“Данукалава” пераходзіць на “экстра”

З камунальнага  ўнітарнага сельгаспрадпрыемства «Насенняводчы саўгас імя Данукалава» на перапрацоўку стала паступаць малако гатунку «экстра». Пакуль што зусім нямнога і толькі з адной фермы — МТФ «Рулёўшчына». Аднак мэтанакіраваная праца, у першую чаргу накіраваная на лячэнне кароў ад мастыту, працягваецца.   Спецыялісты зоаветэрынарнай службы Іван Філонаў і Пётр Праходскі ведаюць, што і як рабіць, а галоўнае  маюць падтрымку  кіраўніцтва гаспадаркі і ўсяго калектыву жывёлагадоўчай фермы на чале з брыгадзірам Вольгай Гарбуновай. Чаму?  Сакрэта тут вялікага няма. Ад якаснай прадукцыі гаспадарка атрымае больш высокі прыбытак, даяркі  —  зарплату.

 Дзеля будучай эканамічнай выгады ў гаспадарцы  пайшлі нават на часовыя  страты. Як вядома, для  лячэння мастытаў  прымяняюць антыбіётыкі, што робіць малако непрыгодным для ўжывання ў ежу, значыць і для перапрацоўкі. А таму на малаказаводсёння паступае толькі каля 60% прадукцыі, што атрымліваюць на ферме. Астатняе малако, зразумела, таксама не выліваецца  пад плот, яно выкарыстоўваецца для выпайкі цялят.

 Сяргей Пагарэльскі, дырэктар КУСГП імя Данукалава, не хавае, што павышэнне якасці малака — справа не аднаго дня. Перайсці адразу ад  першага гатунку да «экстры» не ўдасца. Але рухацца ў гэтым напрамку трэба. Гэта адзін са шляхоў для паляпшэння эканамічнай сітуацыі ў жывёлагадоўлі.

Кіраўніцтва раёна таксама не пакінула без увагі намаганні данукалаўцаў, удзячна за першыя поспехі і вельмі спадзяецца, што малака найвышэйшай якасці стане больш, што прыклад КУСГП імя Данукалава   паслужыць для пераймання іншымі гаспадаркамі. Пры мэтанакіраванай рабоце зоаветспецыялістаў і даярак атрымліваць малако гатунку «экстра» маюць магчымасць фактычна ўсе гаспадаркі.

Аляксандр Лазюк