Якімі былі пяць гадоў для Сенненшчыны, што прайшлі з часу правядзення чацвёртага народнага форуму, расказвае старшыня райвыканкама Васілій Чараднік

1Заўтра ў Мінску пачынае працу V Усебеларускі народны сход. Агульнанацыянальны форум стаў неад’емная часткай беларускай мадэлі народаўладдзя, формай дыялога паміж уладай і народам, у час якога вызначаюцца асноўныя прыярытэты развіцця эканомікі і сацыяльнай сферы.

Якімі былі пяць гадоў, што прайшлі з часу правядзення чацвёртага народнага форуму, для Сенненшчыны, расказвае старшыня раённага выканаўчага камітэта Васілій Чараднік.
— У раёне ўдалося захаваць станоўчую дынаміку развіцця асноўных галін эканомікі. Стабільна функцыянавала бюджэтная сфера: установы адукацыі, медыцыны, сацыяльнай прыналежнасці. Грамадская палітычная сітуацыя застаецца стабільнай і ўстойлівай.
Лічбы, факты
На тэрыторыі рэгіёна зарэгістравана 350 арганізацый, у тым ліку 138 суб’ектаў малога прадпрымальніцтва, 6 сярэдняга, 20 сялянскіх фермерскіх гаспадарак, а таксама 211 ІП.
У эканоміцы раёна занята 9 тысяч чалавек пры агульнай колькасці насельніцтва, па стане на 1 студзеня 2016 года, больш за 22 тыс. Яскрава ілюструе сітуацыю ў сацыяльнай сферы нараджальнасць. У 2015 годзе на свет з’явілася 233 дзіцяці, што на дзесяць больш чым у 2010 годзе. Адначасова ў гэтыя гады зніжаўся паказчык смяротнасці.
У бягучай пяцігодцы намінальная заработная плата сенненцаў вырасла ў 3 разы. На пачатак 2016 года яна складала 4,5 млн рублёў. Сярэдні памер пенсій павялічыўся ў 2,5 раза — з 1,1 млн рублёў да 2,7 млн.
Лічбы і факты
Пенсіі і дапамогі атрымоўваюць 8,9 тыс. жыхароў раёна, у тым ліку, 8,4 тыс. пенсіянераў, фактычна трэцяя частка насельніцтва.
Дэстабілізацыя на валютным рынку, іншыя негатыўныя знешнія факты прывялі да ўзрушэнняў на рынку тавараў і паслуг. Разам з тым за апошнія пяць гадоў партфель дэпазітаў фізічных асоб у банках павялічыўся больш чым удвая. Па стане на 1 студзеня 2016 года банкамі прыцягнута 120 млрд рублёў.
Дастаткова высокімі тэмпамі развіваўся народнагаспадарчы комплекс раёна. За 2011-2015 гады аб’ёмы вытворчасці прамысловай прадукцыі выраслі на 14,5%, рознічны тавараабарот — 28%, экспарт тавараў без уліку рэспубліканскіх арганізацый вырас у 5,5 раза, экспарт паслуг — 6,8. У эканоміку раёна прыцягнута 160 тыс. долараў ЗША замежных інвестыцый.
На жаль, дапушчана адставанне па валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, уводу жылля, інвестыцыях у асноўны капітал. Рэнтабельнасць у прамысловасці склала «мінус» 2%. Атрымана адмоўнае сальда па экспарту тавараў.
За апошнія гады значныя змены адбыліся ў прамысловым комплексе раёна. ААТ «Сенненскі завод САМ» ператвораны ў вытворчы цэх «Сенненскі» ААТ «Аршанскі МК», Багушэўскі спіртзавод стаў структурным падраздзяленнем РУП «Віцебскі лікёраводачны завод «Прыдзвінне».
У той жа час, за пяцігодку Багушэўскім КУПБА «Прэстыж» вытворчасць прамысловай прадукцыі павялічана у 1,6 раза. Прадпрыемства вырабляе 10% прамысловай прадукцыі раёна. За кошт уласных сродкаў і сродкаў раённага бюджэта для паляпшэння якасці прадукцыі набыта 19 адзінак абсталявання, аўтамабіль для аказання бытавых паслуг. Сёння прадукцыя «Прэстыжа» карыстаецца попытам у раёне і за яго межамі.
На долю Сенненскага РУП ЖКГ прыходзіцца 90% прамысловай прадукцыі. Вытворчасць і размеркаванне электраэнергіі, газа і вады павялічылася сёлета ў параўнанні з 2011 годам у 1,8 раза.
Не меншае значэнне для раёна мае работа Сенненскага райспажыўтаварыства. Дзякуючы яму захоўваецца стабільнасць на спажывецкім рынку, забяспечана напаўненне таварамі паўсядзённага попыту. Умацоўваецца матэрыяльнатэхнічная база. У Рыбным і Багушэўску пабудаваны 2 гандлёвыя аб’екты. Рэканструяваны ці адрамантаваны больш за 50 аб’ектаў гандлю, заменена абсталяванне на 5 прадпрыемствах грамадскага харчавання. Сума затрат склала 1,5 млрд рублёў.
Спажывецкае таварыства працягвае абслугоўваць невялікія населеныя пункты. У 240 вёсак тавары дастаўляюцца 6 аўтамагазінамі. Сярэднямесячны тавараабарот аднаго вырас з 39 млн рублёў у 2011 годзе да 190 у 2015.
Многае зроблена па ўдасканаленні сістэмы аховы і ўмацавання здароўя жыхароў Сенненшчыны. Паляпшаецца сітуацыя з медыцынскім персаналам.

