Закон для усіх!?

zakon-2016-2Не буду хаваць – гэта гісторыя здарылася з аўтарам публікацыі. Але прашу не думаць, што ў дадзеным выпадку я выкарыстоўваю службовае становішча, каб абараніць уласныя інтарэсы. Не, на маім месцы мог аказацца любы сенненец.

  У жыцці кожнага чалавека здараецца рамонт. Невялікія работы я выконваю апошнія тры гады кожнае лета. І заўжды натыкаюся на адну і тую ж праблему – дэфіцыт будаўнічых матэрыялаў. Сітуацыя ў райцэнтры не стала іншай нават са з’яўленнем у гэтым сегменце гандлю канкурэнцыі ў асобе прыватных прадпрымальнікаў. Сёлета, напрыклад, цэмент два тыдні таму можна было купіць толькі ў адным магазіне “Купи и строй” ААТ “БудПрадакшн”. Яшчэ адзін нюанс – цана. За 25 кг цэменту маркі 500 прасілі 50 тысяч беларускіх не дэнамінаваных рублёў, у той час як у Віцебску гэта каштавала на 10 тысяч танней. Што зробіш – давялося купляць. І зноў, не з першага разу, бо высветлілася, што ў магазіне тэрмінал не працуе. Вярнуўся да банкамата, зняў наяўныя грошы, купіў. Яшчэ ўдакладніў пры гэтым: “Калі не хопіць, магу дакупіць у нядзелю?”. “Калі ласка, прыязджайце, працуем без выхадных”, — пачуў у адказ.

     Як у ваду глядзеў, калі работы падыходзілі да заканчэння, спецыялісты захваляваліся. Паехаў, зноў за наяўныя купіў. Аказалася, дарэмна, абышліся купленым раней. У аўторак павёз цэмент у магазін з поўнай упэўненасцю, што яго забяруць. Але прадавец (дарэчы, без бэйджыка на грудзях), ні ў якую: “Не вазьму. Я ўжо адчыталася, што прадала”. Мае словы пра закон, які абавязвае яе забраць тавар, цэласнасць якога не парушана, не ўпэўнілі. Чаму, чалавек, які працуе за прылаўкам, не ведае палажэнні Закона “Аб ахове правоў спажыўца, у прыватнасці, пункта 28, таксама выклікае непаразуменне. Паспрабаваў тэлефанаваць адказнай асобе. Не атрымалася. Давялося пакінуць у кнізе заўваг і прапаноў запіс, на які спадзяюся атрымаць адказ. Як яшчэ інакш можна абараніць свае законныя правы ў магазіне?

     Дзіўныя беларусы людзі! Ды і не толькі мы, а большасць грамадзян былога СССР. Надарылася праблема – вінавацім суседа. Невялікая зарплата — дзяржава мала плаціць. Кепікі строім з пунктуальнасці еўрапейцаў. Нават кітч прыдумалі – што рускаму добра, немцу – смерць. Ганарымся гэтым. А чым ганарыцца, што ігнаруем закон, што не можам адстаяць свае правы? Немец не бяжыць у такім выпадку ў райвыканкам за падмогай. Ён сам свае правы абараняе з дапамогай закона. Выкананне закона жорстка адследжваюць службы, якія гэта абавязаны рабіць. Адзін мой знаёмы некаторы час жыў у Германіі. Ён расказваў, што аднойчы на здымнай кватэры яны з сябрам прымалі госця-земляка. Папярэдзілі суседзяў, такіх жа мігрантаў з былога СССР. Тыя пагадзіліся цярпець шум, нязручнасці да законам устаноўленага часу. Але як толькі ён выйшаў, па ацяпляльнай батарэі ціхенька пастукалі. Потым яшчэ. Хлопцы сваю памылку зразумелі. Ды было позна. На наступны дзень уласнік жылля зрабіў ім вымову і папярэдзіў – яшчэ раз падобнае здарыцца і вы пойдзеце на вуліцу. Пазіцыя яго зразумелая, бо выкананне закона кантралюецца яшчэ і на ўзроўні паліцыі. А раптам наймальнікі жылля, пакой якіх нарушылі, паведамяць пра гэта і ў паліцыю? Застанешся без ліцэнзіі на права здачы жылля ў наём. І ніякія тлумачэнні, спасылкі не дапамогуць.

     Але вернемся да нашай рэчаіснасці. Заканадаўчая база, што створана ў Беларусі, у сваёй большасці не горшая чым у той жа Германіі. Аднак многія законы не працуюць. Чаму? На маю думку, спрацоўвае наш менталітэт нават у тых, хто павінен адсочваць выкананне заканадаўства: мне жыць з гэтымі людзьмі, дык навошта з імі сварыцца. А сварыцца і не трэба. Трэба жыць па законе – усім. Ад гэтага выйграюць таксама ўсе: канкрэтныя асобы, грамадства, улада, у рэшце рэшт – дзяржава.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.