Кніга завітала ў госці

3Слова «бібліятэка» ў людзей часцей за ўсе асацыюецца з памяшканнем, дзе захоўваюцца кнігі, якія можна ўзяць для чытання. Аднак сучаснае жыццё вымушае шукаць нетрадыцыйныя форматы работы, каб прывабіць новых чытачоў.

  Свой новы праект “Бібліятэчны бульвар” супрацоўнікі Цэнтральнай раённай бібліятэкі прысвяцілі юным чытачам.

1

     — У час канікул у дзяцей незаўсёды ёсць магчымасць прыйсці ў бібліятэку. А дзякуючы нашаму праекту, мы не толькі пазнаёмім маленькіх сенненцаў з дзіцячай літаратурай, якая маецца ў нашай установе, але і разнастаім іх адпачынак, — кажа Алена Мяцеліца, дырэктар ЦРБ.

     Першым у “Бібліятэчны бульвар” ператварыўся двор ля дома №19 па вуліцы Каваленка, што ў райцэнтры. На літаратурнае свята завіталі бацькі і дзеці з усяго мікрараёна. Супрацоўнікі бібліятэкі прымерылі на сябе ролі казачных герояў. Разам з Бабкай Ежкай, Весялінкай, Карлсанам і вядучай свята Ліліяй Кулік дзетвара разгадвала загадкі, чытала вершы, танчыла, удзельнічала ў разнастайных конкурсах і гульнях. А народны тэатр кнігі “Пятрушка” запрасіў маленькіх гледачоў на пазнавальны лялечны спектакль.

Назіраючы за тым, як малыя спраўляліся з адгадваннем літаратурных герояў, дэкламавалі ўрыўкі са сваіх любімых вершаў і песняў, упэўніваешся ў тым, што сучасныя дзеці кнігі любяць і чытаюць. А каб ім і іх бацькам было прасцей арыентавацца ў літаратурнай плыні, у двары ўстанавілі кніжную міні-выставу, дзе можна было палістаць каляровыя выданні і выбраць для сябе спадабаўшыяся. Поруч з прызнанай класікай дзіцячай літаратуры юныя сенненцы не менш ахвотна бралі ў рукі кнігі з творамі сучасных беларускіх аўтараў.

4

  Такія святы, запэўнілі ў ЦРБ, будуць практыкавацца на працягу лета, а гэта значыць, што яшчэ не адзін двор у райцэнтры ператворыцца ў “Бібліятэчны бульвар”.

2

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

На здымку: моманты кніжнага свята.