Чалавек і яго справа

Лічыцца, што сярод вадзіцеляўпрафесіяналаў найбольшай павагай карыстаюцца «дальнабойшчыкі«, тыяхто працуе на міжгародніх ці міжнародных рэйсах. Іх называюць шафёрскай элітай.

 Але ў катэгорыі работнікаў «баранкі» ёсць і іншыя, справа якіх не менш важная і патрэбная людзям. Да такіх сціплых працаўнікоў  адносіцца і Леанід Уладзіміравіч Аднарогі. Яго вадзіцельскі стаж больш за 30 гадоў, з той пары, калі скончыў аўташколу ДТСААФ па накіраванні ваенкамата. Пасля службы ў арміі хлопец з Багданава працаваў у Віцебскай эксперыментальнай гаспадарцы. Цяпер, ужо шэсць гадоў, працуе ў аўтабазе, што абслугоўвае райспажыўтаварыства.

 Няхай не можа Леанід Уладзіміравіч пахваліцца незвычайнай рамантыкай далёкіх дарог, гарадоў і краін, але яго верны ЗІЛ спраўна дастаўляе ў гандлёвыя кропкі з Віцебска, Магілёва і Крычава патрэбныя жыхарам нашага раёна  будаўнічыя матэрыялы — цэглу, блокі, шыфер.  Безаварыйнай, надзейнай работай вадзіцеля  задаволена кіраўніцтва. Дырэктар ПУП «Сенненская аўтабаза» падкрэсліў: пра Леаніда Уладзіміравіча Аднарогага  можна сказаць толькі добрыя словы.

 Расказваць сам пра сябе гэты сціплы чалавек не любіць. Але ўсё ж «прызнаўся»,  што ёсць у яго  любімы занятак у вольны час: аматар пасядзець на беразе возера з вудай, палавіць карасікаў.

Таццяна Буракова.

 На здымку: вадзіцель ПУП «Сенненская аўтабаза» Л.У. Аднарогі.