасці, і прыраўноўваецца да аб’ёму  сельгаспрадукцыі, вырашчанай адной вобласцю краіны.

 Улады Беларусі  хацелі б мець ад сялянскага падворка яшчэ больш прадукцыі. Прэзідэнт нават выдаў указ у падтрымку асабістых падсобных гаспадарак. Згодна з ім Урад і мясцовыя органы ўлады павінны больш актыўна дапамагаць людзям, якія маюць прысядзібную гаспадарку і займаюцца вырошчваннем сельгаспрадукцыі. Для  пашырэння вытворчасці ў банку можна ўзяць крэдыт.

Сродак існавання

У Алексінічах на ўласных падворках мясцовых жыхароў утрымліваецца 59 кароў. Гэта менш, чым было 20 гадоў таму, але і нямала. У Машканах прыватны дойны статак налічвае 35 галоў, у Нямойце —13. Заўважым, што пяць гадоў таму жыхары вёскі, названай апошняй, трымалі  130 кароў. Тлумачэнне такой сітуацыі простае —  частка жыхароў Алексініч прысядзібную гаспадарку лічыць адзінай крыніцай для існавання. у Машканах  і нямойце жывуць з заробку, атрыманага ў грамадскіх сельгасарганізацыях.

 Аркадзь Шыбека на пару з жонкай трымае дзве каровы, ёсць іншая дробная жыўнасць і, зразумела, конь. Без цягла справіцца з гаспадаркай немагчыма. Дарэчы быў бы  і трактар з наборам прылад для апрацоўкі зямлі, нарыхтоўкі кармоў. Тым больш, што Аркадзь Аркадзьевіч мае багаты досвед у сельскагаспадарчай тэхніцы. У свой час ён быў адным з лепшых механізатараў калгаса «Запаветы Ільіча». Як і яго бацька Аркадзь Пятровіч Шыбека, узнагароджаны ў свой час  ордэнамі Леніна і Кастрычніцкай рэвалюцыі. Але набыць тэхніку  немагчыма нават з дапамогай банка — трэба мець нешта ў заклад. А што? Жывёлу не бяруць, легкавога аўтамабіля няма…

 — Быў бы трактар, можна было б пашыраць гаспадарку, займацца вытворчасцю не толькі малака. Задумкі ў мяне ёсць. Ды, відаць, рэалізаваць іх не змагу, — свайго песімізму мой субяседнік не хавае..

 Прысядзібная гаспадарка Шыбекаў з 90-ых гадоў мінулага стагоддзя знаходзіцца прыкладна на адным узроўні. За 9 месяцаў 2010 года дзяржава  атрымала з яе 10342 кілаграмы малака. Шыбекі зарабілі крыху больш як 9 млн рублёў. Іншыя крыніцы даходу, пераважна ад вырошчвання бульбы, прыбытак  даюць толькі ўвосень. Які ён будзе, залежыць ад многіх фактараў. Безумоўна адно, пашырыць вытворчасць Аркадзю Шыбеку наўрад ці ўдасца. Невялікі прыбытак, які дае яго гаспадарка, ідзе ў першую чаргу на задавальненне асабістых патрэб, таму таварнай прадукцыі вырошчваецца вельмі мала.

 Між тым, такія вёскі, як Алексінічы, дзе некалі размяшчаліся цэнтры калгасаў, маюць яшчэ даволі высокі эканамічны і сацыяльны патэнцыял.  Калі мы маем сур’ёзныя намеры на развіццё фермерства, хутароў, то гэта, думаецца, якраз той базіс, які можна выкарыстоўваць. Толькі традыцыйных  мер тут наўрад ці дастаткова.  Вытворчасць, заснаваная на прыватнай форме ўласнасці, мае на ўвазе эканамічную свабоду, канкурэнцыю. Умяшанне дзяржавы калі і прымаецца, то толькі ў плане вучобы людзей новым тэхналогіям, эканамічнай падрыхтоўкі, як дапамога ў  арганізацыіі збыту прадукцыі.

Сэнс Жыцця

Мікалай і Вольга Залецкія маюць яшчэ большую ўласную гаспадарку. Пенсіянеры з вёскі Заслонаўка трымаюць на сваім падворку 4каровы, цялушку, казу, каня, свіней, птушку. Толькі каб напаіць увесь гэты статак, патрэбна каля паўтоны вады. Акрамя гэтага, на  кожную галаву трэба нарыхтаваць сена,зернефураж. Корм у неабходнай колькасці жывёла мае.  Летам дапамагаюць дзеці ды ўнукі, не адмаўляе кіраўніцтва  СВК «Пурплева».

