Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь адбыліся

   img_1611    Згодна з інфармацыяй, змешчанай на сайце Цэнтральнай выбарчай камісіі, удзел у галасаванні прынялі 74,3% грамадзян краіны, што маюць права ўдзельнічаць у выбарах. У Віцебскай вобласці прагаласавала 79,98 % выбаршчыкаў. Сенненцы былі яшчэ больш актыўнымі. Каб выканаць свой грамадзянскі абавязак, на выбарчыя ўчасткі прыйшло 86,9% нашых землякоў.

   Найбольшая колькасць выбаршчыкаў, 1865, была зарэгістравана на ўчастку № 3, 6 з іх прымалі ўдзел у галасаванні ўпершыню. 33% ад гэтай колькасці прагаласавала датэрмінова. Асабліва актыўна гэтым правам карысталіся сенненцы ў суботу.

 — У выхадны дзень гараджане сем’ямі наведваюцца на рынак, у магазіны райспажыўтаварыства. Пасля гэтага многія наведваліся на ўчастак, — падзялілася сваімі назіраннямі Людміла Аніськовіч, старшыня выбарчай камісіі.

      У нядзелю на выбарчым участку самая высокая актыўнасць была зарэгістравана ў першыя дзве гадзіны галасавання. Зрэшты, як і на іншых участках – гэта яшчэ адна асаблівасць менталітэту сенненскіх выбаршчыкаў. Многія прыходзілі на ўчасткі сем’ямі, з дзецьмі, як Ігар і Жанна Ермашкевічы, Крысціна Мацуганава, якія галасавалі на ўчастку № 2. У СШ №1 раніцай разам з жонкай галасаваў і старшыня райвыканкама Васілій Чараднік. Ён павіншаваў членаў камісіі са святам, меў непрацяглую гутарку з яе старшынёй.

      На ўсіх выбарчых участках прысутнічалі назіральнікі. Яны сачылі за ходам датэрміновага галасавання, суправаджалі членаў камісіі, якія выязджалі да выбаршчыкаў, што захацелі прагаласаваць па месцы жыхарства. Большасць назіральнікаў прадстаўлялі грамадскія аб’яднанні, палітычныя партыі. На ўчастках можна было сустрэць і людзей, якія назіралі за выбарамі па даручэнні групы грамадзян шляхам збору подпісаў.

     Пачынаючы з суботы ў Сенненскім раёне працавалі міжнародныя назіральнікі. Яны прадстаўлялі СНД і АБСЕ. З адным з іх, Дзмітрыем Смірновым, расіянінам з Пскоўшчыны, давялося пагутарыць на выбарчым участку ў Сінягорскім. Прадстаўнік Саюза Незалежных дзяржаў не першы раз у Беларусі як назіральнік. На Сенненшчыне сёлета таксама наведаў не адзін участак, кантактаваў з членамі акруговай камісіі. Ацэньваючы ход выбараў, ён адзначыў высокую арганізацыю, адпаведнасць заканадаўству, пазітыўны настрой выбаршчыкаў.

      Па папярэдніх даных па выніках галасавання на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання перамогу па Сенненскай выбарчай акрузе № 30 атрымаў Анатоль Лукашоў.

 Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.

 Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *