Дэфіле ў нацыянальных строях адбылося ў рамках конкурсу «Сцяжкі майстэрства-2016»

  строй

Касцюмы сенненскага строю ўвойдуць у каталог традыцыйнага адзення Віцебшчыны.

Выданне будзе падрыхтавана па выніках фотасесіі, што прайшла ў рамках адкрытага свята-конкурсу народнага касцюма “Сцяжкі майстэрства — 2016”. Летась фэст прымала Сянно. А сёлета месцам яго правядзення была абрана плошча Свабоды — адна са святочных пляцовак “Славянскага базару ў Віцебску”.

     Дэфіле ў нацыянальных строях стала самым відовішчным момантам конкурсу. Кожны раён падрыхтаваў нацыянальныя касцюмы са сваімі рэгіянальнымі адметнасцямі, каларытам, арнаментальнымі матывамі.

      Адраджэнне сенненскага строю — адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці раённага Дома рамёстваў. Сёлета праект выйграў грант ад Еўрасаюзу і праграмы развіцца ААН. Кожны элемент адзення — ад вышыўкі і да абутку — зроблены літаральна ўручную і па старадаўніх тэхналогіях. Так, майстар Уладзімір Квашко амаль год аднаўляе тэхніку набіванкі або набойкі (спосаб нанясення на тканіну каляровых узораў з дапамогай драўляных клішэ з рэльефным малюнкам).

      На конкурс нашы майстрыхі прадставілі тры варыянты традыцыйнага ўбрання, якія адносяцца да розных перыядаў — ад канца ХІХ да сярэдзіны ХХ стагоддзяў. У якасці мадэляў выступілі непасрэдна аўтары касцюмаў — Вольга Квашко, Іна Стычынская і Валянціна Грыбоўская. Аздобілі прэзентацыю выступленні калектываў раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, вакальнай групы Ходцаўскага СДК “Хадчаначка”.

     Карпатлівую працу сенненскіх майстроў журы, у складзе якога былі навуковыя супрацоўнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, ацаніла некалькімі ўзнагародамі. У скарбонцы Дома рамёстваў дыплом за 1 месца ў намінацыі “Аднаўленне традыцыйнай тэхналогіі вырабу абутку” і дыплом за 3 месца ў намінацыі “Аднаўленне набойкі ў касцюме Віцебшчыны”.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.