Падрыхтавацца да «Дажынак» — справа гонару кожнага жыхара Сянна

 PrintПадрыхтоўка да абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі павінна стаць клопатам не толькі абласных і раённых улад. Справа гонару кожнага жыхара Сянна, раёна падрыхтавацца да свята, сустрэць гасцей не толькі з падмеценым, абкошаным падворкам.

Гэта добра разумее большасць сенненцаў. Многія ўжо прыступілі да рамонту сваіх дамоў-хат. Хтосьці мяняе дахавае пакрыццё, фарбуе, аздабляе сцены. Нехта мяняе агароджу. Змены наспяваюць рана ці позна. Чаму іх не зрабіць да “Дажынак”?

 Зразумела на аздобу, рамонт патрэбны сродкі. Тым, хто працуе, знайсці іх прасцей. Пенсіянерам дапамагаюць улады, арганізацыі і прадпрыемствы, на якіх яны працавалі: будаўнічымі матэрыяламі, не адмаўляюць у дапамозе былыя калегі.

— Дапамагаюць і прыватныя прадпрымальнікі, — расказаў Сяргей Галынчык, намеснік старшыні райвыканкама. – Найбольш значную дапамогу будаўнічымі матэрыяламі аказалі СФГ “Аграсэрвіс Плюс”, індывідуальныя прадпрымальнікі Фурман, Калмыкоў, Лукашкова.

Мы пацікавіліся, што рухае дзеяннямі людзей, якія маюць уласную справу, лічаць кожную капейку.

— Як не дапамагчы, калі патрэбу ў гэтым маюць мае сталыя землякі? Як не аказаць дапамогу гораду, дзе я нарадзіўся і рос, жыву сам, жывуць мае дзеці? Мне хочацца, каб наша Сянно стала больш прыгожым. Я хачу мець падставы ганарыцца ім. Магчыма нехта палічыць гэтыя словы залішне пафаснымі, але яны сказаны шчыра, — выказаўся Ігар Фурман.

Рыхтуюць да “Дажынак” прадпрымальнікі і свае аб’екты. Прыкметна змяніўся знешні выгляд магазіна “Форт” індывідуальнага прадпрымальніка Калмыкова: аздоблены фасад, добраўпарадкавана бліжэйшая тэрыторыя, у тым ліку пляцоўка, дзе пад тэнтам расстаўлены сталы, дзе можна адпачыць, ужыць набытыя прадукты.

1

Аздоба будынка, тэрыторыі вытрымана ў адным стылі з жылымі дамамі насупраць. Зараз яны капітальна рамантуюцца. Так што хутка на вуліцы Савецкай з’явіцца яшчэ адзін утульны куточак нашага Сянна.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.

Фота аўтара.