У чым прычына неапраўданых надзей на павышэнне аддачы ад жывёлагадоўчай галіны раёна?

molokoУ штодзённай інфармацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама аб вытворчасці малака занепакоенасць выклікаюць “мінусы” і нізкія працэнты, што значацца насупраць шэрагу сельгаспрадпрыемстваў.

 Насуперак логіцы

     Чаму не спраўджваюцца надзеі на павышэнне аддачы ад жывёлагадоўчай галіны раёна расказвае  начальнік аддзела вытворчасці і збыту сельгаспрадукцыі райсельгасхарча Таццянай Кудласевіч.

      —  Першая і самая галоўная перадумова паляпшэння спраў у жывёлагадоўлі – належная арганізацыя работы. Сёння пра поспех можна гаварыць вельмі сціпла, называючы ўсяго некалькі працоўных калектываў. Валавая вытворчасць малака ў раёне застаецца на ўзроўні мінулага года. Самае большае адставанне дапусцілі ў ААТ “Ульянавічы”, «Бяленева», «Сенненскі райаграсэрвіс» – ад 5 да 24%. Не дацягнулі да сярэднераённай прадукцыйнасці дойнага статка ў ААТ «Літусава», «Пурплева», сельгаспрадпрыемстве імя Гараўца.

 У ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс»  на канец ліпеня надой ад адной каровы самы нізкі на Сенненшчыне – 7,89 кг. Здавалася б, у гаспадарцы ўсё маецца для атрымання прадукцыі: жывёла кругласутачна знаходзіцца на пашы, ёсць расцёлы, а станоўчых зрухаў няма. Насуперак логіцы і прагнозам  прадукцыйнасць малочнага статка зніжаецца. Чаму? Таму што, падкрэсліваю, няма кантролю за вытворчым працэсам. Малако губляецца ў выніку недапрацовак: недзе не падвезлі корм, недзе падвезлі, але не далі яго жывёле, альбо далі без уліку збалансаванасці рацыёна, прамарудзілі з даеннем, несвоечасова падкасілі пашу, падвезлі ваду…. Адным словам, парушылі тэхналогію. У выніку таго, на што разлічвалі, не атрымалі.

     Неабходна паляпшаць сітуацыю ў СУП «Саўгас імя Машэрава», дзе валавая вытворасць у параўнанні з мінулым годам склала 100,6%. Гэта далёка не мяжа магчымасцяў сельгаспрадпрыемства.

Тэхналогія і людзі

 На працягу апошніх гадоў стабільна нарошчваюць вытворчасць сельгаспрадукцыі ў ААТ “Сінягорскае”. Дырэктар гаспадаркі Уладзімір Сухвал лічыць, што эфект перш за ўсё дало тое, што кожны жывёлавод сваёй стараннай, карпатлівай працай штодзённа забяспечвае належны догляд жывёлы. Калі работнікі фермаў будуць працаваць не прытрымліваючыся тэхналогіі — прадукцыі не будзе.

  — Не ведаю, чаго б былі вартыя ўсе тыя сучасныя тэхналогіі, якія ўкараняюцца ў жывёлагадоўлю, без нашых людзей. Бо ніякая, нават самая дасканалая машына ці агрэгат, не можа працаваць без чалавека, — заўважае Уладзімір Александравіч. — Калі ўвесь гэты тэхнічны арсенал эксплуатаваць малаэфектыўна ці, яшчэ горш, працаваць на ім абы з рук, — выніку не даб’ешся.

Вопыт “Дружбінца”: усё геніальнае — проста

 Добрых паказчыкаў дасягнулі жывёлаводы сельгаспрадпрыемства «Дружбінец». На сённяшні дзень яны надойваюць ад кожнай каровы звыш 15 кг малака, і гэта адзін з лепшых паказчыкаў у раёне.

Наколькі ён заканамерны, мы папрасілі пракаментаваць галоўнага заатэхніка гаспадаркі Вольгу Гардзюк.

     — Над павышэннем вытворчага патэнцыялу жывёлагадоўлі мы працуем пастаянна. І малочная вытворчасць тут не выключэнне: паляпшалі генетыку дойнага статка, вялі і вядзём тэхнічнае і тэхналагічнае пераўзбраенне малочнатаварных ферм. Малако ў каровы на языку, таму пастаянна займаемся ўмацаваннем кармавой базы і паляпшэннем якасці нарыхтоўваемых кармоў. Спецыялістамі гаспадаркі складаюцца збалансаваныя па ўсіх асноўных пажыўных рэчывах рацыёны кармлення для кожнай групы жывёлы, у залежнасці ад яе фізіялагічнага стану і прадукцыўнасці. Гэта таксама станоўча ўплывае на павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці і павышэнне якасці малака, якое апошнім часам адпраўляецца з гаспадаркі на перапрацоўчае прадпрыемства сортам “экстра”. Усе гэта, на мой погляд, і прывяло нашых жывёлаводаў да пэўнага поспеху.

Трэба жыць з перспектывай

 -Умовы для паспяховага гаспадарання ва ўсіх сельгасарганізацыях створаны, — адзначае Таццяна Кудласевіч, —  а вось адносіны да работы ў многіх спецыялістаў не супадаюць з сучаснымі патрабаваннямі. Пакуль яны не зменяцца ў бок жорсткага выканання тэхналагічных нормаў, службовых абавязкаў росту вытворчасці не будзе.

Сёння практычна ў кожнай гаспадарцы можна даіць па 15-17 літраў ад каровы, упэўнена Таццяна Кудласевіч.

Ларыса МУКАМОЛАВА.