Ураджэнец Сянна трапіў у лік лепшых
Рэспубліканскі баль выпускнікоў сёлета сабраў 220 адораных прадстаўнікоў моладзі з 52 ВНУ краіны. Сярод тых, каму пашанцавала трапіць у лік лепшых, і наш зямляк — ураджэнец Сянна, выпускнік гістарычнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава Аляксандр Бараноўскі. Мы патэлефанавалі Сашу, каб павіншаваць яго і распытаць пра мерапрыемства.
— Ад Віцебшчыны на баль было дэлегіравана звыш 20 выпускнікоў, у тым ліку шасцёра чалавек прадстаўлялі ВДУ імя П.М.Машэрава. Дэлегацыю суправаджалі рэктары Полацкага дзяржуніверсітэта і Віцебскага медуніверсітэта.
Святочная праграма пачалася ля стэлы «Мінск — Горад-Герой», дзе мы ўсклалі кветкі да манумента, пасля чаго запускалі ў неба паветраныя шары і фатаграфаваліся.
Сам баль праходзіў у адміністрацыйным будынку, што знаходзіцца побач з Палацам Незалежнасці. На ўваходзе нас сустракалі прыгожа апранутыя артысты.
Безумоўна, адным з самых яркіх уражанняў стала выступленне Прэзідэнта. Так атрымалася, што я сядзеў з краю, і кіраўнік дзяржавы прайшоў каля мяне літаральна на адлегласці працягнутай рукі. Аляксандр Лукашэнка ўручыў ўзнагароды шэрагу выпускнікам і выкладчыкам.
А беларускія артысты падрыхтавалі для нас касцюмаванае шоу. У Год культуры свята прайшло ў незвычайным гістарычным фармаце. На сцэне выступілі акцёры, якія пераўвасобіліся ў прадстаўнікоў інтэлектуальнай эліты мінулых эпох — Сімяона Полацкага, Францыска Скарыны, Сафіі Слуцкай і Максіма Багдановіча. Перад імі моладзь дала клятву вернасці дзяржаве і тых ведаў, якія дапамогуць зрабіць нашу краіну яшчэ лепшай.
Варта адзначыць, што мерапрыемства — гэта не толькі ўрачыстаць, але і добрая магчымасць паразмаўляць з прадстаўнікамі вышэйшых колаў улады.
Так, напамінам пра баль для Аляксандра сталі сумесныя фота з міністрам адукацыі Міхаілам Жураўковым і міністрам культуры Барысам Святловым. А пару ў вальсе сенненцу склала сама віцэ-прэм’ер Наталля Качанава.
Хлопец упэўнены, пра такое мерапрыемства трэба расказваць і паказваць студэнтам-першакурснікам. Магчымасць патрапіць на баль можа стаць для іх добрым стымулам для паспяховай вучобы.
У скарбонцы сёлетніх дасягненняў Аляксандра не толькі чырвоны дыплом. Нядаўна з друку выйшла новая кніга маладога краязнаўцы «Яны нарадзіліся на Сенненшчыне», прысвечаная знакамітым ўраджэнцам нашага раёна. Усяго выдадзена 159 паасабонікаў. Большую частку выдаткаў па фінансаванні выдання ўзялі на сабе раённыя ўлады. Першая прэзентацыя новай кнігі намечана на верасень у абласной бібліятэцы імя У.Леніна. А вось прэзентацыю на малой радзіме малады навуковец марыць прымеркаваць да святкавання «Дажынак».
Зараз у планах Аляксандра працягнуць адукацыю на больш вышэйшай ступені і навуковую дзейнасць. А значыць, у сенненцаў будзе яшчэ нямала нагод ганарыцца сваім земляком.
Вольга БАНДАРЭВІЧ.