 — Сёлета ўсю траву трактарам пакасілі, — расказвае Мікалай Пятровіч. — Старшыня кааператыва Віктар Гваздзёў, хай Бог дае яму здароўя, адразу адгукнуўся, як толькі я звярнуўся з просьбай.

 Траву на сена Залецкія косяць пераважна па няўдобіцах, на  прысядзібных участках кінутых хат. Тую зямлю, што апрацоўваюць, засяваюць зерневымі. Сёлета сеялі пшаніцу — азімую і яравую, зернясумесі. Намалацілі каля трох тон зерня. Усё яно пойдзе на корм жывёле. У свой час набылі млын, саламарэзку. Так што корм , здабыты нялёгкай працай, выкарыстоўваецца ашчадна і з высокай аддачай. Для жывёлы Залецкія купляюць і камбікорм. Яго звычайна дастаўляе  аўталаўка райспажыўтаварыства.

 Значная частка прадукцыі, што дае падсобная гаспадарка, ідзе на харчаванне вялікай сям’і. У Залецкіх трое дарослых  сыноў і дачка. Адна з унучак нядаўна выйшла замуж. А вось малако амаль усё рэалізуецца дзяржаве.

 — У дзень здаем каля 90 кілаграмаў. Кароў доім уручную. Але, відаць, трэба купляць ужо даільны апарат. Цяжкавата нам  са старой за цыцкі цягаць, — смяецца гаспадар.

 Рабочы дзень Залецкіх пачынаецца  недзе ў 3гадзіны раніцы, бо ў 5 гадзін за прадукцыяй  прыязджае малаказборшчык. Да гэтай пары паспяваюць накарміць іншую жывёлу. Здавалася б, пасля гэтага  можна гадзіну-другую па­спаць. Толькі ў іх іншы рэжым дня.

 — І жонка, і я нарадзіліся і выраслі тут, у гэтай вёсцы. Змалку ведаем і любім сялянскую працу. Фізічныя нагрузкі, якія даводзіцца вытрымліваць штодня, прыносяць толькі задавальненне, — працягваецца наша размова.

 Сучасным маладым людзям наўрад ці зразумець Мікалая Пятровіча. Нават уласныя дзеці і ўнукі, хоць і дапамагаюць старэйшым Залецкім, вялікага запалу да сельскагаспадарчай працы не выказваюць. Таму і вы­бралі для пастаяннага месца жыхарства гарады, а ў якасці працы — сферу, не звязаную з сельскай гаспадаркай.  Дачка, праўда,  жыве ў Белай Ліпе і таксама занята традыцыйнай сельскай працай. Так што ні Мікалай Пятровіч, ні Вольга Васільеўна рэцэпта, як  прывабіць моладзь да сялянскай працы, не ведаюць.

 — Я, напрыклад, за хатнюю гаспадарку прывык адказваць з дзяцінства, — успамінае Мікалай Залецкі. — Бацька з вайны без ног вярнуўся, таму  касіць, араць навучыўся рана. Праца сілу давала, упэўненасць. А яшчэ ж даводзілася ў школу хадзіць ажно ў Янова. 12 кіламетраў у адзін бок, столькі ж — назад. У інтэрнаце жыў толькі  тры зімовыя месяцы.

 Інтарэсы ў Залецкіх не замыкаюцца толькі на клопатах пра гаспадарку. Выдаецца вольная гадзіна, і Вольга Васільеўна садзіцца за рукадзелле. Мікалай Пятровіч любіць чытаць перыядычныя выданні, у тым ліку і «раёнку». Калі ўключае тэлевізар, то перавагу аддае навінам. Уважліва сочыць за развіццём аграпрамысловага комплексу  ў краіне, радуецца яго поспехам. У адным ён упэўнены: уласную гаспадарку павінна мець кожная вясковая сям’я, нягледзячы на тое, што прыбытак яна прыносіць невялікі. Затое для выхавання дзяцей, для атрымання першых вытворчых навыкаў жывёла на падворку, агарод побач з хатай — якраз тое, што трэба. Вяскоўцу няма часу чытаць дзецям казкі. Выхаваўчы працэс ідзе адначасова з працай.

 Што і казаць, слушны вывад, да якога можна дадаць хіба што пажаданне, каб намер дзяржавы падтрымаць сялянскі падворак спраўдзіўся, рэалізаваўся ў больш канкрэтнай праграме. А самае галоўнае, вясковец атрымаў магчымасць выбіраць — займацца прысядзібнай гаспадаркай ці зарабляць сродкі ў грамадскіх сельгасарганізацыях.

 

Аляксандр Лазюк.

 На здымку: Мікалай Пятровіч і Вольга Васільеўна Залецкія на ўласным падворку.