У Сенненскім РАНС новы кіраўнік

1З нядаўняга часу раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях узначальвае капітан унутранай службы Павел  Нядвецкі (на здымку).

  У 2008 годзе ён скончыў ДУА “Камандна-інжынерны інстытут” МНС Рэспублікі Беларусь. У паслужным спісе Паўла Аляксандравіча праца на некалькіх пасадах, прайшоў шлях ад начальніка каравула пажарна-аварыйнай выратавальнай часці №1 Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці да першага намесніка начальніка Зэльвенскага РАНС, начальніка інспекцыі нагдяду і прафілактыкі. Мае другую вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці «юрыст».

 Раён, прызнаецца  Павел Аляксандравіч, яму спадабаўся. Упэўнены, што пасля абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі – 2016”, што пройдуць у нашым райцэнтры, Сенненшчына стане яшчэ прыгажэй.

  Ацаніў ён і давераны яму аддзел па надзвычайных сітуацый, адзначыў добры калектыў, нядрэннае матэрыяльнае забеспячэнне. Аднак, ёсць да чаго імкнуцца.

 Сёння ў РАНС актыўна вядуцца рамонтныя работы. Будынак аддзела рамантуецца як знутры, так і звонку: мяняецца дах, уцяпляюцца сцены аддзела, пераклейваюцца шпалеры ў кабінетах. На тэрыторыі часці з’явіцца асфальтавае пакрыццё.  Акрамя таго, добраўпарадкоўваецца зялёная зона «Сквер выратавальнікаў», што быў адкрыты летась да Дня пажарнай службы. У хуткім часе тут будзе стаяць новая альтанка, зруб якой, дарэчы, зрабіў ветэран пажарнай службы Уладзімір Груздзеў.

2

    –  У дзень прафесійнага свята жадаю ўсяму калектыву Сеннеснкага РАНС і ветэранам пажарнай службы моцнага здароўя, дабрабыту, далейшых поспехаў у службе на карысць Айчыны! – пажадаў Павел Нядвецкі.

Ірына ХАСАНАВА.

Фота аўтара.