Праблемныя і надзённыя пытанні, якія хвалююць вяскоўцаў, абмеркавалі на пасяджэнні

     44     На Сенненшчыне ў практыку трывала ўвайшлі дні Саветаў, калі прадстаўнікі раённай улады, розных службаў і ведамстваў наведваюць аддаленыя населеныя пункты, напрамую сустракаюцца з вяскоўцамі. Такія сустрэчы дапамагаюць пазнаваць і своечасова вырашаць надзённыя праблемы сельскіх жыхароў. Тое, што практыка прыносіць плён, сведчыць статыстыка зваротаў у сельвыканкамы — у параўнанні з адпаведным перыядам 2015 года іх колькасць зменшылася са 146 да 127. Тым, што хвалюе жыхароў падначаленых ім сельсаветаў, дзяліліся старшыні сельвыканкамаў на нядаўнім пасяджэнні рабочай групы па вывучэнні і прыняцці аператыўных мер па рашэнні праблемных пытанняў жыццязабеспячэння насельніцтва.

     На пасяджэнне, якое праходзіла ў вялікай зале райвыканкама, былі запрошаны члены раённага выканаўчага камітэта і кіраўнікі арганізацый і ўстаноў, начальнікі аддзелаў райвыканкама. Праводзіў нараду старшыня раённага Савета дэпутатаў М.М.Вілюга.

   Большасць праблемных пытанняў характэрна для ўсіх сельсаветаў. Штосьці ўдаецца рашыць своечасова, іншыя ж пераходзяць у разрад набалелых для сельсавецкай улады.

    Адно з такіх — добраўпарадкаванне грамадскіх могілкаў. З нядаўняга часу вясковыя пагосты перададзены на баланс ЖКГ, тым не менш за іх стан адказваюць і сельвыканкамы. А клопату шмат. Найбольш хваляванняў выклікаюць старыя дрэвы, што могуць пашкодзіць помнікі на месцах пахаванняў. Выдаліць аварыйнае дрэва — справа не з танных, даводзіцца іншы раз звяртацца да паслуг прамысловых альпіністаў, аднак, як было засведчана на пасяджэнні, на гэты год сродкаў на добраўпарадкаванне могілкаў увогуле не выдзялялася. Тым не менш работа ў гэтым напрамку вядзецца ў тым ліку за кошт шэфскай дапамогі, сродкаў самаабкладання, уласных сродкаў ЖКГ. Трэба дабівацца таго, каб у бюджэт на 2017 год былі закладзены сродкі на добраўпарадкавання могілак, упэўнены Міхаіл Вілюга.

    Яшчэ адна “балявая кропка” — водазабеспячэнне. З аднаго боку абслугоўванне водаправодных сетак, што знаходзяцца не адно дзясяцігоддзе на балансе сельгаспрадпрыемстваў, патрабуе істотных грашовых уліванняў, але адкуль ім быць, калі ў разуменні многіх карыстальнікаў пануе яшчэ савецкае ўяўленне: маўляў, калгаснае — значыць, дармовае. “Сёння бясплатнага нічога не бывае!”, — пакрэсліў Міхаіл Вілюга. На яго думку, за воду трэба плаціць, але пакуль што дагаворы на водазабеспячэнне паміж насельніцтвам і сельгаспрапрыемствам заключаны толькі ў Белай Ліпе. А вось яшчэ адзін свежы прыклад. “Водная” праблема ў вёсцы Асінаўка Беліцкага сельсавета, жыхары якой засталіся без вады па прычыне выхаду са строю цэнтральнага водаправода, што забяспечваў пітной вадой мясцовае насельніцтва і суседнюю ферму, атрымала рэзананс на ўсю краіну. Падачу вады абяцалі аднавіць пры ўмове, што людзі заключаць дагаворы на водазабеспячэнне і будуць, згодна з законам, спраўна аплачваць воду. Усе адмовіліся. Праўда, праблема з вадой у вёсцы ўсё ж вырашылася за кошт студняў. Але і тут не ўсё так проста. Калодзежы таксама маюць патрэбу ў перыядычнай ачысткі, а паслуга гэта небясплатная. Якое выйсце з сітуацыі? Старшыня Нямойтаўскага сельсавета Анатоль Бараноўскі прапанаваў апрабіраваць вопыт калег з Гомельскай вобласці, дзе насельніцтву прапаноўваецца заключыць дагавор аб бязвыплатным карыстанні калодзежаў, у такім выпадку карыстальнікі змогуць бясплатна браць воду, аднак чысціць калодзеж давядзецца за ўласны кошт.

    У чым праблема перабояў у рабоце Багушэўскай станцыі абезжалезвання не могуць разабрацца нават спецыялісты. У аб’ект укладзены вялікія грошы, але якасць пітной вады, па словах старшыні сельвыканкама Вячаслава Багданава, пакідае жадаць лепшага з-за павышанага ўтрымання жалеза.

    Сярод злабадзённых тэм — пытанні збору бытавых адходаў. Часткова вырашыць праблему з недахопам смеццевых кантэйнераў на вясковых вуліцах дапаможа жылкамунгас: 60 новенькіх ёмістасцей заменяць у райцэнтры старыя кантэйнеры, якія ў сваю чаргу перададуць на сяло.

    У шэрагу актуальных для сельскіх жыхароў і мясцовай улады сталі аспекты, звязаныя з добраўпарадкаваннем населеных пунктаў, у тым ліку  вулічнае  асвятленне, стан дарог, капітальны рамонт жылля, адлоў бадзяжных сабак, знос пакінутых нежылых дамоў і інш, барацьба з баршэўнікам, працаўладкаванне, рэарганізацыя школ.

   Рэгулярна на Днях Савета паўстаюць пытанні гандлёвага і медыцынскага абслугоўвання. Прысутныя на пасяджэнні старшыня райспажыўтаварыства Аляксандр Пуцята і галоўны ўрач Сенненскай ЦРБ Ігар Мізаўцоў падзяліліся сваім бачаннем рашэння праблемных пытанняў.

  Першынства ж у зваротах грамадзян належыць ЖКГ. З інфармацыяй аб рашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва раёна ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы выступіў дырэктар унітарнага камунальнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Арцюх.

     Звяртаючыся да кіраўнікоў вышэйназваных арганізацый, Міхаіл Вілюга заклікаў своечасова рэагаваць на запыты грамадзян, не даваць пустых абяцанняў. Неабходна больш увагі надаваць інфармаванню насельніцтва — даносіць людзям інфармацыю аб тым, што зроблена, а таксама што і калі плануецца зрабіць.

    Падводзячы рысу пасяджэння рабочай групы, старшыня раённага Савета дэпутатаў пакрэсліў, менавіта дзякуючы тлумачальнай рабоце з людзьмі знізілася колькасць скаргаў у сферы гандлёвага абслугоўвання, не паўстае пытанняў па забеспячэнні палівам. Тым не менш вострых праблем застаецца нямала. Іх вырашэнне павінна быць на пастаянным канролі ў народных выбраннікаў.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.