Дзяжурны рэпарцёр

 

 

 

 

 

 

 

Не заўсёды і сувязісты вінаватыя

 — Не далей як учора (25 кастрычніка) ужо ў каторы раз патэлефанавала ў бюро рамонту тэлефоннай сеткі і радыёфікацыі, — гаварыла на другім канцы проваду Любоў Іванаўна Пронька (Чырвоны Кастрычнік, 6а). Радыё не працуе не толькі ў мяне, але і ва ўсім 27-кватэрным доме…

 — Пяць месяцаў не гаворыць радыё ў доме 21, корпус 2 па вуліцы Назаранкі, — хвілін праз пяць турбавала дзяжурнага па рубрыцы Святлана Канстанцінаўна Гарнак. — Спачатку спасылаліся на тое, што на доме рамантаваўся дах. Хаця прычым  тут дах, радыё — гэта ж не тэлевізійная антэна. Рамонтнікі даўно з’ехалі, а радыёфікатары з  РВЭС так і не прыехалі. Мабыць, вы дапаможаце. 800 рублёў у месяц (плата за радыёкропку) — не грошы, аднак было б за што плаціць.

 У бюро рамонту жанчына з прыемным маладжавым голасам на зварот С.К.Гарнак нават здзівілася: павінны былі падключыць, у гэтым доме наш начальнік жыве. А вось заяўку Л.І.Пронькі ўжо выканалі.

 Як высветлілася далей, у тым, што не працуе радыё ў доме 21 па вуліцы Назаранкі, віны сувязістаў няма. Падрадчык па рамонту даху штосьці там яшчэ не дарабіў, навесіў на ўваход на гарышча свой замок і  пакуль не выдае ключ. У парушэнне дагавора не  ўзломліваць жа запор самавольна.

Чатыры кіламетры — не крук

 — Пошту закрылі, школу таксама, з лістапада збіраюцца ліквідаваць фельчарска-акушэрскі пункт, — з жалем у голасе гаварыла ў трубку Наталля Віктараўна Азаронак. — ФАП працаваў тры дні на тыдзень. Да Літусава 4 кіламетры, да Янова — 8. Што рабіць жыхарам Ледневіч? Не будзе нават дзе купіць упакоўку аспірыну ці бутэлечку валяр’яны. Няўжо гэтыя паўстаўкі выратуюць медыцыну раёна?

 Чуткі пацвердзіліся. Як паведаміў нам галоўны ўрач установы аховы здароўя «Сенненская ЦРБ» Ігар Міхайлавіч Мізаўцоў, рашэнне на сумяшчэнне ледневіцкага і літусаўскага ФАПаў прынята. Зроблена гэта з мэтай эканоміі грашовых сродкаў і паляпшэння абслугоўвання насельніцтва. Ледневіцкі ФАП знаходзіўся ў непрыстасаваным, патрабуючым вялікага рамонту, памяшканні, абслугоўваў амаль удвая  менш насельніцтва, чым прадугледжваецца нарматывам.

 Безумоўна, ледневіцкі ФАП не адпавядаў умовам, якія сёння прад’яўляе міністэрства аховы здароўя да падобных устаноў. Аднак сумяшчэнне яго з літусаўскім, наўрад, ці лепшы варыянт? Нават нягледзячы на тое, што неабходныя лекі, па словах І.М. Мізаўцова, у вёску будзе дастаўляць фельчар.

 Работнік ЖКГ камунальную праблему

высвятляе ў рэдакцыі

 І апошняе тэлефанаванне было ад жыхара дома № 8, што па вуліцы Чырвонага Кастрычніка. Сутнасць звароту: ЖКГ дае не гарачую, а летнюю ваду. Плату бярэ на ўсю катушку. Прозвішча сваё не назваў. Калі дзяжурны па рубрыцы паставіў у вядомасць заяўніка, што ананімныя звароты рэдакцыя, як і іншыя арганізацыі, можа пакідаць без рэагавання, субяседнік выдаў сябе, што называецца, з галавой. «Вы ведаеце, што бывае з тымі, хто бочкі коціць на сваіх? Не жадаеце прымаць зварот, будзем пісаць памочніку Прэзідэнта, інспектару па Віцебскай вобласці Мікалаю Фёдаравічу Дамашкевічу».

 Вось табе, бабулька, і Юр’еў дзень. Работнік ЖКГ, працуючы ў гэтай сістэме, не можа высветліць пытанне наконт тэмпературы падаваемай у кватэры «гарачай» вады. Таму вырашыў паставіць пад напругу рэдакцыю.

 Толькі ананімнаму праўдашукальніку хочацца прыгадаць, што з Адміністрацыі Прэзідэнта  падкідваць дровы ў топку сенненскіх ацяпляльных катлоў не паедзе ніхто. А вось тое, што ананім сам, магчыма,   стаіць  на гэтай вахце, упаўне рэальна. А што? Як накідаеш, так і атрымаеш!

Па рубрыцы дзяжурыў Міхаіл Бялоў.

Сёння вас выслухае Вольга Васільеўна Бандарэвіч па тэлефоне 4-12-57