Установы культуры Сенненскага раёна рыхтуюцца да «Славянскага базару ў Віцебску»

5Паслязаўтра прагучаць знакамітыя пазыўныя  міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, які сёлета адзначае юбілей — 25-годдзе з заснавання. І кожны год сенненцы ў гушчыні падзей форуму. А пакуль установы культуры раёна актыўна рыхтуюцца да таго, каб і сёлета годна прадставіць Сенненшчыну. Праграма абяцае быць насычанай. «ГС» даведаўся, дзе можна будзе сустрэць сенненцаў у фестывальныя дні.

  Стартуе свята 14 ліпеня маштабным парадам “25-ы. Адкрыццё”. У ліку ўдзельнікаў шэсця, а іх колькасць чакаецца каля 2000 чалавек, па вуліцы Леніна пройдуць дзяўчаты-барабаншчыцы цэнтра дзяцей і моладзі і духавы аркестр раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Згаданыя калектывы таксама прымуць удзел у адкрытым абласным конкурсе духавой музыкі «Віват аркестр — 2016!».

 17 і 18 ліпеня  гасцей свята да сябе запросіць “Сенненскі падворак”. Пляцоўка размесціцца па вуліцы Пушкіна. Свае вырабы на ёй прадставяць народныя майстры, тэматычныя выставы арганізуюць цэнтральная раённая бібліятэка, гісторыка-краязнаўчы музей. Работа падворка будзе суправаджацца выступленнямі калектываў мастацкай самадзейнасці.

     А 17 ліпеня ў 10.30 на плошчы Свабоды адбудзецца абарона брэнда раёна.

 15 ліпеня ў 15.00 на плошчы Свабоды пройдзе абласны конкурс “Сцяжкі майстэрства”. Нагадаем, што летась ён праходзіў у Сянне. Калекцыю адзення сенненскага строю на ім прэзентуе раённы Дом рамёстваў. Гледачоў чакае відовішчнае дэфіле народных касцюмаў Віцебшчыны.

 “Славянскі базар» немагчыма ўявіць без “Горада майстроў”. Сёлета ён «прапішацца»на вуліцах Талстога, Пушкіна і плошчы Свабоды. Кропка раённага Дома рамёстваў атрымае там прапіску з 14 па 18 ліпеня.

 Акрамя таго, сенненцы будуць удзельнічаць у творчых конкурсах.

  За званне лепшага лозапляцельшчыка на адкрытым конкурсе “Лазовы прут – 2016”, што пройдзе 16-17 ліпеня ля абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, пазмагаецца майстар з Ходцаў Сяргей Грунтоў.

 А 18 ліпеня супрацоўніца раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Вольга Берашэвіч і яе юныя падапечныя прадставяць гульнёвую праграму ў дэбютным на сёлетнім фэсце конкурсе культарганізатараў “Славянская казка”.

Прыязджайце на свята, падтрымайце землякоў!

Вольга БАНДАРЭВІЧ.