Гуляючы трэнер сенненскага футбольнага клуба

   голынчикЦікавасць да футболу на Сенненшчыне з кожным годам расце. У многім гэтаму спрыяюць поспехі сенненскага футбольнага клуба, які вядзе сваю гісторыю з далёкага 1965 года. 

  “ГС” пачынае цыкл публікацыйСенненшчына футбольная ў асобах”, прысвечаных гульцам сенненскай зборнай. Першым адкрывае нашу рубрыку галоўны трэнер клуба Сяргей Галынчык.

  Першыя навыкі па футболе ён атрымаў ад настаўніка фізкультуры СШ №1 г.Сянно Святаслава Шуцікава. Сяргей Галынчык некалькі гадоў выступаў за віцебскую футбольную каманду майстроў «Лакаматыў». Адслужыўшы ў арміі, Сяргей ажаніўся. Неўзабаве маладая сям’я змяніла дом у абласным цэнтры на сенненскую прапіску. На малой радзіме футбаліста запрыкмецілі адразу. З 1986 года і дагэтуль ён гуляе за зборную раёна.

 Сёння Сяргей Галынчык працуе інструктарам-метадыстам Сенненскай СДЮШАР, трэнерам па спорце ФСК “Алімп” і галоўным трэнерам сенненскага футбольнага клуба.

    Іван Казлоўскі, Сяргей Шыдлоўскі, Яўген Кулік, Ягор Раманенка, Юрый Осіпаў, Дзмітрый Абакумаў, Аляксандр Балтовіч, Артур Шацько, Іван Юковіч — пляяда выхаванцаў Галынчыка. З кожным годам яна папаўняецца таленавітымі гульцамі. Зараз, па словах трэнера, нядрэнныя перспектывы стаць папулярнымі футбалістамі падаюць Сяргей Піульскі, Яўген Мурашка і сын Сяргея Алегавіча Стас Галынчык, якому любоў да футболу перадалася, мабыць, на генным ўзроўні.

  Цяпер Сяргей Галынчык больш выступае ў ветэранскіх турнірах, з тымі, каму за 40.

  Мы пацікавіліся ў галоўнага трэнера нашай каманды, што прагназіруе ён на гэты футбольны сезон?

     — Пасля паспяховых выступленняў у мінулым і гэтым гадах усе чакаюць, безумоўна, перамогі ва ўсіх турах чэмпіянату і Кубка. Будзем старацца апраўдаць спадзяванні нашы і балельшчыкаў. Сёлета каманда мацнейшая, чым у леташнім сезоне.

Даведка. Сваё першае чэмпіёнскае «золата» тады яшчэ «Колас» выйграў у 1997 годзе. Праз 10 гадоў, у 2007-м, ужо ФК «Сянно» стаў сярэбраным прызёрам абласнога першынства. На працягу трох гадоў, з 2012 па 2014, нашы футбалісты ў складзе ФК «Будаўнік» падымаліся на трэцюю прыступку п’едэстала чэмпіянату.

  Летась клуб выступаў пад новай назвай «Камунальнік». Сезон аказаўся для каманды асабліва плённым. Яна зрабіла “залаты” дубль, заваяваўшы спачатку Кубак, а потым і тытул чэмпіёнаў вобласці. Асабліва сімвалічна, што ўсе гэтыя поспехі дасягнуты ў юбілейны для каманды год: у 2015-м клуб адзначыў сваё 50-годдзе. У скарбонцы клуба ўдзел у паўфінале Кубка рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь 2015 года і 1/16 фіналу Кубка Беларусі 2016-2017 гг.

  У сёлетнім сезоне сенненцы працягнулі паспяховую серыю выхадам у паўфінал Кубка Віцебскай вобласці. У чэмпіянаце вобласці клуб выступае пад назвай ФК “Камунальнік” (РУП ЖКГ другі год запар робіць узнос на ўдзел каманды ў чэмпіянаце) і з’яўляецца лідарам ва “ўсходняй” групе і прэтэндэнтам на перамогу.

Вядучая рубрыкі Ірына ХАСАНАВА.

Фота аўтара.