Рэалізацыя інвестыцыйных праектаў была абмеркавана на сесіі раённага Савета дэпутатаў

  11618795-investirovanie-predpriyatiy-transportaНа апошняй сесіі раённага Савета дэпутатаў абмяркоўвалася рэалізацыя інвестыцыйных праектаў. Яшчэ большая ўвага была нададзена задачам па далейшым прыцягненні сродкаў у вытворчасць, для рэалізацыі сацыяльных праектаў.

  З дакладам выступіла Інэса Гардзецкая, начальнік аддзела эканомікі райвыканкама, у спрэчках – Ігар Мурашкевіч, выконваючы абавязкі дырэктара ДРБУ-146, Аляксандр Пуцята, старшыня праўлення Сенненскага райспажыўтаварыства, Вячаслаў Багданаў, старшыня Багушэўскага сельскага выканаўчага камітэта, Таццяна Гарнак, дырэктар цэнтра банкаўскіх паслуг № 218 г. Сянно ААТ “ААБ Беларусбанк”.

     Структура ўкладанняў

     За 2015 год у эканоміку раёна прыцягнута 212 млрд рублёў, што складае 142,6% да ўзроўню папярэдняга года.

    Найбольшыя ўкладанні зроблены ў сельскую гаспадарку – 77,3 млрд ці 38,3% ад агульнай сумы, паліўна-энергетычныя арганізацыі – 55,1 млрд (26%), прамысловасць – 26,9 млрд (12,7%). Індывідуальнае будаўніцтва ў структуры інвестыцый складае 2%.

     На першы погляд – нядрэнны паказчык, калі не ведаць, што за перыяд 2011 па 2015 сярэднягадавы тэмп росту інвестыцый склаў усяго 88,4%, што ніжэй абласнога паказчыка (94,5%), рэспубліканскага (98,1%). Варта звярнуць увагу і на структуру інвестыцый. Летась у будаўніча-мантажныя работы ўкладзена 48,8% ад усіх накіраваных у якасці інвестыцый сродкаў, набыццё машын, абсталявання займае 15,7%. Падобны “перакос” негатыўна адбіваецца на развіцці вытворчай сферы – прадпрыемствы недастаткова хутка абнаўляюцца тэхнічна і тэхналагічна. А значыць і не могуць ствараць запатрабаваную прадукцыю, канкурыраваць на ўнутраным і знешнім рынках.

     Факты

     За апошнія 5 гадоў у рамках рэалізацыі Рэгіянальнай праграмы інавацыйнага і інвестыцыйнага развіцця Віцебскай воблаці ў раёне вялася работа па рэалізацыі 12 мерапрыемстваў па падпраграмах “Малая энергетыка Віцебшчыны”, “Віцебскрыба”, “Вітгандаль”, “Пяцьсот”, “ВітДрэўМэбля”, “Чысты горад”. На іх рэалізацыю прыцягнута 10 млрд рублёў.

         Дзеля паляпшэння якасці жыцця

     Укладанні інвестыцый у асноўны капітал раёна працягваецца сёлета. За студзень-май выкарыстана 57,9 млрд рублёў. Значная частка ўкладанняў прыйшлася на арганізацыі падначаленыя мясцовым выканаўчым і распарадчым органам. Імі выкарыстана 46 млрд рублёў. Інвестыцыі накіроўваліся на аб’екты сацыяльнай сферы, дарожную інфраструктуру.

     Факты

      Сенненскім РУП ЖКГ сёлета выкананы работы па будаўніцтву сістэмы водазабеспячэння для паўднёва-заходняй часткі г. Сянно з закальцоўкай вуліцы Заводская і рэканструкцыя водазабора; будаўніцтва водазабора па вуліцах Мічурына і Набярэжная ў г. Сянно; рэканструкцыя цэнтральнай часткі райцэнтра; па капітальным рамонце з элементамі мадэрнізацыі жылфонда; па мадэрнізацыі і рэканструкцыі цеплавых сетак. Агульны аб’ём інвестыцый склаў 4,5 млрд рублёў.

