Кандыдаты вызначыліся

  1

           Рэгістрацыйныя пасведчанні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання ад Сенненскай выбарчай акругі №30 атрымалі трое чалавек. Аднаму з прэтэндэнтаў у рэгістрацыі адмоўлена. Такое рашэнне прынята 10 жніўня на пасяджэнні акруговай выбарчай камісіі.

Парушэнні не выяўлены ў дакументах прадстаўнікоў двух палітычных партый — Алены Дзям’яненка (Ліберальна-дэмакратычная партыя) і Аляксея Гаўруцікава (Партыя БНФ). Не выяўлена парушэнняў ў дакументах, прадастаўленых Анато­ліем Лукашовым, які вылучаўся  ад працоўных калектываў і ад грамадзян шляхам збору подпісаў.

                Такім чынам, на падставе вынікаў праверкі і ў адпаведнасці з артыкуламі 42 і 68 Выбарчага кодэкса члены выбаркама аднагалосна прагаласавалі за рэгістрацыю названых грамадзян кандыдатамі ў дэпутаты.

                 У рэгістрацыі было адмоўлена  Аляксандру Турку. У дэкларацыі аб даходах і маёмасці ён указаў не адпавядаючыя сапраўднасці звесткі, якія носяць істотны характар.

                Уручаючы пасведчанні, старшыня акруговай камісіі Алена Дзергачова павіншавала кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў з пераадоленнем важнага этапу выбарчай кампаніі, пажадала ім поспехаў у далейшай працы.

                Цяпер кандыдаты могуць весці паўнавартасную агітацыйную дзейнасць. Дарэчы, эфірны час на радыё і тэлебачанні размеркавалі паміж кандыдатамі ўжо на пасяджэнні. Згодна з жараб’ёўкай першай са сваёй перадвыбарнай прамовай выступіць Алена Дзям’яненка, другім — Анатолій Лукашоў, трэцім — Аляксей Гаўруцікаў.

                Таксама на павестку пасяджэння былі вынесены пытанні аб зацвярджэнні тэкста бюлетэня для галасавання і ўзору трафарэта для самастойнага запаўнення бюлетэня для галасавання выбаршчыкаў са слабым зрокам.

2

                У прысутных на пасяджэнні незалежных назіральнікаў пытанняў і заўваг па правядзенні пасяджэння і вынесеных рашэннях не ўзнікла.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

                На здымкАХ: старшыня выбаркама Алена Дзергачова ўручае пасведчанне кандыдату ў дэпутаты Аляксею Гаўруцікаву; зацверджаны тэкст  бюлетэня для галасавання.

      Фота аўтара.

 Звесткі аб кандыдатах у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання па Сенненскай выбарчай акрузе №30.

   ГАЎРУЦІКАЎ Аляксей Аляксандравіч, 1957 года нараджэння, дырэктар таварыства з абмежаванай адказнасцю «Перадавы бухулік», пражывае ў г.Віцебск, член Партыі БНФ. Ва ўласнасці знаходзіцца кватэра ў г.Віцебску плошчай 61,59 кв.метраў. Мае долю ў статутным фондзе ТАА «Перадавы бухулік» у памеры 25%, валодае акцыямі ААТ «АТЭК» у колькасці 17 штук. Агульная сума даходу за 2015 год складае 215 791 818 (недэнамінаваных) рублёў. 

   ДЗЯМ’ЯНЕНКА Алена Анатольеўна, 1979 года нараджэння,інжынер камунальнага ўнітарнага прадпрыемства па ўтрыманні камунальнай гаспадаркі «Оршакамгас», пражывае ў г.Орша, член Ліберальна-дэмакратычнай партыі. Ва ўласнасці знаходзяцца кватэра ў г.Орша плошчай 57,1 кв.метра, аўтамабіль «Toyota Corolla» 2005 года выпуску. Агульная сума даходу за 2015 год складае 61 647 910 (недэнамінаваных) рублёў.

   ЛУКАШОЎ Анатолій Іванавіч, 1960 года нараджэння, старшыня Дубровенскага раённага выканаўчага камітэта, пражывае ў г.Дуброўна, беспартыйны. Ва ўласнасці знаходзяцца жылы дом у г.Дуброўна плошчай 142,13 кв. метра, аўтамабіль «Audi A6»  2000 года выпуску. Агульная сума даходу за 2015 год складае 227 757 191 (недэнамінаваны)рубель.

  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *