Працоўная моладзь Сенненшчыны прыняла ўдзел у раённым турзлёце

1+Турзлёт — гэта выдатная альтэрнатыва гарадскім будням. Адарвацца ад працы, штодзённай мітусні і пажыць пару дзянькоў на ўлонні прыроды… Хто з нас пра гэта не марыць? Вось і сёлета актыўная працоўная моладзь Сенненшчыны адправілася ў Багданаўскі бор, які ўжо не першы год вітае турыстаў.
Памяняць хатні камфорт на жыццё ў палатцы ды яшчэ праверыць свае фізічныя і творчыя здольнасці ў шматлікіх конкурсах на гэты раз рызыкнулі 9 каманд.
Сёлета да спрактыкаваных у турыстычнай справе работнікаў райспажыўтаварыства, ДЛГУ «Багушэўскі лясгас», УЗ «Сенненская ЦРБ», РУП ЖКГ, індывідуальных прадпрымальнікаў далучыліся дэбютанты — каманды райвыканкама, прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Сенненскім раёне, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, Багушэўскага спіртзавода.
Выпрабаванне чакала маладых турыстаў у першы ж дзень. Стартаваў турзлёт са спаборніцтва па арыентаванні на мясцовасці па азімуце. Лепшы вынік у ім паказала каманда Багушэўскага лясгаса.
Найбольш цяжкі і разам з тым захапляльны этап выдаўся на другі дзень злёту. Паласа перашкод, якую давялося пераадольваць удзельнікам, уключала пераправы па бервяне і паралельных вяроўках, брод, маятнік, гаць, транспарціроўку «пацярпелага». Акрамя гэтага, каманды памераліся сіламі ў трыятлоне. У гэтых спаборніцтвах мацнейшымі сталі прадстаўнікі РАНС.
Самых разумных сабраў турнір інтэлектуалаў. Ён быў прысвечаны Году культуры.
Падчас новага конкурсу «Стравы нацыянальнай кухні» нельга не адзначыць каманду Сенненскага райспажыўтаварыства, якая зрабіла арыгінальную, касцюмаваную абарону свайго «шэдэўра кулінарыі» па матывах савецкай кінастужкі «Каўказская нявольніца».
Кожная каманда прывезла з сабой паходную насценгазету. Асобна ацэньваўся і быт палатачнага лагера.
За тры дні турзлёту яго ўдзельнікі настолькі звыкліся і пасябравалі паміж сабой, што вяртацца дамоў зусім не хацелі. Незабыўнымі сталі вечары адпачынку ля вогнішча з песнямі пад гітару, начной дыскатэкай. Нават не па-летняму прахалоднае надвор’е не сапсавала настрой.
Па выніках усіх этапаў першае месца ў раённым турзлеце заваявала каманда райспажыўтаварыства, другое — у Багушэўскага лясгаса. «Бронза» — у навічкоў з РАНС. Каманды, якія вылучыліся ў розных конкурсах, а таксама прызёры ў агульнакамандным заліку, адзначаны дыпломамі, пераможца — кубкам.
Атмасферу турзлёту да канца немагчыма перадаць словамі. На ім абавязкова трэба пабываць і перажыць яго цудоўныя імгненні!

Ірына ХАСАНАВА.