Жыхарка Сянна сустрэла сваё 100-годдзе

1Камбінацыя лічбаў у графе «дата нараджэння», змешчанай у пашпарце Ганны Кісель, здзіўляе і ўражвае — 10/07/1916. У мінулую нядзелю жыхарка Сянна адсвяткавала сваё 100-годдзе.

     З прыемнай місіяй, павіншаваць з векавым юбілеем і ўручыць новы пашпарт, у госці да Ганны Пятроўны завіталі прадстаўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў — першы намеснік начальніка РАУС Анатоль Ананенка і інспектар групы па грамадзянстве і міграцыі Таццяна Яўпак. Юбілярка, хай і з дапамогай родных, за атрыманне дакумента распісалася ўласнаручна.

   — Вось толькі зрок падводзіць, — бы апраўдваецца жанчына.

 Сакрэт даўгалецця бабулі Ані крыецца ў руху.

  — У 92 гады мама яшчэ выпраўлялася адна за грыбамі ды ягадамі. Вельмі любіла хадзіць у лес, — распавядае дачка юбіляркі Людміла Георгіеўна.

     Зараз прагулкі Ганны Пятроўны абмежаваныя памерамі прыдамавога ўчастка. А ў маладосці ёй давялося прайсці нямала кіламетраў на сваіх дваіх.

     Яна нарадзілася і ўсё жыццё пражыла ў родным Сянне. Да вайны працавала на пошце тэлеграфісткай.

     — За лістамі ды газетамі іншы раз даводзілася пешшу тупаць ажно ў Багушэўск, — успамінае Ганна Пятроўна.

     Акрамя таго, на плечы маладой дзяўчыны ляглі клопаты пра родных. Бацька Ганны два гады быў паралізаваны, каб пракарміць сям’ю, працавала ў калгасе. Да пачатку вайны галава сям’і не дажыў.

     Пра тое, што прыйшлося перажыць у акупацыі, Ганна Пятроўна ўспамінаць не любіць. Жах і боль дагэтуль не адпускаюць сэрца. У твар смерці ёй давялося зазірнуць і самой. Патрабуючы нейкі пароль, паліцаі прыставілі Ганну і яе сястру да слупа і ўжо накіравалі на іх зброю, ды суседзі па хаце цудам угаварылі нелюдзяў не расстрэльваць дзяўчат.

     Пасля вайны Ганна Кісель выйшла замуж, нарадзіла дзяцей — сына і дачку. Адметна, што і працоўны перыяд жанчыны аказаўся дастаткова працяглым. На пенсію Ганна Пятроўна выйшла ў 70 гадоў, адпрацаваўшы ў кантрольна-насеннай лабараторыі да 1986 года.

     — У нашым родзе доўгажыхары не былі рэдкасцю, — кажа Людміла Георгіеўна, — тры маміных сястры (а ўсяго ў сям’і выхоўвалася шасцёра дачок) пражылі за 90 гадоў.

     Ганна Пятроўна ў свой шаноўны ўзрост не страчвае бадзёрасці і рухомасці: абапіраючыся на кіёк, можа выйсці ў агарод ды яшчэ дачцэ падкажа па гаспадарцы.

     У гэты дзень віншаванні для стогадовай юбіляркі ляцелі з далёкага Санкт-Пецярбурга, дзе жыве яе сын, і нават з заакіянскай Канады, там сёння пражывае малодшая сястра Ганны Пятроўны, якой, між іншым, 94 гады. Усяго ў бабулі Ані дзве ўнучкі і два праўнукі, малодшанькаму з іх споўніўся толькі годзік.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

Фота аўтара.