Ці захаваем прыгажосць?

   IMG_7459    Сянно рыхтуецца да абласнога свята-кірмашу “Дажынкі-2016”. Горад прыгажэе на вачах: узводзяцца новыя аб’екты, аднаўляюцца існуючыя. Часовыя нязручнасці ў выглядзе шумна працуючай тэхнікі, раскапаных дарог хутка скончацца. Узнікае пытанне, а ці надоўга хопіць створанай прыгажосці? 

    За адказам далёка хадзіць не трэба. Возьмем, напрыклад, парк Трох Герояў. Не так даўно тут усталявалі ўзоры ваеннай тэхнікі: самаходную артылерыйскую ўстаноўку, гаўбіцу, гарматы, баявую машыну пяхоты і самалёты – СУ-24, СУ-27. Знайшліся ўжо і першыя  “тэстыроўшчыкі”, асабліва іх многа сярод дзяцей. Яно, зразумела, і нядзіўна, бо ў дзятвы ўзнікае цікавасць да ўсяго новага. Добра, калі яна ідзе поруч з беражлівасцю, якую сваім прыкладам павінны паказваць бацькі. На жаль, да гэтага пакуль далёка.

      Паводзіны некаторых дарослых, бы дапаможнік са шкоднымі парадамі. І гэта не проста словы. Па дадзеных раённага аддзела ўнутраных спраў, перыядычна заводзяцца адміністрацыйныя пратаколы за распіццё спіртных напіткаў у грамадскіх месцах. Сярод аблюбаваных месцаў аматараў “зялёнага змія”, канешне ж, новыя альтанкі і лавачкі ў вышэйназваным парку. Пра маральны бок праблемы разважаць не будзем…

     На розум прыходзіць адна вядомая фраза: “Што маем – не захоўваем”. Не захоўваем, бо не цэнім, не адчуваем адказнасці за свае ўчынкі. Як паказвае практыка, усе “новаўвядзенні” ў нашым горадзе прыгожымі і цэлымі застаюцца нядоўга. Так, усяго за год існавання, усталяваная ў “Скверы выратавальніка”, што ля будынка РАНС, аўтацыстэрна змяніла свой знешні выгляд да непазнавальнасці: выбітае шкло і іншыя сляды чалавечай прысутнасці. І гэта далёка не адзінкавы выпадак…

    А потым з’яўляюцца скаргі. Прад’яўляюцца прэтэнзіі, патрабаванні — вакол усе абавязаны. Чыста не там, дзе ўбіраюць, а там дзе не засмечваюць. Так і ў дадзеным выпадку: прыгожа там, дзе з беражлівасцю і павагай адносяцца да помнікаў і да горада ў цэлым. Вам не здаецца справядлівым, што мы жывём так, як таго заслугоўваем?

Наш кар.