На пасяджэнні Сенненскага райвыканкама абмеркавалі, як вядзецца падрыхтоўка ў сельгасарганізацыях да жніва і асенняй сяўбы

OLYMPUS DIGITAL CAMERAБыццё ці свядомасць — што першаснае з іх?На гэтае вечнае пытанне шукалі адказ на пасяджэнні Сенненскага раённага выканаўчага камітэта, абмяркоўваючы, як вядзецца падрыхтоўка ў сельгасарганізацыях да жніва і асенняй сяўбы, а таксама ідэалагічная работа ў арганізацыях Багушэўскага сельсавета.

 Сёлетняе жніўнае поле раёна меншае ў параўнанні з мінулым годам прыкладна на 2 тысячы гектараў. Сельгасвытворцам належыць абмалаціць зерневыя і зернебабовыя культуры на плошчы 16499 га, крыжакветныя культуры – 3607 га, насеннікі шматгадовых траў – 2620 га. Тым не менш, уборка не будзе лёгкай, не хаваў Васілій Чараднік, адкрываючы пасяджэнне райвыканкама. Па-першае, парк камбайнаў старэе і патрабуе ўсё большых намаганняў і затрат пры рамонце, у той час як большасць механізатараў усё яшчэ занята на нарыхтоўцы кармоў. Па-другое, застаецца высокай нагрузка – 242 га на машыну. У асобных гаспадарках– саўгасе імя Машэрава, ААТ “Літусаве” — яна перавышае 300 га, а ва УП “Дружбінец” складае 471 га.

 Жніво вось-вось распачнецца. Ва ўсякім разе на пасевах азімага рапсу. Камбайны, якія першымі выйдуць у поле, павінны быць абсталяваны спецыяльнымі прыстаўкамі, каб пазбегнуць страт. Яны ў першую чаргу павінны быць падрыхтаваны да жніва.

 А тым часам гатоўнасць зернеўборачных камбайнаў напярэдадні пасяджэння райвыканкама складала ўсяго 36%. Ды і то – тэарэтычна. Пакуль што ні адзін камбайн не заводзіўся, не абкатваўся ва ўмовах машыннага двара. Абмяркоўваліся і іншыя аспекты работы жніўнага канвеера: падрыхтоўка зернесушыльных комплексаў, складскіх памяшканняў, уборка з палеткаў саломы, засыпка насення.

 Многія работы стрымліваюцца недахопам механізатараў і фінансавых рэсурсаў. У рашэнні райвыканкама запісана, што на дапамогу аграрнікам павінны прыйсці спецыялісты з іншых устаноў раёна. Грошы выручыць можна, рэалізаваўшы  жывёлу, іншую запатрабаваную сельскагаспадарчую прадукцыю. У стратэгічным плане прынята рашэнне аб стварэнні на базе гаспадарак з развітай інфраструктурай міжгаспадарчых пунктаў па дапрацоўцы зерня. Іх роля асабліва важная на першым этапе ўборкі, калі зерне мае павышаную вільготнасць. Недахоп фінансавых сродкаў вымусіў рэкамендаваць аграрнікам абыходзіцца без памочнікаў камбайнераў. Іх заменяць слесары. Адзін-два ў залежнасці ад колькасці камбайнаў – яны павінны пастаянна знаходзіцца ў полі, каб пры неабходнасці аператыўна правесці рамонт тэхнікі.

 Вынікі ў вытворчасці, нават у земляробстве, у значнай ступені залежаць ад чалавека: яго ўмення своечасова і адэкватна адрэагаваць на тую ці іншую сітуацыю, арганізаваць працу, нарэшце, заахвоціць, падтрымаць імкненне быць першым, лепшым. На думку старшыні райвыканкама Васілія Чарадніка трэба выкарыстоўваць не толькі матэрыяльныя стымулы.

 — На ўшанаванне перадавікоў жніва трэба запрашаць дзяцей, суседзяў. Яны павінны ведаць, як здабываецца хлеб, як ушаноўваецца праца хлебароба.

 У арганізацыі спаборніцтва важная, вызначальная роля належыць эканамічнай службе, ідэалагічным работнікам. Як заўжды, удзельнікі жніва будуць атрымліваць двухразовае гарачае харчаванне.

  У той жа час згодна з рашэннем райвыканкама ў час уборачных і пасяўных работ у раёне актыўна будзе выкарыстоўвацца адміністрацыйны рэсурс. За захаванне тэхналагічных параметраў адказнасць нясуць работнікі райсельгасхарча – створана тэхналагічная група. Яшчэ адна група ўзмоцніць кантроль за аховай працы, выкананнем супрацьпажарных мерапрыемстваў, законнасці, санітарных нормаў. Пад асобую ўвагу будзе ўзята работа тэхнікі, выкарыстанне паліва.

 — Сёлета на Сенненшчыне дажынкі будуць святкаваць усе хлебаробы вобласці. Мы павінны да зярнятка сабраць вырашчаны хлеб, каб мець дастойны вынік, каб не ўдарыць тварам у гразь перад гасцямі, — падкрэсліў Васілій Чараднік.

 Пад ураджай наступнага года будзе пасеяна 2000 га азімага рапса, 12000 га азімых зерневых. Для гэтага спатрэбіцца 3100 т насення. Участкі для яго атрымання вызначаны, яны забяспечаць патрэбнасць. А вось у забяспечанасці ўгнаеннямі, перш за ўсё мінеральнымі, пэўнасці няма. Рэкамендуецца больш актыўна ўносіць пад сяўбу азімых культур арганіку.

  Дарожнікі, энергетыкі, меліяратары таксама павінны паклапаціцца, каб хлеб перавозіўся, дапрацоўваўся, каб уборачны канвеер працаваў рытмічна, без збояў. Жніво заўжды было клопатам агульным.

 Рашэнне аб арганізацыі ідэалагічнай работы ў працоўных калектывах Багушэўскага сельвыканкама было прынята ў рабочым парадку. Тым не менш у ім адзначана неабходнасць аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама правесці вучобу з ідэалагічным актывам сельсавета. Сельвыканкаму даручана ў бліжэйшы час вынесці на парадак дня абмеркаванне ідэалагічнай работы на тэрыторыі сельсавета. Ва ўсіх арганізацыях, дзе застаюцца свабоднымі пасады адказных за ідэалагічную работу, яны павінны быць укамплектаваны. Сёлетні год – не толькі год культуры, абласных “Дажынак”. Наперадзе найважнейшая палітычная падзея – парламентскія.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.