«Чаму вы ўдзельнічаеце ў выбарах?» — з такім пытаннем мы звярнуліся да сенненцаў

vybory2016_450Лілія КУЛІК, старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў, культуры, інфармацыі, спорту і турызму:

Я іду на выбары, бо гэта мой абавязак як грамадзянкі Беларусі, якую не можа не хваляваць лёс радзімы. Што датычыцца кандыдатаў у дэпутаты, то з іх пазіцыяй я ўжо паспела азнаёміцца. Уважліва чытала перадвыбарныя праграмы ў раёнцы, глядзела выступленні па тэлебачанні. Цяпер магу адназначна сказаць, што вызначылася з асобай, за якую аддам свой голас. Хочацца спадзявацца, што гэты чалавек будзе актыўна адстойваць інтарэсы нашага раёна і яго жыхароў у парламенце і шмат добрага зробіць для нашай Сенненшчыны.

Станіслаў ПАДАЛІНСКІ, памочнік пракурора Сенненскага раёна:

Выбары — адна з галоўных падзей ў жыцці народа, прыняць удзел у якой важна для кожнага грамадзяніна. Галасаванне — гэта адна з форм праяўлення дэмакратыі. Ад нашага голасу залежыць тое, як мы будзем жыць далей, якім палітычным і эканамічным курсам будзе кіравацца наша краіны. Народным выбраннікам належыць вызначаць вектар развіцця Беларусі. Таму, упэўнены, кожны грамадзянін павінен адказна падысці да гэтай падзеі, памятаючы пра тое, што наш голас вырашае ўсё.

Асабіста я пакуль уважліва вывучаю праграмы кандыдатаў у дэпутаты ад Сенненскай выбарчай акругі, каб вызначыцца па-сапраўднаму з годным прэтэндэнтам.

Юлія ТРУТЧАНКА, малады спецыяліст УП “Дружбінец”:

Абавязкова прыйду на выбарчы ўчастак і прагаласую за аднаго з кандыдатаў. Галасаваць буду на малой радзіме ў г. Горкі Магілёўскай вобласці.

Лічу, што кожны голас важны. Мы выбіраем будучыню Беларусі, наша права на жыццё ў стабільнай і мірнай дзяржаве. Я толькі пачала свой працоўны шлях. Наперадзе — шмат планаў і ідэй. Як прадстаўнік маладога пакалення спадзяюся, што падтрымка моладзі ў нашай краіне застанецца ў прыярытэце.

Алена ГАРБАЧОВА, сакратар участковай камісіі №11 (Багданаўскі сельсавет):

— Па службовым абавязку 11 верасня я правяду на сваім выбарчым участку, там і прагаласую. Лічу, што кожны грамадзянін нашай краіны абавязаны аддаць свой голас і прыйсці на выбары. Гэта мы імкнёмся данесці і да свядомасці выбаршчыкаў. Згодна падлікаў на тэрыторыі нашага выбарчага ўчастка пражываюць 709 чалавек, маючых права голасу. Яўку чакаем неблагую. Па настроях адчуваецца людзі намераны выканаць свой грамадзянскі абавязак. Многія цяпер прыходзяць на ўчастак, каб пацікавіцца перадвыбарнымі праграмамі кандыдатаў, іх біяграфіямі. Памяшканне выбаркама таксама цалкам падрыхтавана да выбараў: аформлены неабходныя стэнды, у наяўнасці дакументацыя, усталяваны празрыстыя ўрны для галасавання. Пры выбаркаме зарэгістраваны чатыры назіральнікі. Трое з іх акрэдытаваны ад грамадскіх аб’яднанняў — раённага савета ветэранаў, “Беларускага саюза жанчын”, “Белай Русі”, яшчэ адзін вылучаны ад грамадзян шляхам падачы заявы.

Апытанне правяла Вольга БАНДАРЭВІЧ.