На пасяджэнні абласнога штаба абмеркавалі пытанні прафілактыкі і ліквідацыі АЧС

cuma1907Праблема такой небяспечнай для свіней хваробы, як афрыканская чума (АЧС), на жаль, не губляе сваёй актуальнасці. АЧС рэгулярна нагадвае пра сябе ўспышкамі то ў далёкім, то ў блізкім замежжы. Таму вельмі важна ні на хвіліну не забываць пра пагрозу пранікнення віруса на тэрыторыю Беларусі.

 Пытанні прафілактыкі, недапушчэння і ліквідацыі АЧС абмяркоўваліся на пасяджэнні абласнога штаба. Мерапрыемства  праходзіла ў рэжыме відэаканферэнцыі. Было адзначана, што на 1 чэрвеня бягучага года ачагі захворвання былі зарэгістраваны ў нашых бліжэйшых сусесядзяў: Расіі (28 ачагоў), Украіне (61), Літве (10), Польшчы (98). Пра меры, якія прымаюцца па прафілактыцы АЧС на тэрыторыі вобласці, паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення ветэрынарыі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама Сяргей Бабаед. У сваім выступленні ён падкрэсліў, што асноўнымі разносчыкамі хваробы застаюцца дзікі, адсачыць перамяшчэнне якіх практычна немагчыма. Верагоднасць міграцыі гэтых жывёл вялікая, таму паўсюдна трэба весці іх адстрэл. А на свінакомплексах неабходна захоўваць жорсткія санітарныя нормы. Нягледзячы на прафілактычную работу, што праводзіцца з насельніцтвам, парушэнні ветэрынарных патрабаванняў адзначаюцца. У прыватнасці, знаходзяцца гаспадары, якія ўтрымліваюць свіней у пяцікіламетровай зоне ад свінакомплексаў. Напрыклад, такія факты спецыялістамі ДЛПУ “Аршанская раённая ветэрынарная станцыя” і Бабінічскага сельскага выканаўчага камітэта выяўлены падчас планавай праверкі. Сяргей Бабаед падкрэсліў, што незахаванасць патрабаванняў ветэрынарна-санітарных правілаў цягне крымінальную, адміністрацыйную і іншую адказнасць згодна з заканадаўствам

     У Сенненскім раёне раённай ветэрынарнай службай, упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, работнікамі ДЛГУ “Багушэўскі лясгас” і Беларускім таварыствам паляўнічых і рыбаловаў таксама праводзіцца шэраг мерапрыемстваў па прафілактыцы афрыканскай чумы свіней. У прыватнасці, адстрэл дзікоў. Аднак, работа гэта арганізавана не на належным узроўні. Так, на паляўнічых угоддзях СФГ “Барысёнак” адстрэлена толькі 5 з 10 выяўленых жывёлін.

      Як расказала галоўны ветэрынарны ўрач раёна Алена Мялешка, на свінакомплексе СУП “Саўгас імя Машэрава” ўстаноўлены санпрапускнікі, відэаназіранне. Комплекс агароджаны. Робіцца ўсё неабходнае, каб звесці да мінімуму рызыку пранікнення інфекцыі. Што датычыцца персаналу ферм, то ім катэгарычна забаронена утрымліваць свіней у хатняй гаспадарцы. Ветэрынарам, якія абслугоўваюць такія фермы, забаронена аказваць прафесійныя паслугі насельніцтву.

     Адказнымі асобамі два разы на год праводзяцца праверкі прыватных падворкаў жыхароў населеных пунктаў Машканы, Масоры, Ярошкі, Обаль, Задарожжа, размешчаных у пяцікіламетровай зоне ад свінагадоўчага комплексу. Пакуль парушэнняў выяўлена не было.

     Алена Мялешка яшчэ раз нагадала аб мерах перасцярогі для тых гаспадароў, якія трымаюць свіней: не пускаць старонніх у свае гаспадарчыя пабудовы, трымаць жывёлу толькі ў памяшканнях, пазбавіцца ад грызуноў, якія таксама могуць быць пераносчыкамі інфекцыі, ні ў якім разе не набываць камбікорм у заезджых гандляроў. Па ўсіх пытаннях лепш за ўсё раіцца са спецыялістамі.

     Прафілактычныя меры абавязковыя для выканання і на аб’ектах грамадскага харчавання, гандлю, дзе паўсядзённай нормай павінна стаць выкарыстанне перад уваходам спецыяльных дэздыванкоў, выкананне санітарных правіл.

Ларыса МУКАМОЛАВА.