Народны майстар з Сенненшчыны перамог у адкрытым міжнародным конкурсе

Грунтов=Штогод на “Славянскім базары” ладзяцца конкурсы сярод народных майстроў. Удзел у ім прымаюць умельцы на толькі з Беларусі. У апошні час конкурс набыў статус міжнароднага. Сваё майстэрства на ім прадстаўляюць нашы суседзі з Расіі, Украіны краін Балтыі. І тым прэстыжней было сенненцу Сяргею Грунтову сёлета заваяваць у прадстаўнічым творчым спаборніцтве перамогу.

Сёлета конкурсная пляцоўка сабрала звыш 30 лепшых лозапляцельшчыкаў. На працягу двух дзён удзельнікам патрабавалася прадставіць журы хатнюю калекцыю вырабаў,  а таксама сплесці выраб. Сенненскія кошыкі ад ходцаўскага майстра вызначаліся сваёй аўтэнтычнасцю, а яшчэ журы не менш уразіла прэзентацыя вырабаў, якую наш зямляк (між іншым, настаўнік беларускай мовы і літатаратуры) правёў на выключнай беларускай мове. У выніку Сяргей Грунтоў быў уганараваны першым месцам у намінацыі “Традыцыйны выраб”.

Майстар з’яўляецца носьбітам традыцый лозапляцення. Любоў да рамяства яму перадаў яго бацька, а цяпер і сам Сяргей Генадзьевіч вучыць ходцаўскіх школьнікаў упраўляцца з гнуткай вярбой. Сяргей Грунтоў уваходзіць у клуб народных майстроў “Натхненне”, што дзейнічае пры раённым Доме рамёстваў. Імя і прозвішча нашага земляка ўключаны ў альбом-даведнік «Народныя майстры і мастакі Віцебшчыны», выдадзены ўпраўленнем культуры аблвыканкама.

Сяргей Грунтоў пастаянны ўдзельнік творчых выстаў і імпрэз раённага і абласнога маштабаў. А цяпер у скарбонцы майстра перамога і ў адкрытым міжнародным конкурсе. З чым мы яго і віншуем!

Вольга БАНДАРЭВІЧ.