За пяць гадоў у раён прыехалі 16 маладых урачоў. На капітальны і бягучы рамонт, набыццё медыцынскага абсталявання, спецаўтамабіля накіравана амаль 1 млрд 100 млн рублёў.

Адным з галоўных прыярытэтаў у сацыяльнай сферы нашага раёна з’яўляецца фарміраванне здаровага ладу жыцця. Для гэтага паэтапна ўмацоўваецца матэрыяльна-спартыўная база. На капітальны рамонт залы грэка-рымскай барацьбы патрачана 1,2 млрд рублёў. Вядзецца рэканструкцыя будынка пад базу біятлона — асвоена 2,3 млрд рублёў. Дзякуючы праекту «Родная Сторона — детям» пабудавана міні-футбольнае поле са штучным пакрыццём. Рэканструіруецца фізкультурна-спартыўны комплекс. На набыццё спартыўнага інвентару для юных біятланістаў федэрацыяй біятлона накіравана 108 млн рублёў, Дар’яй Домрачавай — 100 млн. Значная роля ў фізічным развіцці юных жыхароў раёна належыць Сенненскай СДЮШАР. У спісачным складзе нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь — 11 яе выпускнікоў. Фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работай актыўна займаецца ФСК «Алімп». 20% жыхароў раёна пастаянна займаецца фізічнай культурай.
Важныя крокі зроблены ў сістэме адукацыі. Забяспечана выкананне ўсіх нарматываў Дзяржаўных сацыяльных стандартаў. Ахоп дашкольнай адукацыяй дзяцей павялічыўся з 60 да 92%. Значна ўмацавалася матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі. Набыта 5 школьных аўтобусаў. Завершаны капітальны рамонт яслей-сада №1 у г.Сянно, рэканструяваны пад школу адміністрацыйны будынак у Багданаве. На выкананне рамонтных работ выкарыстана 11 млрд рублёў. Больш 200 млн рублёў патрачана на абнаўленне камп’ютарнай базы. Рознымі формамі арганізацыі харчавання ахоплены ўсе школьнікі.

