Утвораны ўчастковыя выбарчыя камісіі
Адбылося пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта, на якім прынята рашэнне аб утварэнні ўчастковых выбарчых камісій па выбарах дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання.
На яго былі запрошаны наглядальнікі, прадстаўнікі палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў, чые сябры прапаноўваліся для работы ў выбарчых камісіях. У райвыканкама быў выбар. З 305 прапанаваных кандыдатаў у склад камісіі ўключана 295 чалавек.
Намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна, якая на пасяджэнні выступіла ў якасці дакладчыка, падкрэсліла, што фарміраванне складаў камісій ішло па змененых у параўнанні з папярэднімі выбарамі правілах. Былі ўлічаны заўвагі міжнародных наглядальнікаў. У прыватнасці, склад камісій прыкметна абнавіўся, узрасла да 30% колькасць прадстаўнікоў ад партый і грамадскіх аб’яднанняў. А вось прадстаўніцтва дзяржаўнага апарата зменшылася да 17 чалавек.
Усяго ўтворана 25 участковых камісій. Самая найменшая ў складзе 5 чалавек будзе працаваць на ўчастку для галасавання № 8. Яна знаходзіцца ў Багушэўскай раённай бальніцы. Найбольшы склад у камісіях № 3 – 18, № 2 – 16. Яны ўтвораны ў райцэнтры.
Ужо ў бліжэйшыя 3 дні пасля прыняцця рашэння пройдуць пасяджэнні камісій, на якіх абяруць кіруючыя тройкі: старшынь, намеснікаў і сакратароў. Кіраўнікам арганізацый, у адміністрацыйных будынках якіх будуць знаходзіцца ўчасткі для галасаванняў і ўчастковыя камісіі, згодна з рашэннем райвыканкама належыць прадаставіць памяшканні для іх работы і правядзення галасавання. Яны павінны быць абсталяваны неабходнай мэбляй, сродкамі сувязі, аргтэхнікай.
Камісіі і ўчасткі будуць размешчаны ў тых жа памяшканнях, што і заўжды. Толькі ўчастак № 5 і №20 змянілі адрасы. Галасаванне пройдзе адпаведна ў дзіцячай школе мастацтваў па адрасе г. Сянно, вул. Карла Маркса, 6 і Обальскім лясніцтве (в. Новая Обаль, вул. Лясная, 4).
Да ведама. У камісіях пераважаюць жанчыны. Іх 195 ці 65,1 %. Моладзі да 30 гадоў — 17 (5,8%). Каго прадстаўляюць члены камісіі: КПБ — 5 чалавек (1,7%), грамадскія аб’яднанні — 141 (47, 8); федэрацыю прафсаюзаў Беларусі — 58 (19,7%); уключаны шляхам падачы заяў — 100 (33,9); ад працоўных калектываў — 49 (16,6).