      Значныя сумы інвестыцый накіраваны на рэканструкцыю і добраўпарадкаванне, іншыя работы па Сенненскай ЦРБ, гарадскіх сярэдніх школах, дзіцячых садках № 2 і 3, на рэканструкцыю ФОКа, будынка кандытарскага цэха пад базу біятлона. Работы на большасці гэтых аб’ектаў сталі магчымымі дзякуючы правядзенні ў Сянне абласных “Дажынак”.

     Рабіліся ўкладанні і ў вытворчую сферу. У прыватнасці, АТП №20 набыў два аўтобусы, некаторыя іншыя асноўныя сродкі вытворчасці.

     Значнай крыніцай інвестыцый з’яўляецца будаўніцтва жылля. За пяцігодку забяспечанасць насельніцтва ім вырасла з 34,8 квадратных метраў да 38,8.

 Замежжа нам дапаможа

     Структура інвестыцый не змянілася і сёлета. На набыццё машын, абсталявання, транспарту патрачана толькі 8% ад укладанняў. На думку Інэсы Гардзецкай, такая сітуацыя тлумачыцца адсутнасцю ў арганізацый свабодных сродкаў, нізкай плацежаздольнасцю, высокім коштам крэдытаў. Таму, лічыць яна, акцэнт варта рабіць на замежныя інвестыцыі. Але за апошнюю пяцігодку іх прыцягнута ў раён толькі 122,5 тыс долараў ЗША, што крайне недастаткова. Прамыя замежныя інвестыцыі ў суме 21,7 тыс. долараў прыцягнута СТАА “Мілконфорэст”, ёсць рэальныя спадзяванні, што да канца года яны павялічацца за кошт набыцця прадпрыемствам для існуючай вытворчасці двух сушыльных камер, ліній па глыбокай дапрацоўцы сыравіны, аўталесавоза.

     Сялянская фермерская гаспадарка “АграМагнат” мае намер наладзіць глыбокую перапрацоўку гародніны. Уласных сродкаў на рэалізацыю праекта не хапае, таму сфарміраваны інвестыцыйныя прапановы, вядзецца пошук інвестара. Рэалізацыя праекта па ўстаноўцы лініі для ачысткі і фасоўкі гародніны патрабуе 250 тыс. долараў.

     Сенненскі раён са сваёй унікальнай прыродай вабіць людзей, бізнэсоўцаў, якія займаюцца арганізацыяй адпачынку. ТАА “ЦэнтрІнвест” на возеры Дзевінскае рэалізуе падобны  праект. Узведзена 4 гасцінічныя дамы, вядзецца добраўпарадкаванне тэрыторыі. Увод комплекса адпачынку дазволіць асвоіць 7 млрд рублёў інвестыцый.

   Інэса Гардзецкая падкрэсліла, што інвестыцыі для раёна маюць вельмі важнае сацыяльнае значэнне. З іх дапамогай папаўняецца бюджэт, ствараюцца новыя рабочыя месцы.

 Далейшая перспектыва

     На Сенненшчыне шмат незапатрабаваных вытворчых аб’ектаў. Улады раёна актыўна займаюцца пошукамі інвестараў для іх. На былой заправачнай станцыі ў пасёлку Дружба, якая зараз належыць РУП ЖКГ, плануецца стварыць новае прадпрыемства па рэалізацыі гаруча-змазачных матэрыялаў. Праектныя работы вядуцца для будаўніцтва майстэрні, дзе будуць аказвацца паслугі па рамонце аўтатранспарту. Інэса Гардзецкая лічыць, што арганізацыі раёна павінны больш актыўна карыстацца інвестыцыйнымі лініямі, у тым ліку замежнымі. Аднак  яны павінны прыводзіць да  стварэння новай, канкурэнтаздольнай на сусветным рынку прадукцыі, якая прынясе прыбыткі, дазволіць наладзіць вытворчасць згодна з сучаснымі патрабаваннямі.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.