Дзяржаўная палітыка ў сферы культуры накіравана на захаванне самабытнасці беларускага народа і нацыянальных традыцый, забеспячэнне даступнасці культурных каштоўнасцей для ўсяго насельніцтва. Музейны фонд гісторыка-краязнаўчага музея штогод папаўняецца на 100 — 110 прадметаў і складае 3,5 тыс. экспанатаў. На аснове сабраных матэрыялаў рэгіянальных вясельных абрадавых дзеянняў у 2011 годзе музейнымі работнікамі адноўлены абрад «Вяселле на Сенненскі лад». Бібліятэкі сістэмы прапаноўваюць свае паслугі, маючы кніжны фонд у 260 тыс. экзэмпляраў. Дом рамёстваў папоўніўся больш чым 50 работамі ў розных тэхніках. Калекцыя Сенненскага строю — гэта 19 сялянскіх і 3 шляхецкіх касцюмы. У дзіцячых школах мастацтваў раёна штогод займаюцца сотні навучэнцаў. Многія з іх становяцца пераможцамі, дыпламантамі розных фестываляў і конкурсаў. На аднаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры патрачана больш за 1 млрд рублёў бюджэтных і пазабюджэтных сродкаў.
Адзін з асноўных накірункаў развіцця эканомікі раёна — прыцягненне інвестыцый. За апошнія 5 гадоў на гэтыя мэты накіравана 660 млрд рублёў.
Жыллёвыя ўмовы шляхам будаўніцтва кватэр палепшылі 181 маладая сям’я, 30 шматдзетных. Пабудавана 4 шматкватэрныя жылыя дамы агульнай плошчай больш за 10 тыс. квадратных метраў. На будаўніцтва жылля выкарыстана звыш 23 млрд рублёў інвестыцый. На аднаго жыхара раёна, па стане на 1 студзеня бягучага года, прыходзіцца 39 квадратных метраў супраць 37 на пачатак 2015 года.
Значныя ўкладанні зроблены ў сельскую гаспадарку. За 5 гадоў праведзена рэканструкцыя 11 МТФ, устаноўлена 11 малакаправодаў, 8 халадзільных установак, што прыкметна павялічыла прадукцыйнасць працы аператараў машыннага даення. Уведзены ў эксплуатацыю першы пускавы комплекс МТФ «Забараўе» ААТ «Бяленева» на 800 галоў, што дазволіла павялічыць дойны статак на 196 галоў. Праведзена рэканструкцыя і ўведзена ў эксплуатацыю малочнатаварная ферма вёскі Латыгаль для беспрывязнага ўтрымання 180 кароў. Уведзена ў эксплуатацыю 8 арачных збудаванняў, дзе ў належных умовах утрымліваецца 1500 галоў цялушак. Праведзена рэканструкцыя памяшканняў для ўтрымання пагалоўя цялушак у саўгасе імя Машэрава, ААТ «Сянягорскае», Белая Ліпа», «Бяленева», «Сенненскі райаграсэрвіс». Набывалася абсталяванне, будаваліся прафілакторыі для цялят-малочнікаў. За 5 гадоў набыта 33 кормараздатчыкі, 100 клетак-домікаў для ўтрымання цялят прафілакторнага перыяду.
Асноўнымі накірункамі павелічэння вытворчасці валавай прадукцыі на будучую пяцігодку з’яўляюцца павелічэнне колькасці буйной рагатай жывёлы, будаўніцтва і рэканструкцыя жывёлаводчых памяшканняў ва УП «Дружбінец» з абуладкаваннем даільнай залы, выхад на праектную магутнасць МТФ «Забараўе», ААТ «Бяленева», дзе будзе ўтрымлівацца 800 галоў жывёлы. Павелічэнню надояў, павышэнню прываг на вырошчванні БРЖ будзе садзейнічаць паляпшэнне якасці кармоў, выкарыстанне шматкампанентных пашаў.

Не застаецца без увагі моладзь. Аддзелам адукацыі спорта і турызму райвыканкама складзена база даных адораных навучэнцаў, у якой прадстаўлена больш за 400 чалавек. У Рэспубліканскі банк даных «Адораныя навучэнцы» ў 2013 годзе ўключана Вікторыя Падалінская , студэнтка 3 курса ВГУ імя Машэрава па спецыяльнасці «правазнаўства», у 2015 — Аляксей Кіслякоў, студэнт І курса БДУ па спецыяльнасці «гісторыя», выпускнікі СШ №2 і №1 г.Сянно адпаведна.
Падзеяй у культурным жыцці раёна стала выданне кнігі маладога сенненскага краязнаўца Аляксандра Бараноўскага «Полымя (Беліца): гісторыя маёнтка і вёскі». Трыумфальна завяршыла леташні спартыўны сезон каманда сенненскіх футбалістаў, заваяваўшы Кубак вобласці і чэмпіёнскі тытул. На кірмашы працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2015» у Талачыне ў чарговы раз ушаноўвалі вытворчыя дасягненні моладзевых экіпажаў ВДМС Аляксея Гарбачова і Уладзіміра Васілёнка, Барыса Гарнака і Аляксандра Кудраўцава. Яны сталі пераможцамі абласнога спаборніцтва. Аляксандр Сухвал, вадзіцель ААТ Сенненскі райаграсэрвіс, заняў першае месца сярод маладых вадзіцелей вобласці.

Наперадзе ўсіх нас чакае яшчэ больш адказная работа. 2016 год, па словах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, стане сур’ёзным экзаменам для ўсіх галін улады і ўпраўленчых структур. Наперадзе парламенцкія выбары — важнае палітычнае мерапрыемства, якое стане чарговай праверкай палітычнай культуры грамадства. Трэцяя асаблівасць 2016 года — ён аб’яўлены годам культуры, якая павінна адыгрываць больш актыўную ролю ў аб’яднанні народа вакол стваральных мэт, высокіх маральных прынцыпаў і векавых традыцый. Толькі аб’яднаўшыся, толькі вызначыўшы агульную мэту, улада і грамадства змогуць пераадолець любыя негатыўныя з’явы і праблемы.