У Сенненскім раёне праходзіць спецыяльнае комплекснае мерапрыемства «Увага– узрост»

zYSYtXbUСтары, як малы, кажуць у народзе: даверлівы, неабачлівы. Яго лёгка падмануць. Менавіта таму сталыя людзі нярэдка становяцца ахвярамі злачынцаў рознага кшталту. Міліцыя рознымі спосабамі імкнецца весці растлумачальную работу сярод грамадзян гэтай катэгорыі. Вось і зараз у раёне праходзіць спецыяльнае комплекснае мерапрыемства “Увага – узрост!”. Як не страціць маёмасць, як не стаць ахвярай прайдзісветаў расказвае Віктар ПРАКАПОВІЧ, начальнік Сенненскага РАУС, падпалкоўнік міліцыі.

     — Віктар Іванавіч, як сведчыць статыстыка, палова крадзяжоў з жылля сталых людзей адбываецца шляхам свабоднага доступу. Пакідаючы кватэру, хату, асабліва на непрацяглы час, людзі не замыкаюць дзверы, пакідаюць расчыненымі вокны, чым карыстаюцца злачынцы…

      — Падобныя факты найперш характэрны для сельскіх населеных пунктаў, шматкватэрных дамоў, дзе людзі добра ведаюць адзін аднаго. “Здабыткі” зладзеяў у такіх выпадках невялікія. Не хапае часу, каб агледзецца.

     Я б хацеў звярнуць увагу і на некаторыя іншыя абставіны. Жыллё сталых людзей, звычайна, дрэнна ўмацавана. Мы рэкамендуем устанавіць хаця б надзейныя замкі на ўваходных дзвярах. Даволі часта зладзеі выкарыстоўваюць звычку пакідаць ключы пад дыванком ля дзвярэй, ва ўмоўленых месцах. Не захоўвайце грошы, каштоўнасці на відавоку, сярод бялізны, кніг. Падобныя “схованкі” добра вядомыя прафесіяналам-зладзеям.

     Калі пакідаеце жыллё на працяглы час, папрасіце суседзяў, каб назіралі за кватэрай, забіралі вашу пошту са скрыні. Па ёй лёгка вылічыць вашу адсутнасць. Згубілі ключы ад кватэры? Неадкладна змяніце замкі. А самая надзейная абарона ад пранікнення ў жыллё – ахоўная сігналізацыя.

     — Дазволю сабе зноў звярнуцца да статыстыкі — многія крадзяжы адбываюцца ледзь не на вачах сталых людзей.

     — Карыстаючыся залішняй даверлівасцю, злачынцы нярэдка трапляюць у жытло пад выглядам сантэхнікаў, паштальёнаў, сацыяльных работнікаў. Іншы раз імітуюць пошук сваіх знаёмых, просяць нешта перадаць суседзям. Не выключана, што ім спатрэбіцца ручка, шклянку вады, лісток паперы. У такіх выпадках варта быць уважлівымі. Лепш не пускайце іх праз парог, карыстайцеся абмежавальным ланцужком. Калі ж незнаёмцы настойваюць, прадстаўляюцца службоўцамі нейкіх арганізацый, папрасіце паказаць пасведчанне, патэлефануйце ва ўстанову ці міліцыю.

      Бывае ў кватэры раптоўна адключылася электрычнасць, не спяшайцеся выходзіць на пляцоўку. Магчыма, там вас чакае злачынца.

     — Не так даўно ў рэдакцыю тэлефанавала  жанчына. Яна набыла электрычны прас, які праз тыдзень выйшаў са строю.  Называла нейкія прозвішчы, фірмы. На жаль, дапамагчы ёй нам не ўдалося.

     — Тыповы почырк махляроў. Зараз шмат хто спрабуе рэалізаваць бытавыя прыстасаванні, электрапрыборы па нізкай цане пад выглядам распрадажы. Не выключана, што гэтыя тавары нядобраякасныя. Сцеражыцеся таксама тых, хто прапануе зняць з вас порчу, просіць размяняць буйную грашовую купюру. Магчыма, яна фальшывая. Не пазычайце без належнага афармлення і сведкаў буйную суму нават знаёмым.

     — Як часта падобныя злачынствы фіксуюцца ў нашым раёне?

      — На шчасце – не часта. Калі ж усё-такі вы сталі ахвярай махлярства, вас абакралі, тэлефануйце неадкладна ў міліцыю. Сродкі сувязі сёння ёсць фактычна ў кожнай асобы. Беспакаранасць толькі стымулюе злачынцаў на новыя супрацьпраўныя дзеянні.

Гутарыў Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.