Ініцыятыва заахвочваецца

zasedanie2Жніво толькі пачынаецца. Але на нарадзе ў старшыні райвыканкама ўвага начальніка райсельгасхарча Леаніда Хірэвіча была акцэнтавана на неабходнасць строга прытрымлівацца тэхналагічных патрабаванняў.

 — Следам за абмалотам рапсу, зерневых культур трэба неадкладна пачынаць уборку саломы, пускаць на палеткі дыскатары, каб справакаваць рост падаліцы. Праз два тыдні можна пачынаць ворыва. Такі тэхналагічны ланцуг дазволіць пазбегнуць неабгрунтаваных затрат у будучым, — падкрэсліў Васілій Чараднік. Перасцярог ён і ад рэалізацыі рапсу камерцыйным структурам.

 — Спачатку разлічымся з МЭЗам па запазычанасці, усё што застанецца патрацім на набыццё паліва, пакладзём на захаванне на заводзе ў выглядзе давальніцкай сыравіны, якую можна будзе выкарыстоўваць для ўзбагачэння зімовага рацыёну буйной рагатай жывёлы.

 Шмат увагі пры абмеркаванні бліжэйшых планаў было нададзена работам на аб’ектах “Дажынак”, падрыхтоўцы аб’ектаў РУП ЖКГ да ацяпляльнага сезона. Як нездавальняючая ацэньваецца работа па нарыхтоўцы мясцовых відаў паліва. Перад намеснікам старшыні райвыканкама Сяргеем Пракаповічам пастаўлена задача скараціць выкарыстанне газу на кацельнях ужо ў наступным годзе. Плата за імпартнае паліва – даволі значны артыкул расходаў раённага бюджэту.

 Падчас абмеркавання паўсядзённай работы РУП ЖКГ зноў прагучала крытыка ў адрас камунальнікаў па зборы другаснай сыравіны, вывазу бытавога смецця. Васілій Чараднік запатрабаваў арганізаваць гэту работу ў выхадныя дні ў дзве змены, падкрэсліўшы безыніцыятыўнасць не толькі камунальнікаў, але і спецыялістаў аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама.

 На зыходзе ліпеня пара больш дэталёва рыхтавацца да пачатку новага навучальнага года ў школах. І не толькі аддзелу адукацыі, навучальным установам. На нарадзе ў старшыні райвыканкама ішло абмеркаванне арганізацыі школьных ярмарак, рэалізацыі неабходных тавараў у крэдыт, з растэрміноўкай аплаты.

 — Мы павінны зрабіць усё, каб пачатак навучальнага года стаў святам для ўсіх дзяцей, усіх сямей незалежна ад узроўню даходаў, — падкрэсліў Васілій Чараднік.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *