Дровы, яны і ў Афрыцы дровы

29 верасня 2010 года на склад Сенненскага філіяла  ОУП «Віцебскаблпалівазбыт» з Обальскага лясніцтва Багушэўскага лясгаса паступілі дровы ў аб’ёме 19,3 м куб. Загадчыца склада прыняць іх адмовілася,  патлумачыўшы такое рашэнне неадпаведнасцю паліва ўстаноўленым стандартам якасці. Аднак у сувязі з тым, што выгрузка адбылася, дровы засталіся ляжаць на тэрыторыі склада.

 — Назаўтра мы паспрабавалі адрэгуляваць сітуацыю, папрасілі прыехаць Аляксандра Свідзінскага, які на той час выконваў абавязкі ляснічага, каб скласці акт, зрабіць выбракоўку дроў. Узаемапаразумення не знайшлі і звярнуліся ў Аршанскі цэнтр стандартызацыі і метралогіі з тым, каб яго спецыялісты выступілі ў якасці арбітраў канфліктнай сітуацыі, — расказвае Уладзімір Сыраваткін, дырэктар Сенненскага філіяла  ОУП «Віцебскаблпаліва».  Так з’явіўся акт, складзены дзяржаўным інспектарам па нагляду за выкананнем тэхнічных рэгламентаў, стандартаў і сродкаў вымярэння  В.Шпакам. Дакумент бясстрасна зафіксаваў: таваратранспартная накладная серыі ХЛ №0062342 грузаатрымальнікам не падпісана, тавар не прыняты і знаходзіцца на адказным захаванні ў штабелі на адкрытым складзе.

 Што датычыцца якасных параметраў, то дровы не адпавядаюць СТБ 1510-2004 па некалькіх параметрах. У прыватнасці, яны былі трухлявыя звыш нормы. Прысутнічала знешняя, забалонная і ядровая гніль. Трапляліся сукі, абрэзаныя на вышыні 35 сантыметраў, пры дапушчальным максімуме 3 сантыметры. Ды што казаць пра якасць дроў, калі дакументы на партыю не былі аформлены як мае быць: адсутнічалі транспартны ярлык, сертыфікат якасці. На нашу думку, падобныя факты, як мінімум, сведчаць пра нізкі кантроль спецыялістаў і кіраўніцтва Багушэўскага лясгаса за работай калег у лясніцтвах, «лёгкае» стаўленне да тэхналагічных працэсаў пры нарыхтоўцы драўніны і ўстаноўленых дзяржавай стандартаў.

 — Канфліктных сітуацый пры пастаўцы дроў з лясгаса ў нас раней не было. Упершыню падобны факт  быў адзначаны ў 2009 годзе і зноў — сёлета, — не хавае Уладзімір Сыраваткін. — Я  настойліва імкнуся давесці партнёрам, што мы працуем пераважна з насельніцтвам. А таму ніякіх адхіленняў ад стандартаў проста не можа быць. Зрэшты, устаноўленым нормам павінны адпавядаць дровы і пры пастаўцы іх дзяржаўным прадпрыемствам і ўстановам.

 Не змог пераканаўча растлумачыць, чаму  гніллё з прасекі трапіла на склад прадпрыемства па паліву, Аляксандр Свідзінскі. Вінаваты, па яго словах, «стрэлачнік», дакладней, вадзіцель лесавоза, які забраў усе дровы, у тым ліку тую драўніну, што выкарыстоўвалася ў якасці падкладнікаў для штабеля. Відаць, і сукі вадзіцель абразаў, і  дакументы суправаджальныя рыхтаваў ды падпісваў…

 Адказныя асобы Обальскага лясніцтва на тым спробы рэалізаваць свой няякасны тавар не кінулі. 4-мятровыя бярвенні сталі пілаваць і грузіць на тэхніку райаграсервісу. Але і гэтая «аперацыя» была спынена. На гэты раз старшынёй райвыканкама. А таму, відаць, некаму ўсё ж давядзецца панесці адказнасць за безгаспадарчасць, за сапсаваны тавар.

 — Вынесці гэты факт  на суд грамадскасці я хацеў бы яшчэ і таму, каб спажыўцы дроў ведалі — калі вам прывезлі няякаснае паліва, дзяржава, улады тут не прычым. Гэта гора-работнікі спрабуюць схаваць свае недаробкі. Не маўчыце, змагайцеся з бракаробамі, — заклікае Эдуард Герасіменка.

Аляксандр Лазюк.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *