Паэт, журналіст, шчыры чалавек

     ЛазукавічЗа сваю амаль стогадовую гісторыю сенненскай “раёнцы” шанцавала на таленавітых людзей. Адным з іх быў Іван Лазука – таленавіты паэт, здольны журналіст и кіраўнік, добры чалавек. Шмат гадоў прысвяціў Іван Емяльянавіч нашай газеце, тры з іх працаваў рэдактарам.

     Паэтычныя здольнасці яго праявіліся яшчэ ў дзіцячым узросце. Напэўна гэтаму садзейнічала прырода вёскі Балбечча Бешанковіцкага раёна, дзе ў 1948 годзе ён з’явіўся на свет. Прыгожы бор, маляўнічыя краявіды берагоў Дзвіны спрыялі развіццю паэтычнага таленту хлопчыка.

     Чытаць навучыўся ў чатыры гады. Пачатковую адукацыю атрымаў у школе суседняй вёскі Дубішкі. Сярэдняя школа была ў вёсцы Пяцігарск. Кожны дзень – зімой пешшу, летам на веласіпеде – Іван адмерваў па лесе дзесяць кіламетраў. Адзін з вёскі пайшоў у дзявяты клас. Пісаў вершы, якія ўжо не пакідалі яго на працягу жыцця. Дапамагалі стойка пераносіць цяжкасці службы воіна-дэсантніка, якому давялося прымаць удзел у падзеях 1968 года ў Чэхаславакіі. У перыяд службы актыўна супрацоўнічаў з дывізіённай газетай “Гвардеец”, цэнтральным выданнем Беларускай ваеннай акругі “Во славу Родины”.

   Вершы прывялі Івана Лазуку і ў Бешанковіцкую раённую газету. У рэдакцыі “Зары” даўно прымецілі здольнага маладога чалавека (вершы яго не раз друкаваліся на старонках выдання), таму ўзялі на пасаду літработніка з сярэдняй адукацыяй. Потым прызначылі загадчыкам аддзела пісьмаў. У хуткім часе паступіў на завочнае аддзяленне факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

     У 1972 годзе Іван Лазука перавёся ў рэдакцыю Сенненскай раённай газеты “Ленінская іскра” (так называлася тады наша “раёнка”). Працаваў загадчыкам сельгасаддзела, намеснікам рэдактара, а з 1983 па 1986 год – рэдактарам. Па ўспамінах былых работнікаў рэдакцыі, быў вельмі дэмакратычным кіраўніком, мог знайсці агульную мову з кожным супрацоўнікам. Талент разумець слова дазваляў яму правільна штосьці падказаць і ацаніць працу іншых.

   З пасады рэдактара ён пайшоў вучыцца ў Мінскую вышэйшую партыйную школу. Акрамя асноўных заняткаў там арганізоўвалася шмат сустрэч са знакамітымі пісьменнікамі і паэтамі. Знаёмства з імі зрабіла вялікі ўплыў на ўдасканаленне паэтычнай творчасці Івана Лазукі. Яго вершы друкаваліся ў рэспубліканскіх выданнях: часопісах “Вожык”, “Родная прырода”, паэтычных зборніках.

    Пасля заканчэння партшколы Іван Емяльянавіч атрымаў прызначэнне на пасаду рэдактара Докшыцкай раённай газеты “Ленінская трыбуна”. Тут яго таксама ацанілі як сапраўднага прафесіянала, здольнага стварыць для журналістаў творчую атмасферу і свабоду кіраўніка. Ён шмат ведаў і ахвотна дзяліўся сваімі ведамі з калегамі. Докшыцкая раёнка абавязана Івану Лазуку сваёй новай мілагучнай назвай “Родныя вытокі”, пад якой выходзіць і сёння.

     У наш горад Іван Емяльянавіч вярнуўся праз пяць гадоў з-за неўладкаванасці быту: разрывацца паміж сям’ёй, якая заставалася жыць у Сянно, і работай больш было немагчыма. Аднак прыйшлося змяніць амплуа, перакваліфікавацца з газетчыка ў спецыяліста аднаго з аддзелаў райвыканкама. Але і ў гэтай якасці Іван Лазука не пакідаў пісаць вершы. Яны друкаваліся ў “Родных вытоках”, “Голасе Сенненшчыны”, абласных і рэспубліканскіх выданнях. Многія яго творы пра Сенненшчыну перакладзены на музыку, гучаць з раённай сцэны, у клубах, на палявых станах.

    Працуючы ў Сенненскім райвыканкаме, Іван Лазука стаў адным са складальнікаў гісторыка-дакументальнай кнігі “Памяць. Сененскі раён”. Ёсць у ёй і старонкі, прысвечаныя яму самому.

Таццяна БУРАКОВА