Ветэран футбольнага руху
Абаронцу Аляксандра Рачкоўскага можна назваць самым вопытным футбалістам. Больш за 30 гадоў ён гуляе ў футбол.
Да гэтай папулярнай ва ўсім свеце гульні яго заахвоціў настаўнік Беліцкай ДССШ Пётр Рацькоў. Аляксандр спрабаваў займацца біятлонам, валейболам, лёгкай атлетыкай, але душа яго ляжала да футболу, які перасіліў астатнія віды спорту.
Вучыўся ў Барысаве, працаваў на Барысаўскім заводзе аўтатрактарнага электраабсталявання, ажаніўся і вярнуўся на малую радзіму. Пяць гадоў адпрацаваў у былой Сенненскай ПМК-33. Менавіта тады, у 1985 годзе, пачалося футбольнае жыццё Аляксандра Рачкоўскага, якое працягваецца і да сённяшняга дня. Большую яго частку ён прысвяціў роднай камандзе, за выключэннем 2 гадоў, што гуляў за каманду Віцебскага мясакамбіната. “Хацелася паспрабаваць сябе на другім узроўні,” – кажа Аляксандр Аляксандравіч. У той перыяд давялося адноўчы гуляць супраць землякоў. Пры ліку 1:1 ён забіў вырашальны пераможны гол. Пачуцці, прызнаецца, былі змешаныя.
З 1991 года Аляксандр Рачкоўскі жыве ў абласным цэнтры, але да сённяшняга дня гуляе за зборную Сенненшчыны. У свае 53 гады ён на полі дасць форы многім маладым гульцам.
У чым сакрэт спартыўнага даўгалецця? Наш герой адназначна адказвае: “У спорце!”. Да заняткаў спортам Аляксандр Рачкоўскі прыцягнуў усю сям’ю: жонку, дачок, унука, які, мабыць, па слядах дзядулі таксама стане футбалістам. Штодзень Аляксандр Аляксандравіч бегае кросы. Зімой, калі няма футбольных баталій, гуляе ў валейбол за зборную па сваёй прафесійнай галіне — энергетыкаў. Маладым людзям ветэран спорту дае параду: не курыць, весці здаровы лад жыцця.
— Кожны сезон думаю, што хопіць ужо гуляць, — прызнаецца Аляксандр Рачкоўскі, — але зноў і зноў я выходжу на футбольнае поле разам з любімай камандай.
Вядучая рубрыкі Ірына ХАСАНАВА.
Фота аўтара.