Міліцыянер, якога выхавалі педагогі

У Леаніда Андрэевіча  і Галіны Ягораўны Казловых да прафесіі настаўніка асаблівае стаўленне. Самі ўсё працоўнае жыццё прысвяцілі школе, дзяцей з маленства арыентавалі на педагагічную дзейнасць. І вельмі  радаваліся, калі сыны абралі для навучання гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэтаПраўда, малодшы, Андрэйна педагагічнай ніве затрымаўся нядоўга стаў працаваць у міліцыі. Пачынаў з пасады ўчастковага інспектара, потым, пасля паступлення ў Акадэмію МУС,  прызначылі следчым.  Сёння ён — падпалкоўнік міліцыі, намеснік начальніка Сенненскага РАУС — начальнік аддзела папярэдняга  расследавання. А мы гутарым з Галінай Ягораўнай Казловай, яго маці.

 — Як бацькі ўспрынялі «здраду» сына педагогіцы?

 — Скажу шчыра — насцярожана. У школе — нялёгкая праца, але педагог працуе з дзецьмі, вучыць моладзь. У міліцыі даводзіцца мець зносіны з іншымі людзьмі. Мы разумеем — выбар  вызначаны жыццёвымі абставінамі. Каролінская школа-інтэрнат, дзе Андрэй і яго жонка працавалі гісторыкамі, у сярэдзіне 90-ых стаяла на мяжы закрыцця.

 — Такім чынам, педагагічная сям’я Казловых панесла страты…

 — Не зусім так. Справа ў тым, што абедзве нашы нявесткі таксама педагогі. Сёння ў школе працуе старэйшая ўнучка. Так што педагагічныя традыцыі сям’і ёсць каму падтрымліваць і працягваць.

 — Спадзяюся,  сын-міліцыянер не стаў ізгоем?

 — Не. Наадварот. І мы, бацькі,  і брат з сястрой маральна і псіхалагічна падтрымлівалі і падтрымліваем Андрэя ў сённяшняй яго сферы дзейнасці.  Мы разумеем, як яму цяжка працаваць у міліцыі з яго вельмі высокай ступенню адказнасці.

 — Што вас, як маці,  найбольш турбуе ў працы сына-міліцыянера?

 — Хвалююся за здароўе, бо праца ў міліцыі носіць ненарміраваны характар. Часта выпадаюць начныя дзяжурствы. Добра яшчэ, што бацькі ў Сянно жывуць, і Андрэй заўжды можа заехаць паабедаць у нас.  Ездзіць з Багушэўска, як ён робіць вось ужо на працягу 11 гадоў,  таксама даволі складана. Ды і несці адказнасць за цэлы аддзел, за сваіх падначаленых таксама нялёгка. З жалем  заўважаю, як на скронях сына  з’яўляюцца сівыя валасы.

 — Галіна Ягораўна, якія рысы характару вы вылучылі б у падпалкоўніка міліцыі Казлова?

 — Пра падпалкоўніка  не скажу — я ведаю яго мала. Змалку  сваіх дзяцей мы выхоўвалі ў працы. У кожнага з іх былі свае абавязкі. Можа таму і выраслі яны  мэтанакіраванымі.  Да гэтай пары памятаю той выпадак, калі  ў інтэрнаце выкралі дрэваапрацоўчыя станкі. Знайсці злачынцаў для Андрэя было не толькі прафесійным абавязкам. Ён разумеў, што на кану  гонар сям’і. Хай праз год, але злачынства ўдалося раскрыць.

 —  Галіна Ягораўна, вы з мужам пенсіянеры. Дзеці  працуюць.  Да бацькоў яны наведваюцца не толькі  ў сілу нейкіх службовых абавязкаў ці  паабедаць?

 — Не-не. З дачкой, якая жыве ў Мінску,  сустракаемся не так часта, як хацелася б. А вось сыны бываюць рэгулярна. Іншая справа, што нашы сустрэчы вельмі кароткія. Нават з Леанідам, які працуе ў інтэрнаце. Затое ў сям’і ёсць свята, якое мы сустракаем разам, поўным складам, якое дае магчымасць  для зносін усім членам сям’і. На  Новы год да нас з Леанідам Андрэевічам прыязджаюць не толькі дзеці, але і ўнукі, чаму мы вельмі радыя. Разам мы атрымліваем  станоўчы зарад, якога  кожнаму хапае на цэлы год.

 — А як складваюцца ўзаемаадносіны паміж вашымі дзецьмі?

 — Нейкіх канфліктаў паміж імі не заўважала нават у дзяцінстве, падлеткавым узросце. Згода, узаемапаважлівыя адносіны  пануюць і ва  ўласных сем’ях. І гэта, я ўпэўнена, дапаможа рэалізавацца ім як асобам у жыцці, як прафесіяналам у любой справе.

— Дзякуй, Галіна Ягораўна, за размову. Побач са шчаслівымі людзьмі станоўчыя эмоцыі атрымліваюць усе.

Гутарыў Аляксандр Лазюк.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *